Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат патрабуе крымінальнай адказнасьці чыноўнікаў


Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе №21, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся ў Гарадоцкі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам па інфармацыю, неабходную для правядзеньня выбарчай кампаніі.


Ён хоча мець пэўныя статыстычныя зьвесткі, каб грунтоўна й дакладна адказваць на пытаньні выбаршчыкаў – у прыватнасьці тых, якія тычацца фінансаваньня дзяржаўных структур. Аднак адказу ад чыноўнікаў спадар Аўтухоў не атрымаў, і лічыць гэта парушэньнем заканадаўства.

-- Выбаршчыкі пытаюцца, адкуль узяўся “джып” у старшыні райвыканкаму – апошняй мадэлі, кошт якога
...адкуль узяўся “джып” у старшыні райвыканкаму? ...
складае ад 30-ці тысяч даляраў. У будынку райвыканкаму нядаўна зрабілі шыкоўны рамонт, замянілі мэблю, аргтэхніку. Колькі гэта каштуе і адкуль грошы? Каб мне мець зьвесткі і адказваць на пытаньні выбаршчыкаў, я даслаў запыт у райвыканкам. Адтуль зусім не далі адказу. І я зьвярнуўся ў Гарадоцкую пракуратуру з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу за гэтыя дзеяньні.

Паводле Леаніда Аўтухова, пракуратура мусіла б распачаць крымінальную справу ў адпаведнасьці з артыкулам 192 Крымінальнага Кодэксу РБ -- супраць службовых асобаў, якія перашкаджаюць рэалізацыі ягонага права быць свабодна абраным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Бо артыкул 74 Выбарчага кодэксу абавязвае дзяржаўныя органы забясьпечваць кандыдатаў у дэпутаты неабходнымі даведачнымі і інфармацыйнымі матэрыяламі.

Пакуль апазыцыйны кандыдат яшчэ чакае адказаў на свае пытаньні і зь Віцебскага аблвыканкаму. Яго і ягоных выбаршчыкаў цікавіць дзейнасьць на тэрыторыі Віцебскай вобласьці кампаніі “Лукойл-Беларусь, і ў прыватнасьці, колькі бюджэтных арганізацый і дзяржаўных прадпрыемстваў карыстаюцца паслугамі гэтай сеткі АЗС дзеля запраўкі палівам свайго аўтатранспартнага парку. Калі своечасовы адказ атрыманы ня будзе, Леанід Аўтухоў мае намер напісаць заяву ўжо ў абласную пракуратуру. У Цэнтрвыбаркам пісьмовае патрабаваньне забясьпечыць роўныя прававыя умовы для прадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў пры атрыманьні імі неабходных інфармацыйных матэрыялаў ад органаў дзяржаўнай улады ён ужо даслаў.



XS
SM
MD
LG