Ці могуць улады гарантаваць бясьпеку падчас масавых мерапрыемстваў? Ці ня варта зьменшыць маштаб сьвяткаваньня, улічваючы тое, што падчас падчас адзначэньня Дня Незалежнасьці 3 ліпеня адбыўся выбух?
На гэтыя пытаньні адказвае генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.
Цыганкоў: “Зараз, калі рыхтуюцца і Дажынкі і Дзень гораду, на што варта зьвярнуць асаблівую ўвагу? Можна нагадаць, што выбух, сьледзтва па якім усё яшчэ працягвацца, адбыўся менавіта падчас масавага сьвята, у ноч з 3 да 4 ліпеня”.
Грыб: “Асноўную ўвагу трэба надаць пытаньню бясьпекі людзей. Гэта зьвязана з тым, што злачынства, якое было ўчыненая 3-4 ліпеня, дагэтуль не раскрытае. А гэта азначае, што людзі, якое яго ўчынілі, знаходзяцца на волі. Мы ня ведаем – можа, яны таксама рыхтуюцца да сьвята? Таму трэба прымаць самыя сур’ёзныя захады за забесьпячэньню аховы парадку
Мерапрыемстваў будзе шмат, і яны праводзяцца ў такіх месцах (паркі, сквэры), дзе цяжка пракантраляваць кожнага гледача, удзельнікі. Там няма дзьвярэй, сьценаў – усё адчынена. Я чуў, што будуць неяк агароджваць пераноснымі турнікетамі, усталёўваць вышукальныя прыстасаваньні, і прапускаць людзей праз гэтыя “вышукальнікі” – каб ніхто нічога не пранёс. Але ці магчыма гэта практычна зьдзейсьніць ва ўсіх месцах – я ня ведаю”.
Цыганкоў: “З улікам таго, што вы сказалі – ці ня варта было б разгледзець пытаньне аб нейкім меншым маштабе сьвята гораду – больш сьціплым і бясьпечным?”
Грыб: “Я думаю, гэта не такая простая рэч, як здаецца на першым погляд. Калі аб’явіць сьвята і скараціць месцы яго правядзеньня – дык на гэтае адно месца можа прыйсьці значна больш людзей. Ня ўсё тут залежыць ад улады. Тут жа білетаў няма, запрашэньняў няма – хто пажадае, можа прыйсьці. Нават у адным месцы можа ўтварыцца натоўп, ня кажучы ўжо пра некалькі. Нават не ўяўляю, калі б мне давялося гэта рабіць, -- як можна правесьці гэтае мерапрыемства ў “меншых памерах”
Цыганкоў: “А ці не варта было ўвогуле адмяніць сьвята?”
Грыб: “Не сьвяткаваць з-за таго, што “можа нешта здарыцца” – на гэта ўлада ніколі ня пойдзе. Улада падкрэсьлівае, што яна моцная і можа забясьпечыць ахову і парадак. Прызнаць, што яна ня можа гэта зрабіць – на гэта яна ня пойдзе”