Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартны тавар будзе абвешчаны па-за законам?


Калі пастанова Міністэрства эканомікі № 179, якая абмяжоўвае гандлёвую надбаўку на імпартныя тавары 30 адсоткамі, ня будзе адкарэктаваная цягам заўтрашняга дня, гэта азначае адно — дакумэнт набудзе моц у суботу, праз 10 дзён ад моманту яго надрукаваньня ў дзяржаўных СМІ. Як сустракаюць пэрспэктыву такіх новаўводзінаў бізнэсоўцы, якіх найперш закране гэтая навіна ў заканадаўстве?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, імпарт у Беларусі займае каля 15% на рынку харчовых тавараў і больш за 30% у прамысловым сэктары. Аднак, сыходзяцца ў меркаваньні пастаўшчыкі замежнай прадукцыі, у Міністэрстве эканомікі вырашылі, што гэта завялікія прапорцыі, якія толькі шкодзяць неканкурэнтаздольным мясцовым вытворцам.

А таму неўзабаве іх дзейнасьць могуць загнаць у новыя жорсткія рамкі. Вось што наконт гэтага кажа Андрэй Сіняўскі, адзін з уладальнікаў буйной менскай фірмы — імпартэра алькагольных напояў, кандытарскіх вырабаў, бытавой тэхнікі:

“Да сёньня заставаліся тры варыянты разьвіцьця падзеяў: імпартэрам пакінуць 20%, раздробнаму гандлю даць 30%. Другі варыянт, што да гэтай пастановы будзе ўведзены сьпіс тавараў, для якіх яна дзейнічае. І трэці варыянт, які ўжо становіцца найбольш актуальным, што ніхто нічога ня зьменіць і будзе дакумэнт прыняты ў такім, то бок ранейшым, выглядзе”.

Карэспандэнт: “Дык гэта варыянт найгоршы — калі застанецца 30% надбаўкі на ўвесь ланцужок пастаўшчыкоў?”

“У прынцыпе тавар з розьнічнага гандлю зьнікне. Таму што калі ён там будзе знаходзіцца, гэта будзе аўтаматычна азначаць: імпартэр груба крадзе грошы ў дзяржавы, займаецца “хіміяй”, адмываючы сродкі за мяжой. За тыя грошы, што яму застануцца, прыкладам, на суму 10-працэнтнай надбаўкі, ён не пакрые нават свае выдаткі. То бок па імпарце калі тавар нейкі і застанецца, то гэта ці старыя запасы, ці імпартэр заклаў усё за мяжой і сваю маржу дастае там. Інакш проста ня можа быць.

Дый падлічыце: раздробны гандаль менш чым за 20% працаваць ня будзе. Імпартэр на 10% не выжыве. Так, яны хочуць усё гэта выраўняць зь беларускім таварам, але ж у імпартэра выдаткі іншыя — тэлефанаваньні за мяжу, сэртыфікацыя іншая, камандзіровачныя выдаткі за мяжу, у той жа Кітай усе лятаюць. Ня ўсе ж выдаткі закладзеш у кошт? Карацей, трэба чагосьці дачакацца, але, прыкладам, мы па-любому, так ці інакш, з раздробным гандлем працаваць ня будзем. Хіба толькі пад замову вазіць”.

Трывогу прадпрымальніцкіх саюзаў і арганізацый з нагоды небясспрэчнай ініцыятывы Міністэрства эканомікі падзялілі нават Міністэрства гандлю і дзяржаўнае аб’яднаньне Белкаапсаюз. Яны зьвярнуліся ў ведамства з просьбай перагледзець сваё рашэньне або прынамсі адтэрмінаваць непазьбежны каляпс у сваім сэктары эканомікі.

Увесь сёньняшні дзень зацікаўленыя юрыдычныя асобы і фізычныя пастаўшчыкі замежнай прадукцыі чакалі, што іх актыўнасьць паўзьдзейнічае на ініцыятараў новай палітыкі ў галіне імпарту. Аднак намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч толькі даў зразумець, што сама па сабе пастанова скасаваная ня будзе. Магчыма, што справа дойдзе толькі да нязначнага карэктаваньня дакумэнту.

Разам з тым імпартэры канстатуюць, што з такім неакрэсьленым падыходам можна адлічваць апошнія дні існаваньня для тых, хто дагэтуль займаўся завозам сярэдніх і невялікіх партый тавару. Гаворыць Яраслаў Жытнік, кіраўнік фірмы, якая пастаўляе на беларускі рынак мыючыя сродкі замежных вытворцаў:

“У мяне невялікае прадпрыемства, і як нейкі сэгмэнт штосьці з Расеі яшчэ пастаўляць змагу. Буду пры гэтым накручваць 20%. То бок раней мог 30%, а цяпер толькі 20.

Справа ў тым, што калі напаўненьне вялікае, то выгадна можа быць і 10%, і нават 5%. А калі маленькае, то танную прадукцыю вазіць будзе нявыгадна. А дарагую — чаму не? Калі браць на 100 мільёнаў рублёў тавар — гэта адна справа. А калі браць усяго на 2—3 мільёны, зь якіх 200 тысяч зьядуць транспартныя выдаткі, то гэта зусім іншае. На маю думку, вельмі істотна будзе прасейвацца, адфільтроўвацца ўвесь гурт. Іншымі словамі, будзе сэнс працаваць тым, у каго вялікія кантракты. А я, прыкладам, калі вазіў невялікія партыі на 2—3 мільёны рублёў, то зараз ужо вазіць ня буду. Буйныя фірмы, напэўна, застануцца, а такія, як мая, дробныя, будуць паступова забівацца. Усё да гэтага ідзе, па-іншаму ніяк не атрымліваецца”.

XS
SM
MD
LG