Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўны Пушкін стварае мазаіку ў касьцёле


Мастак Алесь Пушкін пасьля неадназначнага досьведу з росьпісам праваслаўнай царквы ў Бабры знайшоў паразуменьне з каталіцкім касьцёлам. На замову пробашча Ігара Лашука ў менскім мікрараёне Серабранка ён ужо амаль выклаў на франтоне капліцы побач з касьцёлам, які ў Менску будуецца ўпершыню за апошнія сто гадоў, мазаіку з выявай сьвятога Яна Хрысьціцеля. Адным зь першых працу пабачыў наш карэспандэнт.


Алесь Пушкін прызнаецца, што выбіўся з тэрміну больш як на два тыдні — ніяк не ўдавалася за дзень выкладаць каменьчыкамі больш за квадратны дэцымэтар. Аднак да канца тыдня ён мяркуе цалкам завяршыць выяву сьвятога Яна Хрысьціцеля. Сёньня адзін з самых адказных этапаў — накладаньне на аблямоўку сусальнага золата. У наступныя дні мастак будзе даводзіць да ладу ўсю мазаіку. Калі прыбяруць рыштаваньні, адбудзецца асьвячэньне і малітва падзякі — “каб сілы пякельныя не адолелі”:

“Мазаіка была мной прыдуманая ў бізантыйскім стылі з грэцкімі надпісамі (улічваў яшчэ тое, што тут вядуць па нядзелях набажэнствы грэка-каталікі). Ян Хрысьціцель — гэта цудоўны вобраз у хрысьціянстве. Гэта першы сьвяты-прарок, які жыў у пустэльні, накрываўся вярблюджай поўсьцю і воўнай, еў саранчу (жамяру) і дзікі мёд. Ён хрысьціў Госпада нашага Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдане.

Я ўзяў канон бізантыйскага пляну: ён трымае залатую чашу, у гэтай чашы на чырвоным тле ляжыць маленькі Хрыстос, дабраслаўляючы правай рукой. Хрысьціцель строгі, але на твары яго зьдзіўленьне. Дарэчы, вельмі цяжка мне было перадаць мазаікай твар, эмоцыі, бо гэта зусім ня тое, што пэндзаль. Настолькі карпатлівая і цяжкая праца, асабліва выкласьці каменьчыкамі выраз твару — зьдзіўленьне перад будучым мэсіяй. Але многіх людзей апытваў: ці бачыце зьдзіўленьне на твары Яна Хрысьціцеля, багавейлівасьць перад маленькім Хрыстом? І шмат хто адказвае: так, усё гэта адчуваецца”.

Адноўлены абраз

Гэта ня першая праца Алеся Пушкіна для капліцы Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Супрацоўніцтва пачалося ад тых часоў, калі пробашч Ігар Лашук намагаўся вярнуць вернікам касьцёл у Раўбічах. Тады паўстала неабходнасьць аднавіць Маці Боскую Раўбіцкую — гістарычны абраз памерам усяго 18х24 сантымэтры, напісаны на медзі, які рыцары насілі пад латамі. У 2001 годзе эскіз блаславіў тагачасны біскуп Кірыл Клімовіч, абраз быў выкананы, асьвечаны, але касьцёл улады не аддалі. У той жа час архітэктар Аляксей Яроменка праектаваў каплічку Яна Хрысьціцеля, дзе пасьля знайшоў прытулак і пашану абраз, аздоблены каштоўнымі камянямі і ювэлірнымі ўпрыгожаньнямі.

Яшчэ адна праца Пушкіна ў капліцы — вітраж з двума анёламі ў алтарным акне. А сёлета, падчас прыезду ў Беларусь кардынала Тарчызыё Бэртонэ, у пробашча высьпела задума рымскай мазаікі сьвятога Яна Хрысьціцеля ў нішы на фасадзе касьцёлу.

Як кажа Алесь Пушкін, за працу ён узяўся захоплена, бо атрымаў свабоду ў рэалізацыі сваёй задумы. Ён перакананы, што каталіцкі касьцёл так ці інакш рухаецца ў нагу з часам. А вось у праваслаўнай царкве, на яго перакананьне, няма разуменьня свабоды творчасьці, а ўсё грунтуецца на выкананьні тысячагадовых канонаў. І ў гэтым мастак таксама пераканаўся на ўласным досьведзе.

Палітычнае пекла

Больш за дзесяць гадоў таму праваслаўны паводле веравызнаньня Алесь Пушкін узяўся расьпісваць унутраныя сьцены царквы ў Бабры. Эскіз быў ухвалены ў 1995 годзе, на ім былі фігуркі бяз твараў, дакладней, “схема” разьмяшчэньня грэшнікаў у пекле і праведнікаў у раі.

Але, як кажа мастак, ён заўсёды намагаецца зрабіць, каб у творах адбілася цяперашняя эпоха. Калі ў 1996 годзе былі першыя выпадкі сілавога разгону акцый апанэнтаў улады, рука, як ён кажа, сама намалявала сярод грэшнікаў, якія не баяцца зямнога суду, постаці, падобныя да Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня, і амапаўцаў на чале з палкоўнікам Паўлічэнкам. Сярод іншых быў і мітрапаліт Філарэт, які не асудзіў ужываньне сілы супраць мірных людзей. Бацюшка калі ўбачыў фрэску, натуральна, ледзь ня страціў прытомнасьць. Урэшце выяву давялося затушаваць — сьцяна пацямнела, і відаць былі толькі абрысы над пеклам. Але пакуль разьбіралі рыштаваньні, сьцяна высахла і антыгероі зноў “павылазілі”:

“Прайшло столькі гадоў і, хачу вам сказаць, ніколі не шкадую, што зрабіў гэта. Няхай гэтае “дзерзнавеньне” было не па мне, бо я звычайны мастак, не судзьдзя, не пракурор, каб вырашаць ступень вінаватасьці за дзяржаўныя злачынствы. Але ёсьць факт русыфікацыі, ёсьць факт зьнікненьня людзей, ёсьць факт парушэньня прысягі — кляўся пад гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белым сьцягам, а цяпер усё інакш. Гэтых фактаў дастаткова, каб адказны за ўсю дзяржаву чалавек стаяў на Божым судзе”.

Карэспандэнт: “Ці праўда, што зь “пеклам” у Бабры змагаўся асабіста мітрапаліт Філарэт?”

Пушкін: “4 сакавіка 2005 году сакратар Менскай япархіі протаярэй Мікалай Коржыч з двума невядомымі мне дагэтуль мастакамі прыехаў у Бобр на машыне, зь лесьвіцамі, з усімі інструмэнтамі, загадалі сьвятару адкрыць храм і ўсё зафарбавалі. І толькі 22 траўня 2005 году храм наведаў мітрапаліт Філарэт і асьвяціў яго. Ён стаў сапраўдным кананічным дзейным храмам. Дагэтуль, ад моманту напісаньня фрэскі ў 1996 годзе і да 2005 году, ён таксама быў дзейным храмам, але не ў рэестры храмаў Рускай праваслаўнай царквы на Беларусі. Не маглі асьвяціць з-за гэтай фрэскі”.

На месцы пушкінскага пекла паўстаў праваслаўны канон XVI стагодзьдзя “Судны дзень”. Паказальна, што ўсялякія здымкі гэтай фрэскі забароненыя — відавочна, каб не паўсталі аналёгіі з тым, што хаваецца пад новай фарбай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG