Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прамова Сержука Салаша на судзе з вэртыкальнікамі Барысава


Учора суд вынес яму прысуд: вінаваты ў паклёпе на прадстаўнікоў улады і мусіць выплаціць штраф у 25 базавых велічынь.


Друкуем тэкст без рэдакцыйных правак

Шаноўная грамада!

Мне вельмі прыемна зараз знаходзіцца ў статусе абвінавачанага па справе аб г.зв. “паклёпе” супраць сакратаркі Барысаўскай акруговай выбарчай камісіі Тацяны Стасавай і намесьніцы старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціны Шутко. Калі супраць мяне распачынаюць справу такія асобы, я раблю для сябе, перакананага апанэнта рэжыму, выснову: я знаходжуся на слушным шляху і гатовы адстойваць сваю правату — не, ня перад імі, бо гэта бессэнсоўна. Я гатовы адстойваць сваю правату перад жыхарамі Барысава. І я гэта змагу зрабіць, нягледзячы на тое, які вырак сёньня прыме суд.

Хачу заявіць, што гэты працэс не грамадзянскі. Гэта працэс цалкам палітычны і ён будзе мець шырокі розгалас як у Барысаве, Беларусі, так і па-за межамі.

Ці выказваў (распаўсюджваў) я, як сьцьвярджаюць Стасава і Шутко, “заведомо ложные, позорящие гражданок измышления, а именно обозвал их “фальсификаторами выборов”? Не. Я не распаўсюджваў ілжывых і ганебных домыслаў.

Падаючы заяву супраць мяне, быццам бы скрыўджаныя Стасава і Шутко спасылаюцца на супрацоўнікаў Барысаўскага райвыканкама сп.Малеіна, галоўнага спэцыяліста аддзелу адукацыі Барысаўскага райвыканкама, і спн.Данскую, спэцыяліста ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Барысаўскага райвыканкама, якія былі сьведкамі гэтага выказваньня. Дзіўна, але ў Барысаве знайшліся чатыры асобы, якія ўмеюць чытаць прыватныя думкі і інтэрпрэтаваць іх на свой капыл. Ці не для гэтага выпадку існуе выдатная народная мудрасьць — на злодзею і шапка гарыць? Мая прысутнасьць у якасьці патэнцыйнага кандыдата на выбарах у Барысаве — гэта быццам бы чырвоная ануча для быка, які атайбаваўся щ Барысаўскім выканкаме. Чаго толькі са мной не выраблялі і кім толькі мяне не выстаўлялі Стасава і Шутко, пачынаючы ад 2003 году.

Пакрыўджаныя выдатна ведаюць, што ў прыёмнай старшыні Барысаўскага райсавета Бараньніка знаходзіліся ня толькі працаўнікі райвыканкама, а таксама людзі, якія ніякага дачыненьня да таго райвыканкама ня маюць і маюць цалкам адрозны пункт гледжаньня на сытуацыю. Гэта, напрыклад, лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, журналіст Арцём Лява, юрысконсульт газэты “Барысаўскія навіны” Алег Мацкевіч. Чаму ў якасьці сьведак былі запрошаныя Малеін і Данская, супрацоўнікі Барысаўскага райвыканкама, асобы, наўпрост падпарадкаваныя намесьніцы старшыні Барысаўскага райвыканкама спн.Шутко? Тут я ўгледжваю загадзя сплянаваную змову супраць мяне з мэтай перашкодзіць мне ў правядзеньні маёй выбарчай кампаніі. Сам факт таго, што я выклікаўся ў Барысаўскі РАУС 18 жніўня а 10-й раніцы для дачы паказаньняў — у апошні дзень падачы подпісаў і дакумантаў на рэгістрацыю кандыдатам — вельмі красамоўны. Мне папросту маглі перашкодзіць ажыцьцявіць гэтую працэдуру ў прапісаныя законам тэрміны.

Увогуле, я не разумею як Стасавай і Шутко дагэтуль дазваляюць узначальваць выбарчыя камісіі ці зьяўляцца сакратарамі камісіяў? Падобныя пасады павінны займаць крыштальна чыстыя, сумленныя людзі. Толькі ў гэтым выпадку ў мяне як выбарніка, як неаднаразовага прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты розных узроўняў, як апанэнта існага рэжыму ня будзе ані каліва сумневаў у тым, што выбарчы працэс у Барысаве празрысты, да кандыдатаў няма перадузятасьці і падлік галасоў адбываецца сумленна. Я не давяраю Стасавай і Шутко, бо гэтыя асобы заплямілі сябе няшчырасьцю, прыхоўваньнем інфармацыі, зьвязанай з выбарамі, ціскам на барысаўскіх выбарнікаў. Таму з поўным маральным правам я магу даць ацэнку іх дзейнасьці ў выбарчых камісіях як неадпаведнай закону. Іх дзейнасьць адпавядае правілу: рука руку мые.

На чым грунтуецца маё меркаваньне пра несумленнасьць гэтых асобаў, пра тое, што яны валюнтарысцкімі захадамі ўплываюць на ход і вынікі выбараў у Барысаве? Мае меркаваньні грунтуюцца выключна на фактах:

— У 2003 годзе я балятаваўся ў Барысаўскі гарадзкі савет дэпутатаў. Сакратаркай гарадзкой камісіі была Стасава, старшынёй Шутко. Я ня быў зарэгістраваны кандыдатам па той прычыне, што частка маіх подпісаў гэтымі асобамі была прызнаная несапраўднымі. Стасава адмовіла мне ў прадстаўленьні матар’ялаў праверкі маіх подпісаў. Між тым, згодна з часткай першай артыкулу 13 Выбарчага кодэксу РБ, падрыхтоўка і правядзеньне выбараў ажыцьцяўляюцца адкрыта і галосна. Мне давялося паўторна абыйсьці ўсіх выбарнікаў і ўзяць зь іх расьпіскі ў тым, што яны сапраўды падпісваліся пад маім вылучэньнем і дату подпісу ставілі ўласнаручна. Прычым расьпіскі ўласнаручна напісалі ўсе выбарнікі без выключэньня. Падчас абыходу я высьветліў, што Стасава папярэдне рабіла таксама абыход маіх выбарнікаў, спрабавала пераканаць частку зь іх адмовіцца ад подпісаў у маю падтрымку. Калі гэтага зрабіць не атрымалася, быў выкарыстаны пачварны мэтад — людзям прапаноўвалася расьпісацца на чыстым аркушы паперы з тым, каб далей дадрукаваць зьверху свой тэкст, у якім сьцьвярджалася, што выбарнік ставіў дату не ўласнаручна. З гэтай пазыцыяй я і выбарнікі зьвярнуліся ў суд. Мы праглі дамагчыся праўды. Мы як адзін стаялі на сваім, спрабавалі даказаць, што Стасава і Шутко парушылі частку 1 артыкулу 49 Выбарчага кодэксу, т.б. зьдзейсьнілі як мінімум падлог дакумэнтаў. На жаль, Менскі абласны суд прыняў цалкам незразумелае для людзей рашэньне на карысьць Стасавай і Шутко. Людзі сустрэлі вырак таго суду саркастычнымі аплядысмэнтамі. Пасьля гэтага мне стала ясна, што сумленных выбараў у Барысаве ня будзе і што зь сябе ўяўляюць Стасава і Шутко. Я лічу, што на зыход тых выбараў на маёй акрузе паўплывалі валюнтарысцкія захады Стасавай і Шутко, бо выбарнікам не дазволілі за мяне прагаласаваць. Пасьля ўсіх тых судовых пэрыпэтыяў гэтыя дзьве асобы прыхавалі на мяне злосьць і спрабавалі пры нагодзе адпомсьціць. Матар’ялы гэтай справы павінны знаходзіцца ў архіве Менскага абласнога суду і зь імі можна азнаёміцца;

— У 2004 годзе ў Барысаве адбываліся выбары двух узроўняў. Парлямэнцкія і давыбары ў гарсавет. Сакратаркай акруговай камісіі была Стасава, старшынёй гарадзкой камісіі была Шутко. На гэты раз не была зарэгістраваная мая ініцыятыўная група, якая налічвала 80 чалавек. Ізноў Стасава скарысталася валюнтарысцкім падыходам да выкананьня сваіх абавязкаў. Ізноў яна пайшла па кватэрах і змусіла члена маёй ініцыятыўнай групы Тамару Садчанку адмовіцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе. Калі я запатрабаваў, каб Стасава назвала імя гэтага чалавека, яна адмовілася. У гэтым выпадку Стасава зноў парушыла прынцып адкрытасьці і галоснасьці выбараў, зафіксаваны ў артыкуле 13 Выбарчага кодэксу. Мне ў чарговы раз давялося высьветляць самастойна акалічнасьці гэтай цёмнай справы. Высьветлілася, што жанчына вымушаная была падпісаць загадзя ўжо аддрукаваную ў выбарчай камісіі заяву аб выхадзе з маёй ініцыятыўнай групы. У той момант у Садчанкі быў гіпэртанічны крыз, і, падпісваючы Стасавай заяву, яна была ўпэўненая, што падпісвае якраз наадварот — сваё пацьверджаньне ўдзелу ў маёй групе. Пазьней Садчанка ўласнаручна напісала заяву, што пацьвярджае ўдзел у маёй групе. Дзеяньні Стасавай, на маю думку, гэта ня што іншае, як спроба шляхам падману зашкодзіць зьдзяйсьненьню грамадзянамі РБ свайго права на ўдзел у выбарах (адказнасьць па арт. 49 Выбарчага кодэксу). Лічу, што Стасава перавысіла свае паўнамоцтвы, тым самым паўплываўшы на зыход парлямэнцкіх выбараў у Барысаве. Матар’ялы гэтай справы павінны знаходзіцца ў архіве Цэнтральнай выбарчай камісіі, і зь імі можна азнаёміцца;

— У тым самым 2004 годзе я балятаваўся таксама на давыбарах у Барысаўскі гарадзкі савет. На маю думку, старшыня Барысаўскай гарадзкой выбарчай камісіі Валянціна Шутко сьвядома супраціўлялася майму ўдзелу ў давыбарах. Яна падала ілжывую заяву ў Барысаўскую пракуратуру аб тым, што я ёй пагражаў фізычнай расправай. Я быў за адзін крок ад абвінавачваньня мяне ў крымінальным злачынстве. Факт гэты не знайшоў свайго пацьверджаньня, бо факту гэтага папросту не было, ён быў прымроены спн.Шутко. Аднак да мяне дамоў ня раз завітвалі нарады міліцыі, я вымушаны быў губляць свой кандыдацкі час, даючы тлумачэньні ў Барысаўскай пракуратуры. Лічу, што Шутко падманным чынам хацела прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасьці, сьвядома перашкаджала мне ў правядзеньні маёй перадвыбарчай кампаніі, тым самым паўплываўшы на зыход выбараў. Такія дзеяньні сп. Шутко ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства — частка 2 артыкулу 49 Выбарчага кодэксу, паводле якога да адказнасьці прыцягваюцца асобы, якія распаўсюджвалі загадзя ілжывыя зьвесткі пра кандыдата ў дэпутаты. Матар’ялы гэтай справы павінны знаходзіцца ў архіве Барысаўскай пракуратуры, і зь імі можна азнаёміцца;

— У 2007 годзе ў Барысаве адбываліся выбары ў Барысаўскі райсавет і Менскі абласны савет дэпутатаў. Пэўны час у працоўным кабінэце Шутко, якая балятавалася ў Менаблсавет, знаходзілася выбарчая камісія, сакратаром якой была Стасава. Я лічу гэта абсалютна недапушчальнай практыкай. Лічу гэта яскравым пацьверджаньнем тэзы аб тым, што рука руку мые. Упэўнены, калі ў адным кабінэце засядае выбарчая камісія і будучы кандыдат — гэта ёсьць прыдатнай глебай для выбарчых махінацыяў і фальсыфікацыяў. Якой незалежнасьці можна чакаць ад такой выбарчай камісіі? Пры ўсім пры тым, што я выстаўляў кандыдатуру супраць Шутко на тых выбарах.

Ведаеце, я прызвычаіўся давяраць публікацыям у афіцыйна зарэгістраванай прэсе. І асабліва давяраць тым публікацыям, якія не абвяргаліся. Я падняў падшыўку “Барысаўскіх навінаў” за 2004 год. У гэтым годзе, нагадаю, праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў, рэфэрэндум і давыбары ў гарсавет. Сакратаром акруговай выбарчай камісіі была Стасава, старшынёй гарадзкой камісіі Шутко. Гэтыя ж асобы займаліся правядзеньнем рэфэрэндуму ў Барысаве. Памятаю, якое моцнае ўражаньне на мяне аказалі некаторыя публікацыі ў гэтай газэце, датычныя непразрыстасьці правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму ў нашым горадзе. Памятаю, якую ацэнку яшчэ тады я вынес Шутко і Стасавай, а таксама цэламу шэрагу іншых асобаў з выбарчых камісіяў.

У нумары “Барысаўскіх навінаў” за 26 жніўня — 01 верасьня 2004 году ў матар’яле “Власти объявили войну оппозиции” я тады прачытаў:

“По нашим сведениям, Бургун (тагачасны старшыня Барысаўскага гарвыканкаму) признал, что в Борисове произошло в последнее время единение и сплочение оппозиционных сил: политических партий, предпринимателей и негосударственных общественных организаций. А это в определенной степени несет угрозу нынешней власти. И заметил, что оппозиционеры не будут допущены в парламент ни при каких условиях”.

Аўтар матар’ялу робіць выснову: “Таким образом, собравшимся была дана установка: искать любые способы для снятия с дистанции оппозиционных кандидатов”.

“Ні пры якіх умовах”… Я так разумею, пры законных умовах таксама ня меліся быць дапушчаныя? Ці ня гэтым абумоўлены паход Стасавай па кватэрах сябраў маёй ініцыятыўнай групы? Ці ня гэтым абумоўлена заява Шутко супраць мяне ў Барысаўскую пракуратуру? Рука руку мые? Дзе ж тут сумленны выбарчы працэс?

Гэты матар’ял ня быў абвергнуты, значыць, факты, выкладзеныя ў ім, сапраўдныя. З гэтых фактаў я рабіў выснову аб тым, што выбарчы працэс у Барысаве ў 2004 годзе меўся быць непразрыстым.

У нумары “Барысаўскіх навінаў” за 12—18 жніўня 2004 году ў матар’яле “Предвыборная кастрация” можна знайсьці грунтоўны матар’ял аб тым, як прадстаўнікі акруговай камісіі змушалі людзей адмовіцца ад удзелу ў маёй ініцыятыўнай групе. Адным з тых прадстаўнікоў была Стасава. Чытаем у публікацыі:

“Потом два представителя окружкома стали ходить по квартирам с целью уговорить людей отказаться от сбора подписей в мою поддержку и подписать соответствующее заявление (заготовленное) в окружную комиссию. Причем заставляли людей подписаться. Хотя законом это не предусмотрено!”

Гэты матар’ял ня быў абвергнуты, значыць, факты, выкладзеныя ў ім, сапраўдныя. З гэтых фактаў я рабіў выснову аб тым, што выбарчы працэс у Барысаве ў 2004 годзе ня быў празрыстым.

У тым самым нумары “Барысаўскіх навінаў” за 12 — 18 жніўня 2004 году ў матар’яле “Грядут нечестные выборы?” чытаем:

“О том, с каким ажиотажем проходят выборы на Борисовщине и на какие (падкрэсьлю!) фальсификации ухищряются местные власти, чтобы привести своих людей к депутатскому мандату, мы не единожды рассказывали на страницах “Борисовских новостей”. И все эти безобразия творятся с молчаливого согласия членов избирательных комиссий — от участковых до окружных.

…Кстати, международные принципы свободных и справедливых выборов содержат критерии, один из которых именуется открытостью. Учтены и меры против возможных фальсификаций. Что, между прочим, обеспечивается благодаря представительству в инстанциях, где обрабатываются итоги голосования, влиятельных авторитетных лиц и представителей различных партий в целях создания эффективной системы контроля со стороны избирателей, надежного хранения и транспортировки бюллетеней, а также публикации итогов выборов”.

У гэтым матар’яле пералічваецца сем прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў, якія не былі ўключаныя ў акруговыя камісіі без тлумачэньня прычынаў. Дык ці можна давяраць такім камісіям?

У нумары “Барысаўскіх навінаў” за 23—29 верасьня 2004 году ў матар’яле “Власти снова наступили на грабли?” чытаем:

“Горизбирком по выборам в горсовет 24 созыва не признал имеющим юридическую силу протокол Борисовского городского совета ОГП по выдвижению Л.Марголина и четырех его однопартийцев кандидатами в депутаты горсовета. Забавно то, что аналогичный протокол на прошлых выборах никаких вопросов не вызвал”.

Заўважу, што старшынёй падчас абодвух выбараў у гарсавет была Шутко. Дык што, Валянціна Мікалаеўна, адвольна ставімся да Выбарчага заканадаўства? Калі хочам — рэгіструем, калі ня хочам — не рэгіструем, асабліва пасьля цытаванага вышэй выказваньня Бургуна? І ці можна пасьля гэтага назваць выбары ў Барысаве празрыстымі?

У нумары “Барысаўскіх навінаў” за 02—08 верасьня 2004 году ў матар’яле “Для Шутко закон не писан” распавядаецца аб тым, як Шутко, будучы старшынёй гарадзкой выбарчай камісіі, адмовілася прадставіць інфармацыю па колькасьці зарэгістраваных ініцыятыўных груп. Шутко сьвядома пайшла на парушэньне выбарчага заканадаўства, прыхаваўшы інфармацыю ад выбарнікаў. Чытаем:

“На замечание о нарушении законодательства В.Шутко отреагировала просто: “Считайте как хотите…”

Даруйце, ці магу я пасьля падобнага стаўленьня да выбарчага заканадаўства давяраць Шутко і лічыць, што выбарчы працэс у Барысаве адбываецца празрыста?

Ну і ўжо зусім змрочны цень на працу барысаўскіх выбарчых камісіяў кінуў наступны матар’ял у “Барысаўскіх навінах” за 11—17 лістапада 2004 году, калі былі знойдзеныя 62 бюлетэні для галасаваньня па рэфэрэндуму з адзнакай “супраць” на сьметніку непадалёк ад СШ № 24!

Улічваючы вышэйсказанае, я заяўляю:

Я, Сяргей Салаш, ня раз цярпеў ад неадэкватных, неадпаведных законнасьці і нормам маралі захадаў у мой адрас з боку Стасавай і Шутко, будучы прэтэндэнтам у кандыдаты на выбарах 2003, 2004, 2007 гадоў і ўжо, як бачыце, у чарговы раз зараз — у годзе 2008-м. Абсалютна відавочна, што Стасавай і Шутко кіруе непрыгожае пачуцьцё зласьлівасьці, помсты і пыхі ў дачыненьні да мяне. Зласьлівасьць, помста і пыха — ня лепшы дарадца на адказных пасадах у выбарчых камісіях. Таму я з поўным маральным правам магу даць ацэнку іх дзейнасьці ў выбарчых камісіях як неадпаведнай закону. Іх дзейнасьць адпавядае правілу: рука руку мые. І ад сваіх перакананьняў я не адмоўлюся ні ў якім выпадку.

У зьвязку з гэтым палітычным працэсам падкрэсьлю. Я не выказваў (ці распаўсюджваў) загадзя ілжывых, ганебных для Шутко і Стасавай зьвестак. А вось чытаць прыватныя думкі малазнаёмых ці незнаёмых вам людзей, а затым інтэрпрэтаваць іх у перакручаным выглядзе, сп.Малеін і спн.Данская, звышнеэтычна.

Сяргей Салаш

XS
SM
MD
LG