Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ды скінхэды робяць дзейсным лёзунг “капут цыганам!”


Паўтысячная цыганская дыяспара ў Талачыне дагэтуль узрушаная вынікамі крымінальнай справы, распачатай па факту масавага зьбіваньня ды нанясеньня ўрону маёмасьці тамтэйшым жыхарам розных узростаў так званымі “брытагаловымі”.


Адмыслоўцы прагназуюць, што сытуацыя можа мець нэгатыўныя наступствы ў будучым.

Цыгане ў Талачыне кампактна пражываюць на вуліцах Горкага, Чапаева, Някрасава ды Панова. Кажуць, аседла – зь 19 стагодзьдзя. Ва ўсякім выпадку, не дапускаюць да сабе табарных суродзічаў з Малдовы ды Ўкраіны. Таму ўсё ў той дзень адбылося ва ўсіх на вачох. Сьведкам стала і тутэйшая праваабаронца, сябра “Беларускага цыганскага аб’яднаньня” спадарыня Іванова. Дарэчы, пляменьніца апошняга тут цыганскага барона.

“Пайшла сястру сустракаць з электрычкі, – распавядае Тамара Антонаўна. – Прыехала на вакзал чалавек 15 хлопцаў. Усе “брытагаловыя”. І некалькі ж насустрач – цыгане. Талачынскія да нашых падыходзяць. Пачынаюць зьбіваць. Нейкая руская дзеўка кажа – “яны білі дзяўчыну па твару, укінулі ў машыну і павезьлі”. Аказалася, нашай цыганачцы стала дрэнна, і нашы хлопцы павезьлі яе ў бальніцу. А паколькі яна была ў штанах і з пафарбаванай фрэзурай, падумалі, што яна руская, а цыгане робяць зьдзек. Міліцыя з машынай стаяла, усе назіралі. А “брытагаловыя” сталі крычаць – “хайль, Гітлер”, “капут цыганам!” І – “пойдзем па хатам, навядзем марафет!” Майму суседу зрабілі страсеньне мазгоў, павезьлі ў бальніцу. Пляменьніцы хату ўшасьцёх камянямі сталі закідваць. Усе карэнныя сабраліся і напісалі заяву – ведалі ўсіх нападаючых па прозьвішчах. Сын быў Варашні, інспэктара крымінальнага вышуку. Зь Віцебску прыехалі, зьнялі намесьніка начальніка міліцыі, які ні пры чым. І справа замялася...”

Перад гэтым мясцовыя ўлады закрылі адзіную тут пачатковую 4-клясную школу, якая функцыянавала амаль два дзесяцігодзьдзя. Тры гады таму я пабываў у ёй. Падалося тады, што вырастае пакаленьне цыган зь іншымі каштоўнасьцямі.



















“Гунчакоў Радж… Гунчакова… А мяне ніяк (сьмех)… Мне 9…10…11 гадоў… Цыганскае жыцьцё – крута, так хораша б’ешся!”

Спытваю, ці будуць красьці, як вырастуць.

“Мы будзем жаніцца… Гэта “партызаны” крадуць, а мы не крадзем!”

“Партызанамі” карэнныя называлі сваіх вандроўных супляменьнікаў. Адзін з самых распаўсюджаных заняткаў апошніх – “езьдзіць у Чачэнію”, што значыць зьбіраньне міласьціны па цягніках пад выглядам уцекачоў. Да размовы з памянёнай спадарыняй Івановай далучаецца яе родная сястра, пэнсіянэрка, спадарыня Надзея Баварэвіч. Па іх ініцыятыве цыганскія бацькі хадзілі пратэставаць супраць закрыцьця школы да старшыні райвыканкаму.


















“Пайшлі мы патрабаваць, каб Марэйка нам пакінуў школу. А ён нам – “ а навошта вам асобная школа, хай зь беларусамі вучацца зь першай клясы”. Але ў нас усе разам і вучыліся!”

Тры гады таму настаўнікі сьцьвярджалі мне, што 20% цыган крадзяжом, як займаліся, так і будуць займацца. Дык ці падаграваецца злачыннасьць пасьля закрыцьця школы?

“Так-так! Маёй унучцы раніцай ісьці праз чыгунку – цягнікі зьбіваюць дзяцей! А маразы пачнуцца – пакуль у горад дойдзе! Лазьні даўно няма, фэльчара, нібы, тут не людзі. Застаецца толькі красьці...”

Нагадваю, што, лічыцца, праз цыган ідзе нарката.

“Асноўная маса цыган – бяднота. А на сацыяльную пэнсію ў 100 рублёў можна пражыць? А моладзь, што казаць, кінулася ў наркотыкі. У нас раней і п’яніцаў не было. А цяпер наркаманы, большасьць насельнікаў жывуць, як прыдзецца. А цяпер на працу ня ўсіх бяруць. І не ва ўсякі калгас цыган возьмуць. Муж, інжынэр, аб’езьдзіў раён – я не магла нідзе ўладкаваць. Ён зьехаў на радзіму, на Ўкраіну, а там да іх ставяцца нармальна. Моладзь ідзе – “а дзе ваша працоўная кніжка?” Дык калі няма, вазьміце выпішыце яму яе! І хай працуе, калі жаданьне ёсьць!”

Сытуацыю ў цыганскай дыяспары пастаянна адсочвае лідэр талачынскай апазыцыі Мікалай Петрушэнка. Вось ягоны камэнтар.

“Будзем ставіць пытаньне, каб вярнулася цыганская школа, – кажа Мікалай Сямёнавіч. – Тым больш, Савет Эўропы паабяцаў фінансаваньне на нацыянальныя дыяспары. Гэта адно з 12 патрабаваньняў Эўразьвязу да Лукашэнкі...”


XS
SM
MD
LG