Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БНФ пасьля выбараў разваліцца на дзьве часткі”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 11 верасьня, чацьвер.


Удзел у выбарах прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл — тэма абмеркаваньняў слухачоў “Свабоды”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Зарэгістраваным кандыдатам ня варта здымаць свае кандыдатуры, не давёўшы выбарчую кампанію да канца. Па-першае, гэта непавага да тых людзей, якія паставілі за іх свае подпісы. Па-другое, у выніку такога стаўленьня значная частка грамадзян наагул ня будзе давяраць апазыцыі”.

Спадар Станіслаў, Івацэвічы: “Паважаныя ўдзельнікі так званых выбараў бяз выбараў! Вы павінны прыслухацца да закліку лідэра БНФ і сысьці з гэтага маратону. Няхай Ярмошына заўчасна сьвяткуе “элегантную перамогу,” бо гэтую кампанію нельга назваць выбарамі. Гэта зьдзек з волевыяўленьня свайго народу. Няўжо і на гэты раз рушайлы ад СНД ухваляць гэтак званыя выбары?!”

Сойм партыі БНФ прыняў рашэньне, паводле якога ўдзельнікі выбарчай кампаніі ад гэтай партыі павінны зьняць свае кандыдатуры 23 верасьня. 15 кандыдатаў у дэпутаты ад партыі БНФ просяць перагледзець гэтае рашэньне. Камэнтар слухача:

Спадар: “БНФ пасьля выбараў разваліцца на дзьве часткі. Спачатку выключаць тых, хто захацеў захаваць кандыдатуры. А потым ён разваліцца. Вось так яны размножваюцца — пачкаваньнем”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Юрась Губарэвіч:

“Як бы ні баяліся тыя людзі, якія нам спачуваюць, і як бы ні хацелі ўлады — БНФ не разваліцца. Канечне, пэўныя высновы павінна зрабіць кіраўніцтва з той сытуацыі, якая склалася. І я лічу, што гэтыя высновы павінны быць у рэчышчы большага прыслухоўваньня да думак шараговых фронтаўцаў, рэгіянальных лідэраў. На маю думку, нельга ў аднаасобным парадку кіраваць партыяй. І кіраўнік павінен прызнаць, што ён можа памыляцца”.

Далей слухач задае пытаньне:

Зіноўеў: “Скажыце, а ці сапраўдная Саюзная дамова, калі не было ўказу Ельцына пра прызнаньне незалежнасьці Беларусі?”

Адказвае палітоляг Юры Чавусаў:

“Ня ведаю што маецца на ўвазе, якія абставіны. Але, скажам так, незалежнасьць Беларусі была аформленая шляхам выхаду з Саюзнай дамовы. І адсутнасьць указу Ельцына тут не была перашкодай”.

Працягваем праграму:

Спадар: “Я пра гістарычнасьць: гістарычны збор зерня, гістарычны кошт кіляграму мяса, гістарычны кошт булкі хлеба, гістарычна нізкая пэнсія, гістарычны кошт навучаньня ў ВНУ, гістарычнае напаўгалоднае кармленьне ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў шпіталі ў Бараўлянах — тры тысячы рублёў на дзень, гістарычны падлік галасоў ва ўчастковых і акружных камісіях, гістарычны недахоп лекараў, асабліва дзіцячых. І гэтак да бясконцасьці”.

Людміла Георгіеўна, пэнсіянэрка, Менск: “За палітычную дзейнасьць з Магілёўскага ўнівэрсытэту выключаны студэнт Панкратаў. Дэкан факультэту, на якім вучыўся Панкратаў, у інтэрвію “Свабодзе” тлумачыў, што яго выключылі не за палітычную дзейнасьць, а за непасьпяховасьць. Маўляў, спэцыяльна была створаная камісія, якая прымала ў яго экзамэн з ангельскай мовы. Ён не адказаў на многія пытаньні і атрымаў “нездавальняюча.” У сувязі з гэтым інтэрвію мне прыйшло ў галаву вядомае выказваньне Ўладзімера Ільіча Леніна пра тое, што адзін дурань можа задаць такое пытаньне, на якое дзесяць мудрацоў не адкажуць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG