Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад зноў павысіў закупачныя цэны на ялавічыну на 10%, на сьвініну і цукар – на 5%. Сьледам растуць цэны ў крамах і на рынках. Да таго ж, з прылаўкаў зьнікае ялавічына, ня ўсюды ёсьць ў продажы цукар.


З пачатку году ялавічына ўжо падаражэла больш чым на 5 тысяч рублёў. У лютым цэны на мяса падняліся на 5%, у чэрвені на 10%, у ліпені таксама на 10%, зараз зноў на 10%. Такім чынам, гэта чацьвёртае падвышэньне цэн на мяса з пачатку году. Цукар падаражаў ў другі раз у сэзон нарыхтовак.
Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Васіль Паўлоўскі кажа:
“Тое, што трэба падвышаць цэны, хочам мы гэтага альбо ня хочам -- гэта адназначна. Некалькі прывяду прыкладаў: у беларускіх рублях – пшаніца харчовая ў Беларусі 300 тысяч, у Расеі – 544; пшаніца фуражная 246 – 479 адпаведна; жыта 215 – 457. Усе закупачныя цэны ў нашых суседзяў у паўтара-два разы а то і болей вышэйшыя. І ў Расеі цэны на прадукты растуць”.
Нягледзячы на істотны рост цэнаў, ня ўсюды ў продажы ёсьць цукар, мяса з прылаўкаў зьнікае. Пакупніца скардзіцца:
“Ялавічына з крамаў зьнікла зусім. Ужо месяцы два я не магу купіць нармальны кавалак мяса – яго няма. Як кажуць прадаўцы, завозу няма наагул, у лепшым выпадку прывозяць ужо перакручаны фарш. А ў чыстым выглядзе, тушы, як прывозілі калісьці, ужо даўно не завозяць. Быццам бы ўсё вязуць некуды ў Расею. Беларусы хутка заквохчуць як куры – таму што акрамя кураціны купляць няма чаго”.
На сталічным Камароўскім рынку ялавічына ў сераду каштавала ад 16 да 24 тысяч. Эканаміст Міхал Залескі наконт чарговага падвышэньня цэн выказаў такое меркаваньне:
“Спасылацца, што недзе ў Зымбабвэ ялавічына падаражала, таму і ў нас павінна – гэта некарэктна. Таму што эканамічныя ўмовы ў нас не настолькі істотна зьмяніліся, каб так інтэнсіўна падвышаць гэтыя цэны. І ў дадзеным выпадку арыентацыя ідзе і ўлады, і вытворцаў, і прадаўцоў на тое, каб скарыстацца момантам, калі зрабіць гэта можна дастаткова легальна. А аддувацца будзе спажывец з сапраўды не эўрапейскімі зарплатамі. А дэфіцыты – гэта вынік нашай плянавай сыстэмы: мы захоўваем сацыялізм. Дэфіцыты ўзьнікаюць там, дзе ёсьць спробы кіраваць эканомікай ўручную. Калі ўсё абмяжоўваецца, падхлёстваецца, датуецца – і атрымліваецца такі вынік: дэфіцыт”.
XS
SM
MD
LG