Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З апазыцыйнымі кандыдатамі згодныя і вэтэраны


На Віцебшчыне праходзяць агітацыйныя сходы з удзелам А. Мілінкевіча. Як высьвятляецца, прысутныя шмат у чым падзяляюць погляды апазыцыянэраў.

У кінатэатры “Брыгантына” адбылася сустрэча з кандыдатам у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, прадстаўніком “Эўракааліцыі” Аляксеем Гаўруцікавым. У залі прысутнічалі прадстаўнікі вэтэранскай арганізацыі, якія спрабавалі зьневажаць дэмакратычнага актывіста, сьцьвярджаючы, нібыта “апазыцыя атрымлівае грошы з Захаду”, і заклікалі не галасаваць за такога кандыдата.


Тым ня менш, асобныя палажэньні праграмы спадара Гаўруцікава, і некаторыя прапановы, якія ён гатовы вынесьці на абмеркаваньне ў парлямэнт, зацікавілі нават ягоных палітычных апанэнтаў. Вэтэраны, да прыкладу пагадзіліся, што беларускае войска і сыстэма абароны краіны патрабуюць рэформаў.

Прысутная таксама пераканаліся, што Аляксей Гаўруцікаў – не адзіны кандыдат, які прапануе правесьці пэўныя зьмены ў краіне: у дыскусіі яго падтрымала канкурэнтка на выбарах, прадпрымальніца Ірына Яскевіч, якая балятуецца па той жа самай выбарчай акрузе.


Амаль што поўнае адзінства поглядаў са сваім канкурэнтам, незалежным кандыдатам Уладзімерам Бароўкам прадэманстраваў учора старшыня Пастаўскага райвыканкаму Эдуард Казыра. Сустрэча кандыдатаў праходзіла ў райцэнтры Шаркаўшчына, які ўваходзіць у склад Пастаўскай выбарчай акругі № 29. Пасьля выступу на сходзе спадара Бароўкі праўладны кандыдат заявіў, што таксама нічога не баіцца і гатовы крытыкаваць нэгатыўныя бакі жыцьця краіны. У прыватнасьці, старшыня райвыканкаму сказаў, што лічыць “перагібамі” адмену ільготаў і ўвядзеньне кантрактнай сыстэмы, і што ён хацеў бы, каб бюджэтныя грошы разьмяркоўваліся ў адпаведнасьці з рэгіянальнымі патрэбамі, а не паводле ўказаньня чыноўнікаў вышэйшага рангу.

Праўда, на пытаньне, ці будзе ён у выпадку абраньня ў парлямэнт ініцыяваць вяртаньне ільготаў і скасаваньне кантрактнай сыстэмы, праўладны кандыдат канкрэтнага адказу ня даў.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, які таксама браў удзел у спрэчках і дыскусіях, праблемы цяперашняга жыцьця Беларусі настолькі вялікія, што іх проста ня могуць не заўважаць дзяржаўныя службоўцы. Аднак найчасьцей яны гатовыя хіба канстатаваць наяўнасьць праблем, не намагаючыся іх вырашыць.



XS
SM
MD
LG