Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканец зь Беларусі прызнаны віннай “зоркай” <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


32-гадовы амэрыканец беларускага паходжаньня Гары Вайнэрчук прызнаны ўсясьветнай віннай “зоркай”. Ягоныя штотыднёвыя тэлевізійныя ток-шоў зь віннымі дэгустацыямі зьбіраюць багата тэлегледачоў у ЗША і Брытаніі. Шматтысячная аўдыторыя спэцыялізаваныя выданьні лічаць Вайнэрчука сапраўдным дарадцам у пытаньні, што, як, калі і колькі піць, каб адчуваць сябе выдатна. “Я хачу, каб людзі ў выбары вінаў больш давяралі ўласнаму густу. Мы ня так доўга і ня так сьвяточна жывём, каб піць абы што”, — нярэдка паўтарае ў сваіх адукацыйных тэлеперадачах Вайнэрчук.

Вінатэка мільянэра-бізнэсоўца Гары Вайнэрчука, а менавіта тут здымаюцца яго знакамітыя тэлепраграмы, знаходзіцца ў Нью-Джэрсі, у тым самым будынку, што і яго вінная крама, толькі паверхам вышэй. Выглядае гэты пакой па-спартанску. У адпаведнасьці зь міжнародным Кодэксам клану дэгустатараў, “вызначаць якасьці напояў пры дапамозе органаў зроку, нюху, смаку магчыма менавіта ў такіх строгіх, без прэтэнзіяў на нейкі стыль памяшканьнях”.

Перадача пачынаецца:



Вайнэрчук: “Прывітаньне, ўсім гледачам майго ток-шоў! Мяне завуць Гары Вай-нэр-чук. А гэта мае сябры”...

Cябры -тэлеапэратары — абавязковыя ўдзельнікі дэгустацыі. Згодна з прафэсійным кодэксам, дэгустатары вызначаюць якасьць вінаў толькі разам, сама менш удваіх.

Вайнэрчук: “Сёньня ў маёй праграме некалькі гатункаў вінаў зь Нямеччыны, Францыі, Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі. Аднак пачаць праграму я хацеў бы зь віна, стваральнікі якога — студэнты каледжу ў Аклахоме. Я проста ўражаны смакам сапраўды выдатнага віна. Тут прысутнічае тонкі водар ажынаў, які дасягае сярэдзіны нёба…Аднак пяройдзем да дэгустацыі…

Вайнэрчук разьлівае віно па шклянках — сабе ды калегам. Потым доўга, з розных бакоў, разглядае гэтую шклянку. Яго цікавіць колер напою. Далей робіць глыток, трымае яго доўга ў роце, потым нібыта палошча рот віном, нарэшце выплёўвае яго. Далей усё паўтараецца нанава.

Нарэшце вэрдыкт: віно з Аклахомы, цаной 20 даляраў — найлепшы з амэрыканскіх напояў, якія ён каштаваў цягам апошніх 3 гадоў. Папулярны вядучы зьвяртаецца да гледачоў.

Вайнэрчук: “Дзякуй усім вам за дапамогу! Я атрымліваю шмат лістоў. На жаль, на ўсе я проста не пасьпяваю адказваць. Мае праграмы - гэта самае лепшае ў маім жыцьці. Хіба што за выключэньнем жыцьця сямейнага”.

Сям’я 32-гадовага Гары Вайнэрчука — гэта бацькі, якія родам з Бабруйску. Пры канцы 1970-х , калі Гарыку было тры гады, яны эмігравалі ў ЗША бяз грошай і веданьня ангельскай мовы. На пачатку 1980-х Аляксандар Вайнэрчук адчыніў у Нью-Джэрсі сваю першую вінную краму, потым — другую. Калі сыну споўнілася 14 гадоў, бацька далучыў яго да свайго бізнэсу. Выключна дзеля таго, каб той не сядзеў бяз справы ў выходныя. У 18 гадоў Вайнэрчук-малодшы актыўна далучаецца да бацькавай справы. Неўзабаве даходы ад сямейнага бізнэсу павялічваюцца ў некалькі разоў.

Цікава, што вінныя бізнэсоўцы і экспэрты Вайнэрчукі — прыхільнікі цьвярозага ладу жыцьця. Як кажа Гары Вайнэрчук, калі б ня бацькаў вінны бізнэс, то ён, напэўна, ніколі б у жыцьці і не пакаштаваў алькаголю.

Малады бізнэсовец і тэлезорка не выключае, што зь цягам часу ён памяняе кірунак бізнэсу. Прафэсія дэгустатара мае пэўныя ўзроставыя абмежаваньні, патрабуе надзвычайнага здароўя, поўнай адмовы ад ужываньня мэдыкамэнтаў, адсутнасьці ўсялякай залежнасьці, прычым ня толькі ад напояў, але нават ад той ці іншай ежы.

Пакуль жа Вайнэрчук гатовы дапамагчы іншым людзям цалкам зьмяніць свае погляды на ўжываньне алькаголю. Добры напой, ад якога настае сапраўднае сьвята жыцьця, ня можа быць танным і яго ня можа быць шмат. Зь іншага боку, добры напой зусім не абавязкова павінен быць дарагім і належыць да вядомых раскручаных брэндаў.

У якасьці віна, якое ён раіць піць сёлета, ён называе паўднёваафрыканскую марку.

Вайнэрчук: “Паўднёваафрыканскае Pinotage, вырабу 2006, коштам 16 даляраў. У яго вялікі патэнцыял. Гэта сапраўдная скарбніца Паўднёвай Афрыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG