Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Васіль Быкаў. Апошнія дні"


С.Навумчык, У.Яндзюк, В.Быкаў, 12.09.2001

С.Навумчык, У.Яндзюк, В.Быкаў, 12.09.2001

У аўторак на канале “Белсат” адбыўся прэм’ерны паказ дакумэнтальнага фільма “Васіль Быкаў. Апошнія дні”. Госьць “Начной Свабоды” – сябра Рады БНР і адзін з выканаўчых прадусараў фільму “Васіль Быкаў. Апошнія дні” Уладзіслаў Яндзюк.

Пачынаючы ад 1998 году, Васіль Быкаў быў вымушаны жыць на чужыне – спачатку ў Швэцыі і Фінляндыі, потым у Нямеччыне. Апошнія паўгода ён разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай правёў у Празе, дзе стан ягонага здароўя рэзка пагоршыўся, давялося рабіць складаную апэрацыю. Аднак вяртаньне ў Менск аказалася яшчэ больш драматычным...

У фільме “Васіль Быкаў. Апошнія дні” (рэжысэр – Галіна Навумчык, аўтар сцэнару Сяргей Навумчык) сваімі ўспамінамі дзеляцца палітыкі Івонка Сурвіла, Вацлаў Гавэл, Зянон Пазьняк, паэт Генадзь Бураўкін, супрацоўнікі Радыё Свабода Сяргей Абламейка, Аляксандар Лукашук, Сяргей Навумчык. Пра Быкава таксама распавядаюць супрацоўнікі чэскага фонду “Чалавек у нядолі”, якія дапамагалі Васілю Ўладзімеравічу і Ірыне Міхайлаўне ўладкоўвацца ў Празе, а таксама лекары шпіталю “Motol”, дзе Быкаву была зробленая апэрацыя.


Соўсь: Я хацела б папрасіць спадара Яндзюка падзяліцца ўражаньнем ад прагляду.

Яндзюк: Уражаньні ў мяне вельмі добрыя, фільм атрымаўся прыемны, спакойны, разважны. Тыя тэмы, якія трэба было раскрыць дзеля таго, каб у першую чаргу беларускае грамадзтва ведала, што насамрэч адбылося - бо вакол трагічнай нечаканай сьмерці Васіля Быкава было сказана шмат няпраўдаў, шмат плётак і недарэчнасьцяў - вельмі добра, што гэты фільм ставіць усе кропкі над “і” і дакумэнтальна паказвае, абгрунтавана высьвятляе - што ж насамрэч здарылася і чаму так нечакана і раптоўна Васіль Быкаў памёр.

Соўсь: Я дадам для нашых слухачоў, што Уладзіслаў Яндзюк ў 2002 годзе меў дачыненьне да арганізацыі прыезду і ўладкаваньня Васіля Быкава ў Празе. І ў фільме выкарыстаныя фотаздымкі Васіля Быкава, зробленыя спадаром Яндзюком. Скажыце, калі ласка, ці складана было дамагчыся, каб чэскія ўлады прынялі Васіля Быкава і аформілі яму сталае жыхарства ў Чэхіі, чаго не зрабілі, напрыклад, улады Фінляндыі і Нямеччыны?

Яндзюк: Я, шчыра кажучы, ня ведаю заканадаўства Фінляндыі і Нямеччыны ў пытаньнях іміграцыі, але я думаю, што проста ў тых краінах на той час мы, на жаль, ня мелі кантактаў такога ўзроўню, якія, на шчасьце, мы маем тут, у Чэскай Рэспубліцы. Бо ўся гэтая працэдура складалася з дзьвюх частак. Адна – фармальная, бо ў кожным разе трэба было выканаць патрабаваньні закону, падаць усе дакумэнты, прайсьці ўсе колы гэтага рашэньня, каб гэта ўсё было зроблена легальна. З другога боку, каб усё адбылося ў кароткі тэрмін – што было вельмі важна, бо калі вы пагледзіце ў гэтым фільме, там ясна сказана, што ўжо канчаўся дазвол на побыт спадара Быкава ў Нямеччыне і трэба было хутка вырашаць гэтае пытаньне. І мы скарысталіся вельмі прыязным стаўленьнем да нас нашых чэскіх сяброў, каб усе гэтыя фармальныя працэдуры былі выкананыя хутка і безь ніякіх бюракратычных затрымак.

Соўсь: За некалькі гадзінаў да эфіру я зьвязалася з рэжысэркай фільма Галінай Навумчык і папрасіла расказаць яе пра тое, як узьнікла ідэя зьняць фільм пра апошнія дні Васіля Быкава.

Навумчык: Ідэя зьняць такое кіно зьявілася таму, што сама магчымасьць эмацыйна адлюстраваць або паказаць даецца такім чынам, што людзі могуць глядзець, чуць, бачыць, а ў фільме ў нас расказваюць сьведкі, людзі, якія былі вакол Васіля Ўладзіміравіча тут у Празе. У тым ліку і нашыя чэскія сябры, якія дапамагалі Быкавым тут уладкавацца, і супрацоўнікі Радыё Свабода. Таксама мелі магчымасьць запісаць і Івонку Сурвілу, Вацлава Гаўла, а таксама людзей, якія лячылі Быкава тут. Такім чынам, эмоцыя, якую наш глядач можа атрымаць праз кіно – гэта галоўнае, чаму мы вырашылі ўсё ж такі фільм пра Быкава зрабіць.

Для нас было сапраўды вельмі істотна, каб гэта засталося ў расповедах сьведкаў, людзей, якія былі тут у Празе з Васілём Уладзіміравічам Быкавым побач, людзей, якія былі зь ім у апошнія дні там у Менску, у Беларусі...

Соўсь: Сёньня прэм'ерны паказ фільму на Белсаце, а ці плянуецца прэзэнтацыя ў Беларусі?

Навумчык: Пакуль што пра такія пляны я нічога сказаць не магу, бо не плянавалі. Яно выглядала даволі спантанным – само гэтае кіно, як яно рабілася, сама ідэя – удалося ўсё ажыцьцявіць даволі хутка, таму што так проста была група ініцыятыўных людзей, якія ўзяліся і гэта ўсё хутка зрабілі. Так што я думаю, што напэўна будзем плянаваць нейкія прэзэнтацыі, дыскі – разам зь Белсатам.

Соўсь: Спадар Уладзіслаў, як вынікае з фільма, у Чэхіі Васілю Быкаву былі створаныя спрыяльныя ўмовы для жыцьця, творчасьці, і асабліва што тычыцца мэдычнай дапамогі. Яго лячылі ў сучасным шпіталі “Motol”. Я ведаю, што Вы дамаўляліся пра інтэрвію супрацоўнікаў шпіталю аўтарам фільму. Скажыце калі ласка, такі ўзровень мэдычнай дапамогі маюць магчымасьць атрымаць усе пацыенты, ці гэта была такая пэрсанальная ўвага да Васіля Быкава, якога добра ведалі і паважалі ў Чэхіі?

Лекаваньне, якое Быкаў атрымаў, было вельмі дарагое і спэцыфічнае. Але ўся гэтая сытуацыя была досыць стандартная, кожны пацыент – чэскі ці які заўгодна – які б патрапіў у гэты шпіталь з такім дыягназам, атрымаў бы падобнае лекаваньне
Яндзюк
: Я мушу заўважыць, што тая мэдыцынская дапамога, якую атрымаў спадар Васіль Быкаў, была стандартная для шпіталя. У яго быў вельмі складаны з мэдычнага пункту гледжаньня дыягназ. Таму – і ў фільме пра гэта кажацца – былі пэўныя складанасьці з арганізацыяй пасьляапэрацыйнага лекаваньня, з-за ягоных іншых хваробаў. Сталася так, што тое лекаваньне, якое ён атрымаў, было вельмі дарагое і спэцыфічнае. Але ўся гэтая сытуацыя была досыць стандартная, кожны пацыент – чэскі ці які заўгодна – які б патрапіў у гэты шпіталь з такім дыягназам, атрымаў бы падобнае лекаваньне.

Соўсь: У фільме “Васіль Быкаў. Апошнія дні” гучаць галасы супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія былі разам з Васілём Быкавым ў яго апошні год у Празе. Голас Васіля Быкава вельмі часта гучаў на Свабодзе, і сам пісьменьнік быў жаданым госьцем на Радыё Свабода. Пра тое, што ня трапіла ў фільм – дырэктар беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук.

Лукашук: Я думаю, што зьняць можна нават асобны фільм на тэму “Быкаў і Свабода” або “Быкаў на Свабодзе”. Мы выдалі дзьве кнігі агульным аб'ёмам больш за тысячу старонак пра ўдзел Быкава ў эфіры “Свабоды”, у праграмах ня толькі Беларускай службы, але таксама Рускай, Украінскай службаў. Васіль Уладзіміравіч у студыях “Свабоды” начытваў “Доўгую дарогу дадому” – гэта гадзіны і гадзіны чытаньня тэксту. Як гэта адбывалася? Як гучыць гэты голас? Мы маем архіўны аўдыёматэрыял. Магчыма, гэта сапраўды вымагала б цэлага фільму. Але трэба прызнаць, што калі Быкаў быў тут на радыё, мы не здымалі яго на відэакамэру. Фотаздымкі ў нас ёсьць, а відэа – чым жыве кіно – у нас, на жаль, няма. Але адзін эпізод, магчыма, з апошніх дзён Быкава ў Празе, які мог бы быць у фільме – часткова ён прысутнічае ў іншым пераказе – я памятаю апошні раз, калі я яго бачыў. Я сядзеў тут на радыё і пазваніў Быкаву – якраз хацеў завезьці яму нейкія апошнія навіны, раздрукоўкі – і па дарозе спыніўся каля італьянскага рэстарану і замовіў піцу на вынас. Я ведаў, што Быкаў любіў піцу, я заказаў піцу “пэпэроні”, праз 15 хвілінаў яна была гатовая, я сеў у машыну, прыехаў у іх дом – гэты дом ёсьць на здымках у фільме. Заходжу да іх з гэтай піцай, Ірына Міхайлаўна адкрыла, Быкаў пабачыў, што гэта “пэпэроні” і моцна ўзрадаваўся. І расказвае мне такую гісторыю: Калі яны жылі ў Франкфурце, да іх прыйшоў браць інтэрвію карэспандэнт газэты “Bild” і сярод іншага пасьля размоваў пра літаратуру, пра вайну, пра рэалізм, пра экзыстэнцыялізм – пачаў пытацца як Быкавы тут у прынцыпе жывуць, ці падабаецца ім Нямеччына. І Быкаў кажа: ну што ж, падабаецца. Любімая ежа, ён пытаецца. Любімая ежа – купляем піцу, разаграваем у мікрахвалёўцы. А карэспандэнт пытаецца: а якая піца? Ён кажа: пэпэроні. А якой маркі? А такой маркі. І, кажа, так доўга ён мяне распытваў, потым выходзіць газэта – а гэта каляровая газэта – а я стаю там на фатаздымку, вялікае інтэрвію, у руках у мяне піца і – ні слова пра экзыстэнцыялізм, нацыяналізм, а толькі пра тое, як мы гатуем піцу... Пасьмяяліся мы, Быкаў зь вялікім задавальненьнем сеў за піцу, мы выпілі па кілішку, Ірына Міхайлаўна, я памятаю, адмовілася тады. А потым ужо, нашмат пазьней, я знайшоў тую газэту, “Bild”, знайшоў той артыкул. Там стаіць Быкаў і ў руках трымае ня піцу, а дзьве свае кніжкі, выдадзеныя па-нямецку, а ў тэксьце, вядома, размова пра экзыстэнцыялізм, нацыяналізм, літаратуру...

Соўсь: Спадар Уладзіслаў, а Вы памятаеце сваю апошнюю сустрэчу з Васілём Уладзімеравічам? Ці можа іншую сустрэчу, якая засталася ў памяці....

Яндзюк: Апошнім разам я бачыў спадара Васіля Быкава на сьвяткаваньні Дня Волі тут у Празе 25 сакавіка, здымкі гэтае імпрэзы ёсьць у фільме – Васіль Быкаў быў ужо пасьля апэрацыі – ён выступіў там зь вельмі чульлівай і сур'ёзнай прамовай, дзе гаварыў пра Агеньчык Незалежнасьці, які быў запалены бацькамі Беларускай Дзяржавы ў 1918 годзе. Але мне больш узгадваецца іншы момант. Калі я ўдзельнічаў у сустрэчы Васіля Быкава з прэзыдэнтам Чэскай Рэспублікі спадаром Гаўлам – гэта было літаральна ў гэтыя дні, 12 верасьня 2001 году, на другі дзень пасьля таго, як у Нью Ёрку быў зьдзейсьнены тэрарыстычны акт супраць Сусьветнага гандлёвага цэнтру. Але на гэты дзень ужо загадзя, за некалькі месяцаў была заплянаваная сустрэча Быкава з Гаўлам і ніхто ўжо нічога з гэтым ня мог зрабіць.


Тым больш, што спадар Гавэл – ня той чалавек, які адмовіцца ад сустрэчы, калі яна ўжо падрыхтаваная. Нягледзячы на тое, што ў сьвеце адбылася такая трагічная падзея і ўвесь сьвет быў у шоку, усе думкі, усе камэнтары, уся ўвага былі скіраваныя на гэтую падзею. Я ішоў на гэтую сустрэчу як фатограф – адзін з тых здымкаў можна бачыць на пачатку фільму. Цікава, што гутарка тады йшла ня толькі пра беларускую сытуацыю, але хутчэй пра сучасны стан сьвету ў сувязі з падзеямі, якія тады адбыліся, тымі зьменамі, якія раптам спазнаў сьвет, пра тыя пытаньні і выклікі, якія прыносіць новая сытуацыя для ўсяго чалавецтва. Пасьля гэтай сустрэчы была кароценькая прэсавая канфэрэнцыя, спадар Гавэл сказаў пару словаў, прадставіў спадара Быкава, расказаў чаму адбылася сустрэча, пра што йшла размова, трошку камэнтаваў гэта ўсё. Але ўвесь сьвет быў у такім шоку, журналісты стаялі моўчкі, ніхто не паставіў ніводнага пытаньня. Што да спадара Быкава, было відаць, што ён успрымае гэтыя падзеі спакойна – ягоны жыцьцёвы досьвед, відаць, казаў яму, што нягледзячы на такія трагічныя падзеі, сьвет быў, ёсьць і будзе, жыцьцё ідзе далей.

Соўсь: Госьць Начной Свабоды Уладзіслаў Яндзюк нарадзіўся ў Віцебску. Напачатку 90-х гадоў выдаваў першы беларускамоўны спэцыялізаваны часопіс “Кампутарная прахтыка” У 1997 годзе атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Быў адным з арганізатараў беларускага цэнтру пры чэскім дабрачынным фондзе “Чалавек у нядолі”. Сябра Рады БНР. Мае жонку і дачку. Спэцыяліст у галіне кампутарнай тэхнікі. Адзін з актывістаў суполкі беларусаў у Чэхіі “Скарына”. А зараз я прапаную яму і нашым слухачам паслухаць апытаньне на вуліцах Горадні. Гарадзенцы адказалі на пытаньне: “Што ёсьць для вас Васіль Быкаў”.



Соўсь: Гэтае самае пытаньне я адрасую госьцю “Начной Свабоды” Ўладзіславу Яндзюку. Што ёсьць для Вас Быкаў?

Яндзюк: Ну мне тут цяжка нешта сур'ёзнае дадаць. Гэта чалавек, знаёмасьць зь якім мне дала вельмі вялікую сілу.

Соўсь: Спадар Уладзіслаў, калі вы ішлі ў праскі офіс “Свабоды”, то напэўна праходзілі праз пляцоўку ля Нацыянальнага музэя, дзе цяпер стаіць танк, такі ж самы, які ўваходзіў у Чэхаславаччыну 40 гадоў. Думаю, што Васілю Быкаву было б цікава назіраць за гэтай акцыяй з нагоды гадавіны савецкага танкавага ўварваньня ў Чэхаславаччыну. Спадар Яндзюк, вы ўжо шмат гадоў жывяце ў Чэхіі, адчуваеце настроі ў чэскім грамадзтве, як на Вашую думку, яны цяпер успрымаюць тыя падзеі?

Яндзюк: Падзеі ўспрымаюцца яшчэ вельмі востра. Большасьць грамадзтва тады, у 1968 годзе ўсё ж адчувала, што савецкая сыстэма не дазволіць ім здабыць свабоду. Гэта была трансфармацыя сацыялізму сталінска-брэжнеўска-хрушчоўскага тыпу ў сыстэму “сацыялізму з чалавечым тварам”. Гэта была ўтапічная ідэя, яна не магла разьвіцца ў рэальнасьць, і цалкам зразумела, што большасьць рэалістычна настроеных людзей тады лічыла, што будзе нейкая акцыя з боку Масквы. Але бальшыня грамадзтва была ўражаная нечаканасьцю – незразумелым вайсковым нападам на абсалютна мірныя падзеі, якія ніякай рэальнай пагрозы для савецкага лягеру ня мелі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG