Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговага “канца сьвету” некаторыя людзі чакаюць 21 кастрычніка, калі на тэрыторыі Швайцарыі і Францыі будзе зьдзейсьнены беспрэцэдэнтны міжнародны экспэрымэнт на імітацыю “Вялікага выбуху”, які мільярды гадоў таму паклаў пачатак Сусьвету.

Да праекту запуску так званага Вялікага адроннага калайдэру далучаныя і беларускія навукоўцы, якія знаходзяцца ў Эўрапейскім цэнтры ядзерных дасьледаваньняў (CERN). Аднак чым бліжэй да абвешчанай даты, тым большае колькасьць апанэнтаў, якія ня лічаць экспэрымэнт бясьпечным. Ці насамрэч нясе небясьпеку маштабны навуковы досьлед?

Як тлумачаць спэцыялісты-ядзернікі, Вялікі адронны калайдэр – гэта паскаральнік пратонаў. Закальцаваная канструкцыя дыямэтрам амаль 30 кілямэтраў, схаваная на больш чым 100-мэтровай глыбіні, ня мае сабе аналягаў і разьмешчаная на тэрыторыі дзьвюх краінаў -- Швайцарыі і Францыі. Работы па ўзьвядзеньні каляйдэру пачаліся яшчэ ў 1970-х, і ў выніку выдаткі перавысілі 5 мільярдаў даляраў. І вось на падыходзе – чаканая кульмінацыя.

Сутнасьць праекту ў тым, каб з дапамогай магутных электрамагнітаў разагнаць да сьветлавой хуткасьці пучкі пратонаў і накіраваць іх насустрач адзін аднаму. У выніку штучна справакаванага выбуху мяркуецца раскрыць таямніцу глыбінных уласьцівасьцяў матэрыі. У прыватнасьці, экспэрты разьлічваюць атрымаць дадзеныя аб працэсах пераўтварэньня матэрыі ў энэргію, што дапаможа прыадчыніць сакрэты антыматэрыі і ўзаемасувязі прасторы і часу. З дапамогай дасьледаваньня навукоўцы таксама зьбіраюцца пацьвердзіць ці абвергнуць шэраг тэорый, якія тлумачаць пабудову Сусьвету.

Ці не праглынуць Зямлю "чорныя дзіркі"?

Час “Х”, прызначаны для навуковага экспэрымэнту, у Эўропе чакаюць з засьцярогай. Чуюцца заявы, што нават у мініятуры “Вялікі выбух” можа прывесьці да катастрофы – фактычна гаворка пра падземныя выбухі вялізнай энэргетычнай магутнасьці, якія даюць тэмпэратуру ў 1,5 трыльёны градусаў. Нават вядомыя навукоўцы папярэджваюць: калі экспэрымэнт выйдзе з-пад кантролю, ён зьнішчыць усё жывое – мікраскапічныя “чорныя дзіркі” і згусткі антыматэрыі могуць “праглынуць” Зямлю. Ці ёсьць такая небясьпека?

Дырэктар Інстытута прыкладных фізычных праблемаў Аляксандар Чарняўскі кажа, што навукоўцам у такіх справах трэба давяраць:

“Фізыкі ўсё разумеюць: там, дзе Бог, туды лезьці ня дужа трэба. Тым ня меней, я думаю, што ўсё будзе нармальна. Там жа задзейнічаныя найлепшыя спэцыялісты! Сур’ёзны экспэрымэнт на самой справе, і без гэтага таксама нельга. Гэта без варыянтаў, рэчы сур’ёзныя, патрэбныя. І дзе сьвет і антысьвет – трэба нарэшце разабрацца. Навукоўцаў не спыніць усё роўна, што б народ на гэты конт не лічыў. Як, зрэшты, і палітыкаў – робяць, што перад сабой намецілі. Але тым ня меней, навукоўцам давяраць трэба. Апроч іх, няма ж нікога з адпаведным узроўнем разьвіцьця. А тое, што людзі ўсяго баяцца? Шчыра кажучы, ёсьць падставы баяцца. Але ж што зробіш? Навукоўцы ўсё роўна будуць працаваць”.

Руку да міжнароднага праекту прыклалі найлепшыя навукоўцы Эўропы, уключна з беларускімі: у рэалізацыі навуковага праекту бяруць удзел фізычны факультэт БДУ, Нацыянальны цэнтар фізыкі частак і высокіх энэргіяў, Інстытут ядзерных праблемаў і Інстытут прыкладных фізычных праблемаў.

"Мы -- звычайныя нявольнікі, якія будуць піраміду"

Як расказаў кіраўнік Інстытута ядзерных праблемаў Уладзімер Барышэўскі, інстытут адзначыўся найважнейшым элемэнтам для калайдэра: так званыя “вочы” устаноўкі ня толькі распрацаваныя і створаныя ў Беларусі, але ўсталяваныя пад непасрэдным кантролем беларускіх спэцыялістаў. А ажыятаж вакол экспэрымэнту называе штучным – трэба ж неяк “адпрацаваць” кінутыя на праект вялізныя грошы:

“На маё меркаваньне, гэта на столькі раздзьмута проста ў інтарэсах кіраўніцтва CERN. Безумоўна, экспэрымэнт калясальны, экспэрымэнт, да якога насамрэч рыхтаваліся дзясяткі гадоў, калі праектавалі вялізныя паскаральныя машыны. І экспэрымэнт спэцыяльна ставіцца дзеля таго, каб сапраўды пазнаць – што там адбываецца ў мікрасьвеце і праверыць усе законы. Але ніякай небясьпекі ў прынцыпе экспэрымэнт уяўляць ня можа па наступнай прычыне: вось гэтых пратонаў, пра якія вы, мабыць кожную гадзіну чуеце, з куды большымі энэргіямі ў космасе мільярды мільярдаў. Яны толькі і робяць, што сутыкаюцца, там штосьці адбываецца. І -- нічога!”.

Уладзімер Барышэўскі перакананы: у выпадку, калі экспэрымэнт тысячагодзьдзя пройдзе без форс-мажору, спэцыялісты CERN могуць лічыць, што Нобэлеўская прэмія ў іх у кішэні. Але, шкадуе навуковец, наўрад ці пры гэтым успомняць пра шараговых удзельнікаў “Вялікага выбуху”:

“На самой справе я ня вельмі добра стаўлюся да такога кшталту экспэрымэнтаў – зусім не таму, што іх ня трэба ставіць. Калі ў нас ідуць дыскусіі -- што ж нам у краіне рабіць – дык я заўсёды кажу: трэба змагацца за дасьледаваньні на невялікіх устаноўках. Таму што экспэрымэнт, які ставіцца ў CERN, некалі даўным-даўно прыдумалі пару чалавек. Яны ўжо, праўда, памерлі, але ў любым выпадку для CERN гэта Нобэлеўская прэмія. А ўжо далей, хто працуе -- інжынэры, электроншчыкі, фізыкі-разьлікоўшчыкі – калі б гэта было 1000 гадоў таму, то па аналёгіі гэта звычайныя нявольнікі, якія будуць піраміду. А на пірамідзе зьверху сядзіць фараон і жрэц. Дык вось яны якраз зараз і атрымліваюць асалоду ўсёй славы. А ўсе астатнія? Ну, бралі ўдзел, ганарыцеся...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG