Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крок наперад, два крокі назад”


Усясьветны банк і Міжнародная фінансавая карпарацыя апублікавалі шостую штогадовую справаздачу “Doing Business 2009”, згодна зь якой Беларусь увайшла ў дзясятку вядучых дзяржаваў — рэфарматараў нарматыўна-прававой сфэры.


Дзякуючы рэформам у шасьці зь дзесяці галін, дасьледаваных у справаздачы, Беларусь заняла паводле дынамікі зьменаў чацьвёртае месца — пасьля Азэрбайджану, Альбаніі і Кыргызстану. У агульным рэйтынгу правілаў вядзеньня бізнэсу краіна перамясьцілася са 115-га месца на 85-е.

Ёсьць істотныя зрухі ў рэгістрацыі ўласнасьці: дзякуючы ўвядзеньню Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасьці час на рэгістрацыю маёмасьці скараціўся з 231 дня да 21 — гэта дазволіла Беларусі заняць даволі высокае 14-е месца.

Загадчык сэктару Навукова-дасьледчага інстытуту эканомікі Міністэрства эканомікі Натальля Кашынская кажа:

“У галоўных усясьветных эканамічных рэйтынгах нашай краіны пакуль няма. Мы ёсьць зусім не ва ўсіх рэйтынгах. І тое, што мы тут ёсьць — гэта ўжо добра, прыемна. Трэба глядзець па асобных паказчыках — якія і як зьмяніліся. А ў рэйтынгу разьлічваюцца сярэднія паказчыкі. І бывае так, што адзін нейкі паказчык выскоквае, і з-за яго ўсё моцна зьмяняецца. Проста ўсе рэйтынгі вельмі суб'ектыўныя. Яны бяруць нейкія пазыцыі, а як яны іх ацэньваюць — цяжка сказаць. Калі па нейкім адным паказчыку выскачыла — вельмі кардынальна мяняецца пазыцыя”.

Паводле экспэртаў Усясьветнага банку, у Беларусі спрасьціліся магчымасьці атрыманьня крэдытаў, але ў агульным рэйтынгу краіна займае толькі 109-е месца. Спрасьцілася і працэдура адкрыцьця бізнэсу, зьменшыўся ўдвая мінімальны памер статутнага капіталу — тут Беларусь займае 97-е месца.

Эканаміст Леанід Злотнікаў выказаў такое меркаваньне наконт рэйтынгу “Doing Business 2009”:

“Тапельцу ўсё адно, колькі над ім вады. Усё адно, для нармальнага разьвіцьця бізнэсу ў Беларусі няма ўмоваў. Я размаўляў нядаўна з чыноўнікам Менгарвыканкаму: для таго, каб у Менску адкрыць кафэ, патрабуецца паўтара-два гады. Сам пералік працэдур, якія неабходна прайсьці, складае 4 старонкі. Будзе ён складаць 4 старонкі альбо 3 — усё адно кафэ прадпрымальнік хутка не адкрые. У нас настолькі дрэнныя ўмовы, што нават калі яны крыху і палепшыліся, і нават хутка палепшыліся, усё адно яны застаюцца вельмі кепскімі”.

Да прыкладу, па абароне інвэстараў у рэйтынгу Ўсясьветнага банку Беларусь на 104-м месцы. Па ўмовах ажыцьцяўленьня зьнешняга гандлю — на 134-м. На апошнім, 181-м месцы — па якасьці падатковай сыстэмы.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук адзначыў: добра, што Беларусь паднялася на 30 пунктаў, са 115 на 85-е месца, але наперадзе яшчэ доўгі шлях:

“Беларусь як была на апошнім месцы па якасьці падатковай сыстэмы, так яна і засталася — 181-е месца са 181. Вельмі малы прагрэс у заканадаўстве, якое рэгулюе экспарт-імпарт. І вось калі да гэтай мэтодыкі дадаць цэнарэгуляваньне, ад якога ў цывілізаваным сьвеце даўно ўжо адмовіліся, то Беларусь, безумоўна, была б значна-значна далей. Таму і радавацца можна, але гэта і горыч. Таму што, да прыкладу, 179-я пастанова Мінэканомікі, па сутнасьці, ставіць крыж на ўсіх гэтых станоўчых зьменах, сьведчыць пра тое, што ніякай каардынацыі паміж міністэрствамі і ведамствамі няма. Адзін крок наперад — два крокі назад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG