Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стала лягчэй гарадзенскім прадпрымальнікам?


“Як зьмяніліся ўмовы вашай працы за апошні час? Ці палепшыліся яны?” На гэтыя пытаньні адказвалі гарадзенскія прадпрымальнікі.


Спадарыня: “Па-мойму, з пятніцы стане яшчэ цяжэй з гэтай новай пастановай, каторую зьбіраюцца ўвесьці. Быццам бы кажуць, што можа быць толькі трыццаць адсоткаў накрутка на тавар, атрыманы ад завода-вытворцы. А гэта нерэальна, кожны чалавек, які возіць тавар, усё роўна павінен мець нейкі працэнт, і каб на выхадзе атрымлівалася толькі трыццаць працэнтаў? Мы не пражывем з гэтага, не заплаціш нават за арэнду, за сьвятло, падатак. Так што мы вылецім, дадасца ў нас толькі беспрацоўных”.

Спадарыня: “У бліжэйшы час будзе бачна, таму што мы тут, па-мойму, на краі стаім. Перамены нейкія чакаюць, але, па-мойму, шыварат-навыварат выходзіць. Спачатку забясьпечылі б працоўныя месцы іншыя, а так атрымліваецца, што мы сыходзім на вуліцу. Мы застанемся бяз працы, бо ўмовы акрэсьліваюцца якіясьці нерэальныя, каб мы маглі існаваць і далей. Ніхто ні разу не прыйшоў, не спытаўся, не параіўся: што зрабіць, каб вам тут было лягчэй, лепей, тым больш, што такія падаткі плоцім. Працуем увогуле ў цяжкіх умовах, стаім, як у каменным веку, на вуліцы і чагосьці чакаем. А абяцаюць, што стане яшчэ горш”.

Спадар: “Ніхто ня скажа, што тут ідзе паляпшэньне, яго не відаць і, напэўна, відаць ня будзе ніколі. Пакуль ня зьменяцца адносіны ўлады да людзей, незалежна ад таго, чым яны займаюцца. Адно што робім пакуль спакойна: вось эўра ўпаў, і ў нас падаткі панізіліся, бо прывязаныя да эўра. Ён быў 3450 рублёў, а цяпер стаў 3000—2900”.

Маладая спадарыня: “Дзяржава нашая робіць усё, каб задушыць рынкі, напэўна, дзеля таго, каб людзі болей хадзілі ў крамы. А ў наступным годзе, можа, увогуле ня будзем працаваць, бо ня ведаем, што нас чакае. Дзяржава калі не задушыць, то будзем працаваць, але паляпшэньняў у нас ніякіх няма, з кожным годам усё горш і горш”.

Спадар: “Нічога не памянялася, усё як было, так і засталося”.

Спадар: “Пакуль нічога не памянялася, адназначна. Выйшла пастанова, яна па нас б’е канкрэтна. У ёй гаворыцца пра трыццаць адсоткаў накруткі на тавар, атрыманы ад вытворцы. Але пятнаццаць працэнтаў накруціць гуртовая фірма і пятнаццаць — прадпрымальнік, дык я тады буду ў мінус працаваць. Паколькі я сам на трыццаці працэнтах сяджу — гэта значыцца я, беручы ад фірмы тавар, накручваю якраз трыццаць працэнтаў. Мінус падаткі, мінус арэнда месца, мінус рэшткі. Так што гэта нерэальна, любы скажа, таму гэтая пастанова не павінна прайсьці, бо гэта будзе ўсім поўнае зьнішчэньне”.

Маладая спадарыня: “Калі ў нас было лёгка? Не, канечне, лягчэй ня стала, усе ўмовы засталіся ранейшыя, нічога мы не адчулі”.

XS
SM
MD
LG