Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліка Беларусь увайшла ў лік краінаў — рэфарматараў нарматыўна-прававой сфэры. Паведамляецца, што Беларусь ажыцьцявіла рэформы ў шасьці зь дзесяці галінаў, якія дасьледаваліся аналітыкамі, а ў справе спрашчэньня правілаў вядзеньня бізнэсу краіна выйшла з другой сотні на 85-ю пазыцыю.


У справаздачы Doing Business-2009 даецца ацэнка 181-й эканоміцы сьвету паводле прастаты ўмоваў вядзеньня бізнэсу. Пры гэтым улічваюцца 10 паказьнікаў дзяржаўнага рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Бяруцца пад увагу час і кошт выкананьня ўрадавых патрабаваньняў, каб пачаць уласную справу, мэханізм сплаты падаткаў, а таксама магчымасьці згортваньня бізнэсу. У рэйтынгах ня ўлічваюцца такія парамэтры, як макраэканамічная палітыка, якасьць інфраструктуры, валютная ўстойлівасьць, стаўленьне інвэстараў і некаторыя іншыя моманты.

Ці можна такое прызнаньне з боку міжнародных экспэртаў лічыць знакам узаемнасьці ў адказ на пошук беларускімі ўладамі шляхоў замірэньня з Захадам? Эканаміст, экс-старшыня Беларускай фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык лічыць: калі раней над эканомікай быў татальны кантроль дзяржавы і цяпер яго нязначна аслабілі, то наўрад ці гэта можна назваць вялікім прарывам:

“Я б не зыходзіў менавіта з пазыцыі пацяпленьня нейкіх стасункаў з Захадам, бо гэта — другасная прычына такіх паводзінаў. Трэба ўлічваць наступныя абставіны. Па-першае, ад якога ўзроўню паказьнікаў ідзе так званая лібэралізацыя? Калі гайкі былі вельмі моцна заціснутыя і цяпер іх крыху адпусьцілі, то ці сапраўдная гэта лібэралізацыя? З другога боку, гэта праблема эканомікі. Таму што без такіх, нават палавіністых, крокаў далей ужо разьвівацца было немагчыма. Таму гэта мера больш эканамічная, чым палітычная. Гэта як у тым анэкдоце, калі ў царкве вельмі цесна і калі туды яшчэ прыцягнуць нейкую жывёліну, а потым вывесьці назад, то вельмі добра стане, вальней... Канечне, можна казаць пра тое, што гэта лепей, чым было. Але ня тое, што трэба — і ў эканамічным, і ў палітычным пляне”.
У спрыяльныя ўмовы капітал вярнуўся б тысячу разоў. Чаго яго амніставаць?

Падчас сёлетняга інвэстыцыйнага форуму ў Менску многія патэнцыйныя замежныя інвэстары скардзіліся на адсутнасьць спрыяльнага клімату ў Беларусі для ажыцьцяўленьня бізнэс-праектаў. Шмат каго адпуджваў несувымерны з укладаньнямі падатковы цяжар. Іншыя канстатавалі, што цэлы шэраг адказных за эканамічную палітыку структураў папросту дублююць адна адну, з-за чаго рэалізацыя праектаў расьцягваецца на неакрэсьлены час.

Ня меншай праблемай застаецца вывад беларускага капіталу з краіны ў іншыя эканомікі. Прычына — боязь страціць маёмасьць ці заробленыя сродкі пры чарговым “налёце” фіскальных ці кантрольных органаў. Многія з эканамістаў лічаць, што перш чым заклікаць сюды замежных інвэстараў, уладам варта было б абвясьціць амністыю беларускім бізнэсоўцам, якія вымушана працуюць на карысьць іншых краінаў.

Аднак, як лічыць Валерый Кругавы, колішні кіраўнік Беларускай фондавай біржы, які пасьля праблемаў на радзіме папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы, статыстыку нібыта ўсё большай інвэстыцыйнай прывабнасьці Рэспублікі Беларусь робяць якраз капіталы, выбарачна амніставаныя з санкцыі вышэйшага кіраўніцтва:

“У спрыяльныя ўмовы капітал вярнуўся б тысячу разоў. Чаго яго амніставаць? Вы паглядзіце, хто сярод вядучых інвэстараў Беларусі! Я маю на ўвазе наўпроставыя інвэстыцыі, а не крэдыты якіясьці ці пазыкі. Дык вось, хто сярод такіх краінаў? Віргінскія выспы ды іншыя афшоры! Дык гэта што, ня беларускі капітал, думаеце? Беларускі! Няма патрэбы яго амніставаць, калі ён захоча вярнуцца, ён вернецца ў адзін момант, безь ніякіх амністый. І вяртаецца, уласна кажучы. Усе гэтыя Віргінскія выспы, выспа Мэн, Гібралтар, Крыт і г.д. Гэта чый капітал? Гэта ж беларускі капітал і ёсьць! Няўжо вы мяркуеце, што Віргінскія выспы, дзе некалькі сотняў чалавек насельніцтва, дзясяткі і сотні мільёнаў даляраў у Беларусь інвэстуюць? Ці Крыт, дзе апроч пляжаў нічога няма? Гэта і ёсьць беларускі капітал, і ня трэба яго амніставаць”.


Паводле Сусьветнага банку, у шэраг дзяржаваў сьвету, у чыіх эканоміках адбываюцца найбольш актыўныя прававыя рэформы, увайшлі краіны Ўсходняй Эўропы, Паўднёвай Амэрыкі, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі — у прыватнасьці, Азэрбайджан, Альбанія, Кыргызстан, Беларусь, Дамініканская Рэспубліка, Сэнэгал, Буркіна-Фасо, Батсвана, Эгіпэт ды іншыя. Трэці год запар узначальвае рэйтынг спрошчанай нарматыўна-прававой базы вядзеньня бізнэсу Сынгапур. Сьледам разьмясьціліся Новая Зэляндыя і ЗША. Найлепшыя паказьнікі сярод краінаў Усходняй Эўропы маюць Грузія, якая займае 15 месца, і тры балтыйскія краіны — Эстонія, Літва і Латвія (адпаведна 22, 28 і 29 месцы).

Афіцыйная прэзэнтацыя дакладу Сусьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі прызначаная на 16 верасьня ў Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG