Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.


Калі верыць афіцыйнай статыстыцы і дзяржаўным мэдыям, беларускія сяляне сёлета сабралі рэкордны ўраджай хлеба, а жніво, дзякуючы набытай калгасамі з дапамогай дзяржбюджэту новай тэхніцы, было як ніколі зладжаным і хуткім. Аднак лісты на тэму жніва, якія мы атрымліваем ад нашых слухачоў у гэтыя верасьнёўскія дні, сьведчаць зусім пра іншае.

Пачну сёньняшнюю размову з допіса Віктара Кляноўскага з пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Слухач распавядае пра тое, якім былі жніво і досьвед працы ў калгасе асабіста ў яго. Віктар Кляноўскі піша:

“Маёй маме 70 год, усё жыцьцё адпрацавала ў калгасе бухгальтарам. Нядаўна цэлы дзень праседзела ў полі, чакаючы камбайна, які б абмалаціў яе ячмень. А камбайнэры адмовіліся: маўляў, са стагоў не бярэм, нам нявыгадна паўгадзіны стаяць на адным месцы. А за камбайн, між іншым, трэба заплаціць 30 тысяч — і розьніцы няма, гектар ён абмалоціць ці 5 сотак. А калі ты ў калгасе не працаваў і не працуеш — дык 50 тысяч.

Вось тут і задумаесься: а навошта ўсё гэта патрэбна? Ці не лягчэй і прасьцей купіць усё патрэбнае ў калгасных “несуноў”? А што? Мех крадзенага збожжа — дзьве “бомбы” “шамурлы”. І злодзеямі большасьць людзей такіх несуноў ня лічаць. Кажуць так: “У калгасе красьці — ня грэх”, альбо “Мы бярэм тое, што нам недадае дзяржава”.


Ці яшчэ адзін прыклад, — піша Віктар Кляноўскі. — Да вайны, пры Польшчы, у нас гадавалі якасны лён, які ішоў на экспарт, у Заходнюю Эўропу. Сяляне, якія займаліся гэтай справай, мелі добрую капейку. А што цяпер? Вось я, спадзеючыся на высокі заробак, пайшоў у калгас на йльнаўборачны камбайн. Працаваў цэлы месяц, ад восьмай да восьмай. Толькі некалькі дзён выходных — з-за дажджу. І што зарабіў? 120 тысяч рублёў. Вось гэта даход — аж 50 даляраў за месяц цяжкай працы...

А якія ўмовы? Спэцвопраткі не даюць, амаль уся тэхніка дабітая. Камбайн толькі што з капітальнага рамонту, але за месяц дайшоў да ручкі, бо льняное поле — як пасьля бамбёжкі. Хто вінаваты? Напэўна, той мэханізатар, які араў і культываваў поле. Навошта яму старацца, калі можна зьліць салярку з трактара і прадаць спэкулянтам (як яны самі кажуць — “зэканоміць”)” — — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну.

Не сваё поле, ня свой трактар і камбайн, нізкі калгасны заробак, які толькі ўмоўна залежыць ад аб’ёму і якасьці тваёй працы... Усё гэта — старыя невылечныя хваробы створанай камуністамі калгаснай сыстэмы. У СССР яна трымалася на шчодрых дзяржаўных субсыдыях — і ўсё роўна не магла забясьпечыць краіну ні малаком, ні мясам, ні хлебам.

Наколькі адрозьніваецца ад той савецкай калгаснай вёскі сёньняшняя вёска беларуская? Калгасы перайменавалі ў каапэратывы — СВК, але і “несуны”, і безгаспадарчасьць, і нізкія заробкі, і незацікаўленасьць селяніна ў выніках сваёй працы — усё прынцыпова важнае, на чым грунтаваліся калгасы, — засталося нечапаным.

Наступны кароткі ліст — на тэму парлямэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Беларусі 28 верасьня. Наш слухач Іван Лоўчы з Пухавіцкага раёну лічыць, што апазыцыя ў гэтай кампаніі недастаткова актыўная. Ён піша:

“Нікога з апазыцыйных кандыдатаў у нашай акрузе ня ведаю. Ніхто да мяне ў хату не заходзіў, і на вуліцы ў нас ні мітынгаў ніякіх, ні пікетаў. Што гэта за апазыцыя? І гэтыя людзі хочуць, каб мы за іх галасавалі? У выніку будзе ўсё так, як і раней — прагаласуем за таго, на каго пакажа начальнік”, — гэтак лічыць Іван Лоўчы з Пухавіцкага раёну.

Магчыма, спадар Лоўчы, вы і маеце рацыю: на млявасьць, пасіўнасьць кандыдатаў, на іх нежаданьне весьці агітацыйную кампанію наракаюць многія. Прычым папрокі гэтыя адрасуюцца і апазыцыйным, і праўладным кандыдатам. Але калі вы ў выніку гатовы паслухмяна галасаваць за таго, на каго пакажа начальнік, — то на каго потым наракаць, калі раптам выявіцца, што выбраньнік вас расчараваў? Можа, у такім разе варта самому праявіць мінімальную ініцыятыву — і для пачатку хоць бы зайсьці на выбарчы ўчастак ды пацікавіцца зьвесткамі пра кандыдатаў?

Наш слухач Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску адгукнуўся на адну зь нядаўніх перадач “Свабоды”, у якой абмяркоўваліся праблемы беларускай моладзі, што зьяжджае на заробкі за мяжу. Спадар Яцкевіч з гэтай нагоды піша:

“Мая прыёмная дачка таксама зьехала: сьпявае недзе ў нейкім казіно. Там жа працуюць і іншыя беларускія дзяўчаты — на падтанцоўцы. Праца — уначы, калі зьбіраюцца кліенты... Многага я дакладна ня ведаю, але, як казала сама дачка, яна з задавальненьнем засталася б там назаўсёды. Ды толькі кантракт заканчваецца, і ўзрост, напэўна, ужо ня той... Яна ў Турэччыне. Павінна хутка прыехаць, чакаем...

А што напаткае яе тут? Здаецца, нічога людзкага. Адукацыі няма. А калі і будзе, то што з таго? Вось што з маёй адукацыі? Праўда, ёсьць катэгорыя такіх людзей, каму абы з кім, абы дзе, абы што...

Думаю, што лёс многіх беларускіх дзяўчатак вельмі падобны да лёсу маёй”.


Далей у сваім лісьце Аляксандар Яцкевіч піша пра свой лёс, пра тое, што цяжка знайсьці працу культработніку, што не запатрабаваная культура ў беларускай дзяржаве. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Улада ў нас не дае быць чалавекам і працаваць для людзей. Выходзіць, я ўсё жыцьцё займаўся ня тым, чым варта? Можа, і сапраўды, тая культура нікому не патрэбная? Бо працаўладкаваць і даць мажлівы заробак культработніку ў дзяржавы ніяк не атрымліваецца. А на нашу культуру інакш, як праз бутэльку піва або гарэлкі, і не зірнеш...

Не ўступаю ні ў якую партыю, а раблю што магу. Ні ты нікога не падвядзеш, ні цябе ніхто. Зь іншага боку, уладзе прасьцей рэагаваць адносна цябе аднаго. Розьніца ж ёсьць: адзін палец ці кулак”.


На заканчэньне Аляксандар Яцкевіч выказваецца адносна расейска-грузінскага збройнага канфлікту на Каўказе. Ён піша:

“Вайна вельмі ўразіла. Шкада людзей. Яшчэ нядаўна былі ўсе свае. Цяпер не адседзісься, чакай новых падзей. Расея ўвесь час ваявала з кім-небудзь, будзе ісьці да канца і тут. Людзей там ніколі не шкадавалі (зрэшты, як і ў нас). Стагодзьдзямі ўсьцілалі дарогу да ваенных перамогаў мерцьвякамі. Гэтак, мне падаецца, будзе і далей”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску.

Гэтак, напэўна, будзе да таго часу, пакуль самі людзі ня надта высока цэняць і сваю годнасьць, і асабістую свабоду, і вартасьць уласнага жыцьця.

На працягу мінулых сямнаццаці гадоў беларускіх хлопцаў, упершыню за апошнія два стагодзьдзі, не пасылалі ваяваць за тысячы кілямэтраў ад роднай хаты — ні на Каўказ, ні на Балканы, ні ў Аўганістан (і дзе там яшчэ знаходзіліся імпэрскія інтарэсы спачатку ў царскай Расеі, а потым у камуністычнага СССР?). Гэты факт стаў для значнай колькасьці беларусаў, магчыма, самым важкім аргумэнтам на карысьць дзяржаўнай незалежнасьці сваёй краіны.

Наступны ліст — таксама на тэму расейска-грузінскай вайны. Ян Антанюк зь Менску ня згодны з тымі, хто асуджае Расею за агрэсію. Слухач піша:

“Днямі ваша слухачка выказала вельмі спрэчную думку, нібы Асэтыя і Абхазія — гэта гістарычныя тэрыторыі Грузіі. І такіх выказваньняў шмат. Але ж дакладна вядома, што да рэвалюцыі Грузія, Асэтыя і Абхазія ўваходзілі ў склад царскай Расеі асобнымі губэрнямі.

Пасьля распаду СССР яны маглі стварыць агульную дзяржаву на падставе мірнай дамоўленасьці. Але ж гарачую галаву Саакашвілі гэта не задаволіла. Ён выбраў іншы шлях — шлях ваеннай авантуры.

Расею абвінавачваюць у тым, што яна зьдзейсьніла акт агрэсіі супраць Грузіі. Але ж яна толькі адказала (і не адразу, а праз тры дні) на грузінскую авантуру. Так што яна зрабіла тое, што павінна была зрабіць у такім выпадку, каб забясьпечыць мірны працэс.

Кожны народ (этнас, нацыя) мае права быць гаспадаром сваёй зямлі і ўладкоўвае яе так, як лічыць неабходным. Гэтага хочуць Паўднёвая Асэтыя, Абхазія. Гэтага хочам і мы, беларусы.

Так што, паважаны спадар Жданко, любую інфармацыю (у тым ліку і лухту) трэба падаваць на тле праўдзівай гісторыі. У адваротным выпадку гэта кампрамэтуе ваша радыё і зьніжае ягоны аўтарытэт”
, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ян Антанюк зь Менску.

Так, спадар Антанюк: кожная нацыя мае права на самавызначэньне, але адначасова кожная дзяржава мае права на тэрытарыяльную цэласнасьць і непарушнасьць сваіх межаў. Супярэчнасьць паміж гэтымі двума фундамэнтальнымі прынцыпамі распаліла на працягу мінулага стагодзьдзя дзясяткі войнаў.

Гістарычныя падзеі і факты ў такіх спрэчках — ня самыя пераканаўчыя аргумэнты. Кожны з бакоў, задзейнічаных у канфлікце, апэлюе ў такіх выпадках да таго пэрыяду гісторыі, які пацьвярджае слушнасьць ягонай пазыцыі. Вось і асэтыны, і абхазы спасылаюцца на адміністратыўныя межы царскай імпэрыі, а грузіны — на тэрытарыяльны падзел СССР, паводле якога Абхазія і Паўднёвая Асэтыя ўваходзілі ў склад Грузінскай ССР. А новыя дзяржаўныя межы новых незалежных краін у 1991 годзе былі праведзеныя па межах былых саюзных рэспублік.

Усе гэтыя аргумэнты і аднаго, і другога бакоў ня раз гучалі ў перадачах “Свабоды” пры асьвятленьні тэмы каўкаскай вайны і яе прычынаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG