Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Салаш: “Прагрэс” вэртыкалі – у ход пайшлі езуіцкія мэтады…"


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – барысавец Сяржук Салаш. Яму 34 гады, сябра Партыі БНФ. Сёлета ішоў на парлямэнцкія выбары, аднак зноў – як спачатку ў 2004-м, а затым і ў 2007-м гадах – сустрэў супраціў з боку выбарчай камісіі.


Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны. Сёлета Салашу таксама не дазволілі удзельнічаць у выбарах: даўнія “сябры” – сакратарка выбарчай камісіі № 62 спн.Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму спн.Шутко абвінавацілі яго нібыта ў паклёпе. Сёньня ў Барысаве а 16-й гадзіне адбудзецца суд. Слова – намесьніку дырэктара інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”, грамадзкаму рэдактару тыдня Сержуку Салашу.

"З гэтымі асобамі я сутыкнуўся ўпершыню пяць гадоў таму. Але зараз сытуацыю крышку іншая. Яны непасрэдна не займаюцца май акругай, дык вырашылі “дапамагчы” суседняй акруговай камісіі – распачалі справу аб паклёпе.

Афіцыйна ўсё падаецца такім чынам, нібыта я наўпрост у райвыканкаме назваў двух гэтых асобаў галоўнымі фальсыфікатарамі выбараў у Барысаве. Нават знойдзеныя “сьведкі” нібыта гэтага выказваньня.

У чаканьні суду падрыхтаваў прамову, у якой спрабую на канкрэтных фактах даказаць: выбары ў горадзе адбываюцца непразрыста, недэмакратычна. І ў гэта завязаныя спадарыні Стасава з Шутко.

Канечне, я разумею, што наўрад ці здолею дамагчыся ў судзе праўды. Бо, на маё перакананьне, беларускія суды не зьяўляюцца незалежнымі структурамі. Аднак выказаць набалелае – а гэта словы праўды – я папросту абавязаны.

Дарэчы, падчас таго эпізоду ў выканкаме побач са мной былі Аляксандар Мілінкевіч, журналіст Арцём Лява, юрысконсульт мясцовай газэты “Барысаўскія навіны” Алег Мацкевіч. Я запрашаю ўсіх іх у якасаьці сьведкаў са свайго боку.

Аднак Мілінкевіч зь Лявам, на жаль, сёньня ў заплянаванай вандроўцы, таму буду хадайнічаць, каб суд перанесьлі, скажам, на заўтра. Іх таксама неабходна выслухаць, бо гэтак званыя “сьведкі” з боку “пакрыўджаных” чыноўніц – іхныя калегі з райвыканкаму.

Па праўдзе, я зьдзіўляюся, што яны выбралі такую простую фармулёўку “абразы”: “фальсыфікатары выбараў”. Таму што ў 2003 годзе падчас разгляду ў Менскім абласным судзе справы па Стасавай і Шутко (тады мы разам з выбарцамі падалі на іх у суд па факце падлогу дакумэнтаў), яны ў сваю чаргу спрабавалі пачаць справу супраць мяне. Зноў жа, нібыта я камусьці пагражаў зь іх у сьценах выканкаму…

Зараз дзейнічаюць больш вытанчана – выкарыстоўваюць нейкіх сьведкаў. Аднак жа тыя, ну прабачце, цалкам падпарадкаваныя, гэта адна сыстэма – барысаўская вэртыкаль.

“Прагрэс” відавочны – у ход пайшлі езуіцкія мэтады…"
XS
SM
MD
LG