Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч агучыў на паседжаньні Управы БНФ зварот 15 кандыдатаў у дэпутаты ад гэтай партыі з просьбай перагледзець рашэньне Сойму, згодна зь якім усе фронтаўскія кандыдаты маюць зьняцца з выбарчай гонкі 23 верасьня.


Як гэта можа паўплываць на хаду выбарчай кампаніі? Якія наступствы гэткія рознагалосьсі будуць мець для самой партыі БНФ? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік рэдактара “Белорусской газеты” Віктар Марціновіч.

Цыганкоў: “Як гэтае рашэньне кандыдатаў ад БНФ можа паўплываць на агульную хаду выбарчай кампаніі? Дагэтуль з асноўных прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў толькі БНФ заявіў пра зьняцьцё сваіх кандыдатаў.. А цяпер высьвятляецца, што яны нібыта і не зьбіраюцца здымацца. Пра што гэта сьведчыць?”

Марціновіч:
“Сьведчыць гэта пра тое, што эфэктыўнай кампаніі “байкот” ужо ня можа атрымацца. Таму што байкот, пры якім большая палова апазыцыі ўдзельнічае ў выбарах – гэта не байкот. Рашэньня апазыцыі часта нерацыянальныя. І вось, сыходзячы з сваёй ірацыянальнай лёгікі, яна можа ўсё ж паспрабаваць зьдзейсьніць байкот. Але ж у гэтай сытуацыі байкот будзе выглядаць проста камічным”.

Цыганкоў: “Варта ўдакладніць, што БНФ ніколі не казаў пра поўны байкот. Партыя займала такую пазыцыю, што яе прадстаўнікі ідуць на выбары, рэгіструюцца, і далей рашаюць у залежнасьці ад дзеяньняў уладаў. І паколькі ўлады пачалі праводзіць іх недэмакратычна, то БНФ вырашыў здымаць сваіх кандыдатаў..”

Марціновіч: Так, але я маю на ўвазе, што любы байкот магчымы і эфэктыўны толькі ў тым выпадку, калі ён носіць масавы характар. Немагчыма, калі Малады Фронт ідзе на байкот, БНФ на частковы байкот, а камуністы ўдзельнічаюць у выбарах. Гэта сытуацыя -- ўжо не байкот, гэта ўжо і не ўдзел у выбарах, гэта нейкая батлейка. Калі яны кажуць альбо пра ўдзел альбо пра байкот, то любое такое рашэньне павінна быць даведзеная да канца”

Цыганкоў: “Як гэтая гісторыя можа паўплываць на БНФ пасьля парлямэнцкіх выбараў. Падзеі выбарчай кампаніі зноў паказалі, што ў БНФ няма адзінства ўнутры партыі.. Калі многія кандыдаты ў дэпутаты ня хочуць выконваць рашэньне Сойму партыі – пра што гэта гаворыць?”

Марціновіч: “Гэта, на маю думку, гаворыць пра сур’ёзны сыстэмны крызыс у БНФ. Бо пытаньне ўдзелу ў выбарах ёсьць найбольш значным для любой палітычнай партыі. Калі партыя пачынае вагацца ў гэтым пытаньні, тым больш, калі атрымоўваецца такая батлейка, калі партыя вырашае здымацца, а кандыдаты ня хочуць – то гэта вельмі сур’ёзны крызыс. Такая сытуацыя звычайна, паводле паліталёгіі, заканчваецца зьменай кіраўніцтва партыі.

Але – калі б у палітычным жыцьці Беларусі ўсё тлумачылася рацыянальнай лёгікай, то мы б ня мелі той сытуацыі, якую маем. Таму я рызыкну зрабіць прагноз, што нічога ў партыі БНФ ня зьменіцца”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG