Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч запрошаны на імпрэзу разам з А. Мэркель


Традыцыйная штогадовая імпрэза нямецкай фундацыі імя Конрада Адэнаўэра пройдзе ў нямецкай сталіцы 17 верасьня.


Яе дэвіз — “Гарантаваць правы чалавека ва ўсім сьвеце”.

Ідэі арганізацыі, якая носіць імя першага нямецкага бундэсканцлера, блізкія прынцыпам хрысьціянска-дэмакратычнага руху. Адзін з асноўных такіх прынцыпаў — міжнароднае супрацоўніцтва, у прыватнасьці — падтрымка маладых навукоўцаў з усяго сьвету і тых, хто жадае атрымаць у Нямеччыне другую ўнівэрсытэцкую адукацыю ці абараніць дысэртацыю. Філіі арганізацыі сёньня адчыненыя шмат у якіх краінах сьвету, у тым ліку амаль ва ўсіх паўднёваэўрапейскіх краінах. Беларускае прадстаўніцтва знаходзіцца ў Вільні.

Як паведамляецца на сайце фонду, цэнтральным выступам дня стане прамова нямецкага бундэсканцлера Ангелы Мэркель пра зьнешнюю палітыку ў глябалізаваным сьвеце, арыентаваную на агульначалавечыя каштоўнасьці.

Таксама ў парадку дня імпрэзы стаіць выступ беларускага апазыцыйнага палітыка, лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Тэма ягонага дакладу — “Правы чалавека, дэмакратыя і свабода”.

У дыскусіях возьмуць удзел палітыкі і прадстаўнікі правааабарончых арганізацыяў з краін Эўропы, Азіі, Афрыкі, Амэрыкі.

XS
SM
MD
LG