Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Парыжы адбыўся саміт Эўразьвяз-Украіна, на якім Брусэль запрапанаваў Кіеву заключыць дамову аб асацыяцыі. Гэтая дамова, аднак, ня дасьць Украіне ніякай гарантыі, што ў будучыні яна можа стацца сябрам ЭЗ.


Саміт Эўразьвяз-Украіна адбыўся ў даволі напружаны для Брусэлю і Кіева час. Гаспадар саміту, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, надзвычай заняты заключэньнем дамовы паміж Масквой і Тбілісі аб вывадзе расейскіх войскаў з Грузіі. Таму і саміт, у апошні момант, быў перанесены з гарадка Эвіян на поўдні Францыі ў францускую сталіцу, каб аблегчыць графік Сарказі.

А ў Кіеве разгараецца чарговы палітычны крызыс, выкліканы канфліктам паміж прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам, які прадстаўляў Украіну на саміце ў Парыжы, і прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнка. Пакуль няясна, што будзе з урадам Цімашэнкі — ён застанецца надалей пры справах, створыцца новая ўрадавая кааліцыя, ці прэзыдэнт абвесьціць наступныя датэрміновыя выбары?

Дамова аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам, якую маюць укласьці Брусэль з Кіевам, паводле экспэртаў адкрые шляхі для ўзмоцненага супрацоўніцтва, але пакіне па-за ўвагай пэрспэктывы членства ў Эўразьвязе для Ўкраіны.

Юшчанка ня выказаў расчараваньня

Магчыма, што фармулёўка аб "эўрапейскіх пэрспэктывах" Украіны была заблякаваная краінамі, якія пабойваюцца пагаршэньня адносін з Масквою, у тым ліку Нямеччынай і Італіяй.

Інакш кажучы, прэзыдэнт Юшчанка, які выказаў моцную падтрымку Грузіі падчас яе канфлікту з Расеяй, мае права быць расчараваны. "Старая" Эўропа не скарысталася шанцам узмоцніць свой палітычны ўплыў на ўсходнім баку.

Але на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту ў Парыжы Юшчанка падкрэсьліў, што ён задаволены яго вынікамі.

„Мы вітаем сыгналы, пасланыя Ўкраіне Эўразьвязам. Гэтыя сыгналы для нас надзвычай абнадзейлівыя і надзвычай пэрспэктыўныя. Яны стымулююць нас да выкананьня цэлага шэрагу важных заданьняў, якія стаяць перад нашай дзяржавай”.

А Сарказі, адказваючы на пытаньне адносна "эўрапейскай пэрспэктывы" Кіева, сказаў дыпляматычна, што дамова аб асацыяцыі не закрывае, як і не адкрывае, для Ўкраіны ніякага шляху да Эўропы.

Чаму Эўразьвяз сёньня ня хоча пашырыцца на Ўкраіну?

Агульна кажучы, у Эўразьвязе і без расейска-грузінскага канфлікту ды палітычнага крызісу ў Кіеве шмат іншых прычын, каб ставіцца асьцярожна да далейшага пашырэньня. Па-першае, у шмат якіх краінах зьніжаецца грамадзкая падтрымка далейшаму пашырэньню Эўразьвязу. Па-другое, як паказаў прыклад Ірляндыі, якая ў рэфэрэндуме ў чэрвені адкінула гэтак званы Лісабонскі трактат адносна рэформы ЭЗ, няма ў самым зьвязе аднадумства наконт прынцыпаў аб’яднаньня. Усё гэта паказвае, што пашырэньне Эўразьвязу, калі яшчэ і адбудзецца, наступіць ня хутка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG