Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І мяне будуць пераконваць, што ў нас няма вайны?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 9 верасьня, аўторак.


Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, абмеркаваў з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым пытаньні ўрэгуляваньня канфлікту на Каўказе. Тэлефанаваньні слухачоў:

Спадарыня Галіна, Магілёў: “Вельмі непрыемна глядзець на Мядзьведзева і слухаць яго, як ён, апраўдваючыся, спрабуе сваю віну нападу на Грузію перакласьці на яе ж плечы, а дакладней — на прэзыдэнта, спрабуючы абдурыць 27 кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, якія выдатна разумеюць розьніцу паміж навядзеньнем канстытуцыйнага парадку на тэрыторыі Грузіі і ўзброеным нападам на суседнюю невялікую дзяржаву. Так што адказаць Мядзьведзеву за свае дзеяньні ўсё ж прыйдзецца. А каб яго не даймалі прывезеныя ЗША грузы ў Грузію, ня трэба было расейскай вайскоўшчыне разбураць грузінскія аб’екты”.

Спадар: “Я выказваю сваё меркаваньне наконт выступу Калякіна і іншых, якія апраўдваюць тое, што Расея зрабіла і хоча зрабіць — даць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Маё меркаваньне наступнае: калі Расея хоча даць незалежнасьць гэтым краінам, то трэба даць незалежнасьць і Паўночнай Асэтыі. Няхай аб’яднаюцца разам і будзе адзіная дзяржава. Па-другое, Чачні трэба таксама даць незалежнасьць на той самай падставе, на якой даюць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што п’янства наўрад ці ўдасца перамагчы. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “У Беларусі злоўжывае алькаголем, то бок фактычна мае залежнасьць ад яго, ня менш за 15% насельніцтва. У здаровай папуляцыі гэтая лічба не перавышае 3%. Наступствы шкоднай схільнасьці і сёньняшняй, і будучай аплаціць дзяржава з кішэні падаткаплатніка. Прыбытак атрымаюць уладальнікі алькагольнага бізнэсу. Як жа трэба ненавідзець уласны народ, каб замест жыцьця прапаноўваць яму няхай і павольную, але непазьбежную сьмерць! І пры гэтым мяне будуць пераконваць, што ў нас няма вайны? Тады як гэта называецца?”

Выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар гэтага тыдня на Радыё Свабода Сяржук Салаш:

“Мне падаецца, што ўлады ў гэтым зацікаўленыя, каб трымаць чалавека ў такім становішчы: вось чалавек п’яны — і гэта ўжо не чалавек-асоба. А перамагчы п’янства можна, і гэта не такая складаная праблема. Трэба падвышаць жыцьцёвы ўзровень людзей, і ў іх адкрыюцца новыя гарызонты. Бо калі чалавек спрабуе неяк вырашаць свае праблемы, а нічога не атрымоўваецца, то ён знаходзіць паратунак у бутэльцы. Гэта не паратунак, канечне, але для пэўнага чалавека — гэта такі самападман. І я не лічу, што гэта праблема выключна славянскіх народаў”.

“Усім слухачам мае віншаваньні з Днём беларускай вайсковай славы! Гістарычную спадчыну народа нельга выкрэсьліваць з нашае памяці!” — піша нам у СМС-лісьце Алег Лебедзеў зь Віцебску. А сям’я Ляшнеўскіх у СМС-допісе віншуе з Днём беларускай вайсковай славы “ўсіх вайскоўцаў, для каго гонар, годнасьць, свабода і незалежнасьць нашай краіны, беларускі народ — даражэй за ўсё”.

Спадарыня: “Толькі глянеш на валютчыкаў ля буйных крамаў, якія ў вачах у іх цынізм і карысьлівасьць, але асуджаюць ня іх, а нашага Зьмітра Лісіенку. У яго адна старэнькая маці”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG