Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас тэлевыступу незалежнага кандыдата прапаў гук


Паводле кандыдата Андрэя Левінава, які балятуецца па 19-й Віцебскай-Чыгуначнай акрузе, гук падчас тэлетрансьляцыі ягонага тэлевыступу 5 верасьня зьнік якраз у той момант, калі ён стаў тлумачыць, чаму ня варта браць удзел у датэрміновым галасаваньні.


Кандыдат кажа, што падчас запісу ягонага выступу напярэдадні ніякіх прэтэнзіяў да яго не было, і пра нейкія тэхнічныя праблемы з гукам таксама ніхто ня згадваў.

“Я запытаўся, як запісалася. Сказалі, што ўсё добра — пра нейкія там непаладкі ніхто нічога не казаў. А 5-га быў эфір, і там, калі я кажу пра датэрміновае галасаваньне — пра тое, што ня варта на яго хадзіць, бо ўрны гэтымі днямі не падкантрольныя ні камісіям, ні назіральнікам, ні СМІ, раптам выявілася, што я на тэлеэкране проста варушу губамі, а гук некуды зьнік. Я нават не пасьпеў нікому патэлефанаваць, каб запытацца, хто глядзеў і што гэта было: тэлефон проста пачаў разрывацца ад званкоў. Мне й дагэтуль тэлефануюць ды пытаюцца: “Што ты там казаў такога, што табе абрубілі гук?” Я ў Цэнтравыбаркам ужо напісаў ліст з гэтай нагоды, а таксама ў сваю акруговую камісію”, — кажа спадар Левінаў.

Кандыдат распавёў таксама, што старшыня акруговай камісіі, які ўжо больш за 20 год бярэ ўдзел у выбарах у гэтай якасьці, зазначыў хіба тое, што на ягонай памяці гэта першы падобны выпадак. Спадар Левінаў пэўны, што гэтае здарэньне наўрад ці можна лічыць выпадковым і што прычыны яго — выключна палітычныя.

XS
SM
MD
LG