Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Сяргею Вазьняку зялёнае сьвятло далі


У апошнім нумары газэты райвыканкаму “Наша Талачыншчына” надрукаваныя біяграфіі двух кандыдатаў ў дэпутаты Нацыянальнага сходу ад 30-й Сеньненскай выбарчай акругі.


Там балятуюцца намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Папкоў ды кандыдат па сьпісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл, рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк.

У афіцыйнай біяграфіі кандыдата ад улады А.Папкова некуды зьніклі пяць год жыцьця. Няўвязку першым заўважыў лідэр талачынскай апазыцыі Мікалай Петрушэнка.
Мікалай Петрушэнка
“Тут напісана, што “ўсё жыцьцё зьвязанае зь сельскай гаспадаркай”. У 19 год галоўны аграном, у 24 – старшыня калгаса. У наступныя гады на Шклоўшчыне намесьнікам старшыні райвыканкама, першым сакратаром райкама КПБ. Зь 96-га па 98-ы – старшыня Круглянскага райвыканкама. Чаго ён саромеецца пэрыяду з 91 па 96?! Гэты час ён узначальваў гандлёвае прадпрыемства “Шклоўскае”, працаваў у “Аграпрамбанку”, зьяўляўся першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі – адказваў за адукацыю і навуку, пакуль яго не зьмясьціў уніз акадэмік Рубінаў – наламалі шмат дроў . Колькі ж год кіраваў ён сельскай гаспадаркай з высокіх кабінэтаў Менску?”
А ці знайшоў спадар Петрушэнка “белыя плямы” ў біяграфіі другога кандыдата ў дэпутаты – Сяргея Вазьняка?
“Толькі адна, – адказвае Мікалай Сямёнавіч. – Тое, як ён звальняўся з Узброеных сілаў. Каб застацца ў шэрагах КПБ, пайшоў у адстаўку маёрам запасу пасьля 15 год службы. Але нам цікава будзе ведаць, калі штосьці знойдуць і ў яго...”
У кулюарах адметнасьцю тутэйшай выбарчай кампаніі мясцовыя чыноўнікі называюць тайнае супрацьстаяньне двух вэртыкальных гігантаў – памянёнага Аляксандра Папкова ды віцебскага губэрнатара Ўладзімера Андрэйчанкі, які балятуецца ў дэпутаты таксама. Фармальны доказ – атрыманьне юрыдычнай адрэсы суполкай ПКБ за дзень да заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў. Той жа Петрушэнка сцьвярджае, што не маглі дамагчыся яе некалькі год. Менавіта дзякуючы гэтаму і зарэгістраваўся Вазьняк. Маўляў, гэта было зроблена па ўказцы Віцебску дзеля альтэрнатывы Папкову. Бо калі абодва пройдуць у дэпутаты, дык нібыта сутыкнуцца ў барацьбе за старшынёўства ў Палаце прадстаўнікоў. Вось і далі “зялёнае сьвятло” рэдактару апазыцыйнага “Товарища”.
Дарэчы, найбольш канфрантацыйнай кропкай супрацьстаяньня двух талачынскіх кандыдатаў зьяўляецца прыгарадная вёска Азерцы. Мясцовыя абураныя дзеяньнямі кіраўніцтва прадпрыемства. Кажа загадчыца жывёлагадоўчай фэрмы спадарыня Галіна Асіповіч.
“Цяпер недзе пасьвіць сваіх кароў – вінзавод усё забраў. У нас у адным статку 100 кароў было прыватных, у другім – 40. Цяпер засталіся 5 галоў. Парасят трымаюць, але мала. Калі хочаш здаваць малако, бяры вёдры, нясі да сельсавета. Раней на кані 11 флягаў стаяла. А нас ніхто ў вядомасьць ня ставіў – палюбоўна забралі, канешне. Лепшыя і блізкія землі былі аддадзеныя. А нам – непрадуктыўныя, на “чорных камянях”...
Анатоль Аніхоўскі, давераная асоба Аляксандра Папкова


Вінзавод, як яго называюць тамтэйшыя, афіцыйна праходзіць як кансэрвавы. Дарэчы, найбуйнейшы і багацейшы ў раёне. Ад яго калектыву і вылучаўся спадар Папкоў. Дырэктар Анатоль Аніхоўскі – ягоная давераная асоба.

“Заслуга Аляксандра Андрэевіча Папкова. Дзякуючы каму ж сёньня ідзе закладка садоў інтэнсіўнага тыпу? – кажа спадар Анатоль. – Дзякуючы не інстытуту-распрацоўшчыку, а наведваньню саду АО “Арніка” прэзыдэнтам. Калі ён убачыў сад, дык нам 1 115 млн пазыкі было дадзена...”


Сытуацыю камэнтуе апазыцыйны кандыдат Сяргей Вазьняк.
“Мне мясцовыя жыхары абурэньне сваё выказвалі. Самае дрэннае ў гэтай сытуацыі – ніхто не спытаў у жыхароў. Самае дрэннае ў нашай краіне – адсутнічае кантроль з боку людзей над дзеяньнямі кіраўнікоў. Чыноўнік стаіць над народам. Кансэрвавы завод выпускае 7 мільёнаў тон напою ў год, які ў народзе называюць “барматухай”.

Сяргей Вазьняк, рэдактар газэты "Товарищ"


І тое, што Папкоў вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру ад гэтага прадпрыемства у год здароўя, абвешчаны прэзыдэнтам краіны, а дырэктар стаў ягонай даверанай асобай, я думаю, будзе перашкаджаць яму заваёўваць сымпатыі выбаршчыкаў. У Папкова будуць вялікія праблемы – трэба будзе зь бюлетэнямі “хімічыць”, займацца фальсыфікацыяй. Безумоўнай перамогі ў яго не атрымаецца...”
XS
SM
MD
LG