Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукаўцы паляць вогнішчы з кніг


Зьміцер Паддубны, вёска Лукавец Вялейскага раёну

Калі пад’яжджаць да вёскі Лукавец Вялейскага раёну з боку Мядзельскай трасы, то першы будынак, які вас сустрэне – разваліны старога панскага маёнтку і стары, пасаджаны больш за 100 гадоў таму сад і парк. За імі нават вёску адразу і ня ўбачыш.

Але ня толькі старыя падмуркі нагадваюць вяскоўцам, што калісьці тут гаспадарыў пан. Да гэтага часу ў Лукаўцы ад людзей сталага ўзросту можна пачуць у адносінах да лайдака, п’яніцы альбо шкодніка: “Пан Бароўскі табе б розуму ўставіў!”
Бабуля Ірэна Гайно самая сталая жыхарка Лукаўца. За 80 гадоў мае, а да гэтага часу ўсё памятае добра. Менавіта да яе мяне і накіравалі, каб даведацца: што ж гэта за пан тут уладарыў, якім да гэтага часу палохаюць лайдакоў і п’яніц?
Бабуля Ірэна: “Пан Бароўскі Іван тут быў, а ў 1939 годзе ён адсюль зьехаў, калі рускія прыйшлі сюды. Тут жа у нас мяжа недалёка была, кілямэтра да яе не было. А мы былі пры Польшчы, мы жылі ў пана. Бацька мой быў рабочым у пана”.
Карэспандэнт: “А кім ён працаваў?”
Бабуля Ірэна: “Чорнарабочым, кім яшчэ ў пана ён мог працаваць?! Зімой пана вазіў на Краснае, станцыя тут такая недалёка ад нас, на госьці яго туды вазіў. Тут жа ў нас быў спіртзавод вялікі, і ён спірт адвозіў на станцыю ў Краснае. А куды яго там далей адпраўлялі, я і ня ведаю. А летам – на касілцы канюшыну касіў, на жняярцы зярно жаў. Сеялі, убіралі – гэта ён і рабіў”.
Бабуля добра памятае, як ім, безьзямельнай сям’і з шасьцю дзецьмі жылося пры “панскай уладзе”. І можа параўнасць з тым, як зажылі пры ўладзе савецкай.
Бабуля Ірэна: “Як нам тут жылося беззямельным, а тады ж пры Польшчы, беззямельныя – гэта людзі бедныя, то нам у пана было добра жыць. Дзьве нашыя каровы гадаваў пан – мы сена не нарыхтоўвалі – бульбы шмат-шмат у пана садзілі, што і нам з сям’ёй во так во хапала! А прарабіў месяц – 10 пудоў мукі пан дае молатай, толькі браць і хлеб пячы, і 8 злотых яшчэ плаціў пан. Так мы былі паеўшы. А як саветы прыйшлі, дым нам горэй стала. Нам горэй стала....”
Калі я зьбіраўся ў падарожжа ў Лукавец, то прачытаў пра яго тое-сёе. У адной невялічкай кніжачцы вычытаў, што бурыць панскі маёнтак нібыта пачалі мясцовыя жыхары адразу пасьля таго, як у 1939 годзе той уцёк ад саветаў на Захад. Маўляў, шукалі схаванае багацеям золата. Але бабуля Ірэна сваімі ўспамінамі і рэшты ад той “навуковай” працы не пакінула.
Карэспандэнт: “Мне сказалі, што бурыць маёнтак пачалі мясцовыя людзі – золата шукалі?..”
Бабуля Ірэна: “Няпраўда! Дзетка ты мая, няпраўда гэта! Усё папалілі партызаны. І панскі пакой, дзе пан жыў, спалілі, і ляднік. Халадзільнікаў жа тады не было, а зімой рэзалі лёд і вазілі ў такі глубокі каменны будынак, а наверх насыпалі апілак і там халадзілі ўсё. Гэта спалілі. Вы калі ехалі, то бачылі каля дарогі – гэта ўсё партызаны папалілі, усё зьніштожылі яны”.
Карэспандэнт: “А навошта яны палілі? Там немцы былі?”
Бабуля Ірэна: “Каб немцы там не спыняліся – во чаго яны палілі! У нас такая вайна была – ноччу партызаны, а днём немцы. А золата тут ніхто не знайшоў і ніхто ня ведае, дзе яно. Калі наступалі рускія сюды, пан зь невялічкім чамаданчыкам вунь той дарогай і пайшоў у лес. У яго машына была свая легкавая. Але шафёр давёз яго толькі да Вільні, і машына сапсавалася. Ён кінуў машыну, і шафёр сюды вярнуўся, а яго злавілі рускія і забралі ў турму”.
Панскі маёнтак і ляднік – гэта адно. Але ўразіла тое, што быў зьнішчаны, а не працягнуў працаваць панскі сьпіртзавод. Само існаваньне яго на вёсцы спарадзіла пытаньне пра тое, ці не перашкаджала гэта добра працаваць на пана?
Карэспандэнт: “У пана быў свой сьпіртзавод... А ці пілі тады людзі?”
Бабуля Ірэна: “Не! Сахрані Бог, не! Бочкамі вазілі на станцыю спірт на конях. А коні якія прыгожыя былі! Я такіх болей ніколі ня бачыла. І бацька мой вазіў, і брат. Але пан толькі адзін раз на год сьвята спраўляў – 24 чэрвеня, на Яна. Гэта яго быў дзень народзінаў. Дык ён вечарам дарослых зазываў, рабіў танцы ім, выносіў сьпірту, закусіць, а на заўтра ўжо пачыналі касіць сена. А гэтак піць, як сёння, я такога не бачыла. А як возілі сьпірт, дык там на станцыі перакачвалі, бочкі паласкалі вадой і тую ваду, хто хоча – маглі выпіць. А такога, каб выпіць і на працу прыйсці, то такога не было”.
Пан, кажа бабуля Ірэна, хоць сам быў палякам, але з мясцовымі размаўляў толькі па-беларуску. І жыць пры ім было ня так страшна.
Бабуля Ірэна: “Пан неблагі быў. Не караў людзей. Але тады і не было за што караць асабліва. Гэта цяпер, як мы старыя паглядзім на гэту жызьнь, дык схавацца і не глядзець на яе. У мяне самой родную сястру ўнук забіў. Год прайшоў. Мы, старыя, баімся сядзець у хатах. Як надыходзіць вечар, то мы ня ведаем, дзе дзявацца. Ідуць: “Давай, пазычай!” А аддаваць не аддаюць. Цяпер страшна! Як маладыя, можа ім і добра. А нам старым страшна ў хатах сядзець – лезуць, крадуць”.
Карэспандэнт: “А міліцыя што?”
Бабуля Ірэна: “Што міліцыя! Яна нават і ня ездзе і не глядзіць на гэта!”
Лукавец – вёска вялікая. Але пустых, закінутых хат тут няма. Прынамсі, на відавоку. А панскі маёнтак не адзіны помнік мінуўшчыны, які можна пабачыць у Лукаўцы. Пра яшчэ адну тутэйшую “выбітнасьць” – зачыненую 2 гады таму і ўжо амаль напалову разбараную і расьцяганую мясцовымі жыхарамі школу, нам расказала былая настаўніца беларускай мовы гэтай школы Галіна Мяльгуй.
Галіна Мяльгуй: “Думалі ж там аптэку зрабіць і пошту, але толькі думалі... І пачалі яе бурыць! Прычым, школа – дзьверы ад вуліцы, зачыненыя на замок – а ад саду, з другога боку, вокны паздымалі, шыбы павыбівалі і лазяць. Чаму так робіцца, я не ведаю. Ну, ніякай пашаны няма, ніякага жалю да гэтага. Нешта іншае трэба рабіць, бо надта культура ўпала беларусаў. Мне Пазьняк падабаўся за тое, што ён адстойваў нашу беларускую культуру, беларускую мову. Гэта мне было па душы. І ў Шушкевіча бацька быў пісьменьнік, вершы пісаў, чыталі і вучылі іх. І ён быў за сваё кроўнае, беларускае. А цяпер не зразумець, хто чаго хоча”.
Але больш за ўсё крыўдна настаўніцы тое, што перавёўшы вучняў з Лукавецкай школы ў школу іншай вёскі, адсюль не забралі бібліятэку. І вандалы паляць у лесе вогнішчы з кніг.
Галіна Мяльгуй: “У лесе вогнішчы раскладаюць! Што яны робяць, жулікі нашыя – вогнішчы кніжкамі паляць! Як пойдзеш у лес па грыбы – і гэта, глядзіш, кніжка добрая, і гэта”.
Карэспандэнт: “І што вы сабе зь лесу прынесьлі?”
Галіна Мяльгуй: “Я прынесла Васіля Быкава 3-ці том. Дарэчы, у мяне з’явілася зараз навейшая кніга Васіля Быкава “Сьцяна”. Пачала чытаць, але ня скончу ніяк. А прынесла Янку Купалу, Караткевіча, Янку Маўра прыносіла, шмат што. Убачыш і думаеш: “Непатрэбнае яно ж мне”, – але ж роднае ўсё. І давай сюды!”
Настаўніца таксама паскардзілася на агульнавясковае п’янства і пашкадавала, што няма на гэтых п’яніц пана Бароўскага.
Галіна Мяльгуй: “У 8 гадзінаў сталовая адчыняецца ў нас. І мужчыны шарэнгай адразу туды і наліваюць гэтыя грамы. Зусім упала ўсё... Каб гэта пан Бароўскі вярнуўся ды паглядзеў на свой маёнтак ды на людзей, якія тут жывуць, напэўна, за галаву б узяўся ды павыганяў усіх гэтых непатрэбных людзей!”
Блукаючы сярод пустых бутэлек, пачак танных цыгарэт і нейкіх незразумелых ануч па садзе вакол былога маёнтка пана Бароўскага, карэспандэнт “Свабоды” нечакана ўбачыў яшчэ аднаго чалавека, які зь цікаўнасьцю і нейкім болем у вачах разглядаў рэштку будынкаў і навакольля. Апынулася – дырэктар Ільлянскай сярэдняй школы з краязнаўчым ухілам Ігар Юшко. Паводле ягоных словаў, ён ужо даўно ўключыў Лукавец у свой пакуль гіпатэтычны турыстычны маршрут па выбітных і проста цікавых мясьцінах Вілейшчыны.
Ігар Юшко: “Мы працуем над краязнаўчым маршрутам з накірунку Мінску на Мядзел. І ён у нас стаіць у плянах. Але як атрымаецца – ня ведаю. Па апошнім пераліку, у нашым рэгіёне цікавыя 54 аб’екты”.
Вось толькі наслухаўшыся жыхарак вёскі, падумалася, што калі такі маршрут і пачне дзейнічаць, лепш турыстам на начоўку тут не спыняцца. Спакою ня будзе. І не ад прывіду пана Бароўскага.
Ад’яжджаючы зь вёскі, ізноў сустрэлі Галіну Мяльгуй. Аказалася, яна прыйшла спецыяльна, каб перадаць нам яблыкаў са свайго саду і прывітаньне, калі раптам пабачым, Зянону Станіслававічу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG