Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца над энцыкляпэдыяй “Беларуская дыяспара” спыненая


7 верасьня ў Беларусі па традыцыі адзначаўся Дзень беларускага пісьменства. Сёлета галоўныя ўрачыстасьці праходзілі ў Барысаве: сустрэчы зь літаратарамі з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў, прэзэнтацыі кніг, выдадзеных у дзяржаўных выдавецтвах. Незалежныя выдаўцы на гэтае афіцыйнае сьвята, як правіла, не трапляюць, а зь імі – і шматлікія вартыя ўвагі выданьні. Часопіс “Запісы БІНіМ”, які зьмяшчае матэрыялы пра беларускую дыяспару, але выдаецца ў Менску, прадстаўляе гісторык Натальля Гардзіенка.

Міхась Скобла: “Спадарыня Натальля, напярэдадні Дня беларускага пісьменства пабачыў сьвет новы, 31-ы выпуск штогадовіка “Запісы БІНіМ”, які выйшаў пад вашай рэдакцыяй. Гэты аўтарытэтны пэрыёдык спачатку выдаваўся ў Нью-Ёрку, потым у Мюнхэне, а цяпер выходзіць у Менску. Раскажыце пра само выданьне, а заадно падкажыце, на што варта зьвярнуць увагу ў апошнім выпуску”.
Натальля Гардзіенка: “Запісы БІНіМ” выдаюцца з 1952 году, з 2002-га – гэта сумесны беларуска-амэрыканскі праект. Ад самага пачатку пэрыёдык задумваўся як навуковае выданьне, якое б гуртавала вакол сябе беларускіх інтэлектуалаў на эміграцыі. Акрамя таго, на старонках ранейшых “Запісаў…” абавязкова прысутнічалі рэцэнзіі як на беларусаведныя выданьні на Захадзе, гэтак і на кнігі, выдадзеныя ў БССР. Сёньняшнія “Запісы…” ў вялікай ступені адрозьніваюцца ад ранейшых. Мы намагаемся выдаваць часопіс, прысьвечаны беларускай дыяспары, яе навуковым, літаратурным ды іншым набыткам, а таксама па-ранейшаму друкуем невядомыя творы эміграцыйных аўтараў.
Новы нумар “Запісаў…” атрымаўся вельмі рознаплянавы. Ён пачынаецца матэрыяламі, прысьвечанымі памяці беларускага мовазнаўцы й бібліёграфа Алены Юрэвіч. Яна вельмі шмат зрабіла для апісаньня эміграцыйнай літаратурнай спадчыны. Таму нездарма гэты нумар мы зрабілі крыніцазнаўчым. Эміграцыйныя архівы й па сёньня зьяўляюцца маладасягальнымі для дасьледчыкаў, а таму нават прыблізныя іх апісаньні могуць быць вельмі карысныя. І мы далі ў “Запісах…” апісаньні беларускіх архіваў у Лёндане, Саўт-Рывэры, Парыжы, Варшаве. Акрамя таго, у новых “Запісах…” апублікаваныя некалькі ўнікальных тэкстаў. Адзін зь іх – легендарная “Мая споведзь” Цімоха Вострыкава, напісаная яшчэ на пачатку 1990-х і перададзеная на захаваньне ў БІНіМ з умовай публікацыі толькі пасьля сьмерці аўтара. Другі цікавы тэкст – “На этапах” Юрыя Сабалеўскага, прысьвечаны падзеям у Беларусі ў 1917 годзе. Добрую прадмову да гэтай публікацыі напісаў гісторык Алесь Пашкевіч, ён жа аўтар камэнтароў.
Хачу таксама паведаміць, што ўжо ідзе праца над новым нумарам “Запісаў…”, які будзе прысьвечаны беларускім падарожжам і травэлёгам. Таксама там будзе цікавы матэрыял пра ўнікальныя рукапісы й рэчы Янкі Купалы, што захоўваюцца ў БІНіМе, пра архівы Міколы Абрамчыка й Дзьмітрыя Касмовіча”.
Скобла: “У свой час беларуская эміграцыя мела свае выдавецтвы й нават друкарні. Скажам, на кнігах славутай сэрыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку пазначана: друкаваў Мікола Прускі. Меў сваю прыватную друкарню і паэт Янка Золак… А дзе сёньня выдаюцца кнігі пра эміграцыю, і якія выданьні на гэтую тэму вы хацелі б адзначыць?”
Гардзіенка: “Сёньня найбольш кнігаў, прысьвечаных эміграцыі, выходзіць, як гэта ні дзіўна, у Беларусі. З таго, што пабачыла сьвет за апошнія гады, варта адзначыць вялікую кнігу ўспамінаў эмігрантаў з розных краінаў сьвету, складзеную Аляксандрам Адзінцом, – “Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў”. Не магу не згадаць дасьледаваньне Юркі Грыбоўскага, прысьвечанае ўдзелу беларусаў у польскіх вайсковых фармацыях. Неабходна назваць таксама варшаўскае перавыданьне “Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе” Вітаўта й Зоры Кіпеляў. Гэта – найбольш поўная бібліяграфія эміграцыйных друкаў, якая можа быць выдатным дапаможнікам для дасьледчыкаў эміграцыйнай гісторыі. Апошнім часам пабачылі сьвет успаміны эміграцыйных дзеячаў: Вольгі Грыцук, Міхася Белямука, Івонкі Сурвілы. Зьявіўся й цікавы збор эміграцыйнай драматургіі “Ўрачыстасьць у садзе”. Разам з тым мушу канстатаваць, што менавіта дасьледчых публікацый па эміграцыязнаўстве ў нас зьяўляецца надзвычай мала”.
Скобла: “Яшчэ гадоў пяць таму, на зьезьдзе беларусаў сьвету, прагучала навіна, што рыхтуецца да друку цэлая энцыкляпэдыя “Беларуская дыяспара”. Які лёс гэтага праекту, і ці бераце вы ўдзел у гэтай працы?”
Гардзіенка: “Так. Стварэньнем энцыкляпэдыі было заапекавалася Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Мы распрацавалі канцэпцыю, склалі апытальнікі для прадстаўнікоў дыяспары ў розных краінах, стварылі прыкладныя сьпісы пэрсаналіяў будучай энцыклапедыі. Аднак, на гэтым праца спынілася, бо ўзьніклі праблемы з аўтарскім калектывам. Сёньня ў нас малавата спэцыялістаў па эміграцыі. А стварэньне энцыкляпэдыі – вялікая праца, якая вымагае ня толькі значных інтэлектуальных рэсурсаў, але й фінансаў”.
Скобла: “Стаўленьне да эміграцыі ў савецкай Беларусі было адназначна адмоўнае. У незалежнай Рэспубліцы Беларусь яно, хутчэй за ўсё, няпэўнае. Тым ня менш, з 1997 году на факультэце міжнародных адносінаў БДУ чытаецца адмысловы курс “Беларуская дыяспара”. У якім сьвятле разглядаецца там гісторыя эміграцыі?”
Гардзіенка: “Тут мне складана нешта канкрэтнае сказаць, бо я не сутыкалася, фактычна, ні з выкладчыкамі, ні са студэнтамі, што слухаюць гэты курс. Мяне як эміграцыязнаўцу цешыць, што такі курс у прынцыпе існуе, і веды пра беларускае замежжа пашыраюцца ў асяродзьдзі будучых дыпляматаў. Шкада, што падобных курсаў няма ў іншых ВНУ. Хіба толькі ў Беларускім калегіюме такі курс чытаецца, але ж гэта неафіцыйная ўстанова”.
Скобла: “Калі чытаецца навуковая дысцыпліна, павінна існаваць і адпаведная мэтадычная літаратура. І такі дапаможнік для студэнтаў ёсьць, называецца ён “Беларуская дыяспара: нарысы гісторыі й сучаснасьць” (аўтары-складальнікі – М. Бацян, А. Вярцінскі, І. Кузьняцоў, Л. Лойка, А. Сіроцкі). Як вы ацэньваеце яго як спэцыяліст?”
Гардзіенка: “У новых “Запісах…” друкуецца мая рэцэнзія на гэтую кнігу. На жаль, шмат у чым яе зьмест можна ўспрымаць як недарэчнасьць. Асабліва гэта датычыць разьдзелаў, прысьвечаных беларусам на Захадзе. Укладальнікі гэтага “дапаможніка” скарысталі чужыя, вельмі састарэлыя ці проста непраўдзівыя зьвесткі. Акрамя таго, у кнізе зьмешчаныя цэлыя кавалкі тэкстаў іншых дасьледчыкаў – без пазнакі аўтарства. Скажам, у кнізе можна знайсьці цэлыя разьдзелы з працы Галіны Сяргеевай, але спасылак на імя аўтара – няма. Выданьне такіх “дапаможнікаў” – ганьба для нашай навукі”.
Скобла: “Адзін з найбуйнейшых асяродкаў беларускага пісьменства за мяжой – Бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане. Вы ў свой час там пабывалі й зрабілі вопіс тамтэйшых фондаў. За што вам яшчэ скажуць дзякуй будучыя пакаленьні дасьледчыкаў. Што вас асабліва ўразіла ў Скарынаўцы?”
Гардзіенка: “Найперш уразіла тое, што такія вялікія архівы не апісаныя й дакладна ня ўлічаныя. У Скарынаўку перадаваліся дакумэнты з розных краінаў, ад розных эміграцыйных дзеячаў, і там назапасілася вельмі шмат цікавых матэрыялаў. Гэта архівы беларускіх сьвятароў-марыянаў, што жылі ў Лёндане. Сярод іх архівы Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі, Язэпа Германовіча. У Лёндан быў перавезены й архіў Пятра Татарыновіча з Рыму. Там зьберагаецца вялікі архіў кампазытара Міколы Шчаглова-Куліковіча, які яшчэ чакае дасьледчыкаў. У Скарынаўцы таксама захоўваюцца цікавыя архівы Кастуся Акулы, Уладзімера Сядуры-Глыбіннага, архівы эміграцыйных грамадзкіх арганізацый з Канады, ЗША, Аўстраліі, Францыі, Бэльгіі. Асабліва цікавы архіў беларускіх скаўтаў з паваеннай Нямеччыны, перададзены ў Лёндан Вацлавам Пануцэвічам. Мушу, аднак, прызнацца, што зробленае мною апісаньне бібліятэчна-музэйных фондаў вельмі прыблізнае. На жаль, я ня мела дастаткова часу, каб дэталёва разабрацца з усімі паперамі”.
Скобла: “А ці не пара ўсе гэтыя недасьледаваныя дакумэнты перадаць у які-небудзь архіў у Беларусі? Баюся, што ў Лёндане яны так і праляжаць незапатрабаванымі яшчэ гадоў сто”.
Гардзіенка: “Гэта вельмі складаная праблема. Таму што стаўленьне сучасных беларускіх уладаў да дыяспары, мякка кажучы, прахалоднае. І ці будзе забясьпечаны свабодны доступ да перададзеных архіваў – невядома. Таму няхай пакуль захоўваюцца ў больш надзейным месцы”.
Скобла: “У апошнім выпуску “Запісаў…” вы разам з Алегам Гардзіенкам і Лявонам Юрэвічам апублікавалі “Слоўнік псэўданімаў і крыптанімаў эміграцыйных дзеячаў”. З гэтага слоўніка можна, напрыклад, даведацца, што Антон Дабрыдзень – гэта паэт Алесь Салавей, А. Крыніца – гэта Натальля Арсеньнева, а Антон Адамовіч сярод двух дзясяткаў псэўданімаў ужываў і гэткі – Іван Спадзявайла. І мне тут прыгадваецца, што быў такі партугальскі паэт Фэрнанда Пэсоа, дык ён ледзь ня кожны свой сьвежы твор падпісваў новым псэўданімам. І ў гэтым мастацтве гетэраніміі роўных яму не было й няма. А наколькі гетэранімія ўласьцівая нашым творцам? Ці ў іх зьмены імя вымагаліся найперш нейкімі зьнешнімі абставінамі?”
Гардзіенка: “Працу па зьбіраньні эміграцыйных псэўданімаў запачаткаваў Лявон Юрэвіч. Сама сытуацыя жыцьця на эміграцыі ў паваенны час стварала ўмовы для ўзьнікненьня псэўданімаў. І тут палітычныя прычыны пераважалі. Разам з тым, на эміграцыі часта ўзьнікалі й адмысловыя сытуацыі, калі той ці іншы дзеяч браўся за выданьне пэрыёдыка, але, каб зрабіць уражаньне працы вялікага калектыву аўтараў, сам-адзін пісаў матэрыялы пад рознымі псэўданімамі. І гэта была досыць распаўсюджаная зьява. Адсюль вялікая колькасьць псэўданімаў і крыптанімаў, напрыклад, у Станіслава Станкевіча”.
Скобла: “Паходжаньне ці ня кожнага псэўданіму можна патлумачыць. Хто б мне растлумачыў, чаму Барыс Рагуля падпісваў сваю публіцыстыку псэўданімам “М. Скобла”?”
Гардзіенка: “На жаль, і я тут не змагу вам дапамагчы… Хачу зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць. Калі той ці іншы дзеяч хацеў пабачыць матэрыялы пра сябе, а здольных напісаць такія тэксты не знаходзіў, ён рабіў гэта сам і друкаваў пад псэўданімам. Прыкладам, пісаў пра сябе Радаслаў Астроўскі (пад псэўданімам Віктар Калюш). Цэлую кнігу да юбілею сваёй творчай дзейнасьці выдаў Уладзімер Сядура-Глыбінны (пад псэўданімам Кастусь Старажоўскі). Наогул, пісаньне пад псэўданімам – гэта, хутчэй, норма для беларускай эміграцыі, чым выключэньне. Праўда, разьбірацца ў тых псэўданімах сёньня складана; вялікая праца па іх расшыфроўцы – наперадзе”.
Скобла: “Мы з вамі гутарым у Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў сёлета ў Барысаве. Як вы ставіцеся да гэтага сьвята? Ці задавальняе вас той зьмест, якім Дзень пісьменства напаўняецца вось ужо 15 гадоў (менавіта столькі ён існуе ў нашай краіне)?”
Гардзіенка: “Было б вельмі дарэчы, каб падчас Дня пісьменства ўзгадваліся ня толькі тыя афіцыйныя выданьні, якія выходзяць у Беларусі ў дзяржаўных выдавецтвах. На агульнанацыянальным сьвяце трэба заўважаць і ўсю тую беларусістыку, якая ў немалой колькасьці існуе й па-за межамі нашай краіны. На жаль, у апошнія гады на Днях пісьменства гэтыя выданьні не прысутнічаюць і ня згадваюцца”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG