Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае праз 180 дзён Полацак і Ліду?


Міністэрства фінансаў ЗША на паўгоду зьмякчыла эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў — адкрытых акцыянэрных таварыстваў “Лякафарба” ў Лідзе і “Полацак-Шкловалакно”. Афіцыйна санкцыі да гэтых прадпрыемстваў былі ўведзеныя з 15 траўня 2008 году. Як успрынялі на беларускіх прадпрыемствах часовую адмену санкцыяў?

Мэнэджэр упраўленьня маркетынгу па рэгіёнах Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі і Афрыкі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” Валер Падаліца наконт зьмякчэньня санкцыяў сказаў:
“Успрынялі на ўра! Мы вельмі доўга дамагаліся гэтага. Нашы пакупнікі, кліенты ў Злучаных Штатах Амэрыкі настойліва зьвярталіся і ў Дзярждэпартамэнт, і ў Міністэрства фінансаў, сустракаліся з кандыдатамі ў прэзыдэнты з нагоды гэтых санкцыяў. У выніку ўсе разам дамагліся станоўчых дзеяньняў з боку амэрыканскага ўраду, і зараз можам урэшце працаваць у нармальных умовах”.
Кіраўніцтва прадпрыемства добра разумее, што ёсьць, так бы мовіць, абмежавальны фактар — 180 дзён. Санкцыі цалкам не адмененыя. Выдадзеная генэральная ліцэнзія на ажыцьцяўленьне гандлёвай дзейнасьці на 180 дзён, кажа Валер Падаліца:
“Гэты фактар можа ў некаторай ступені насьцярожыць нашых амэрыканскіх партнэраў. Але мы спадзяемся, што гэты пэрыяд у 180 дзён — усяго толькі фармальнасьць, і ў выніку санкцыі будуць зьнятыя цалкам. Мы даволі актыўна зараз аднаўляем адносіны з нашымі партнэрамі і спрабуем вярнуць тыя рынкі збыту, якія ў нас былі страчаныя ў сувязі з гэтымі санкцыямі”.
Амаль 90% прадукцыі “Полацак-Шкловалакна” ідзе на экспарт у 42 краіны сьвету. І амэрыканскі рынак вельмі важны для прадпрыемства ў пляне пэрспэктыўнага разьвіцьця, кажа мэнэджэр Упраўленьня па рэгіёнах Амэрыкі і Афрыкі Валер Падаліца:
“Мы для рынку ЗША праводзім распрацоўку новага асартымэнту. Гэты рынак дастаткова лёгка ўспрымае новую прадукцыю, амэрыканцы дастаткова ахвотна адгукаюцца на распрацоўку новага асартымэнту, новага выкарыстаньня прадукцыі. Тая прадукцыя, якая рэалізуецца на рынку ЗША і распрацоўваецца адмыслова па замовах амэрыканцаў, дастаткова пасьпяхова знаходзіць збыт на іншых рынках”.
На другім беларускім прадпрыемстве, у дачыненьні да якога Міністэрства фінансаў ЗША таксама зьмякчыла эканамічныя санкцыі — на лідзкай “Лякафарбе” — даволі стрымана ўспрынялі гэтую вестку. Намесьнік дырэктара па эканамічных пытаньнях адкрытага акцыянэрнага таварыства “Лякафарба” Эдуард Сячко аказаўся нешматслоўным:
“Я не гатовы вам зараз адказаць. Мне складана камэнтаваць, будуць зьмены ці ня будуць. Мы як працавалі, так і працуем. У нас паказчыкі ня горшыя, мы працуем стабільна”.
Амаль 60% прадукцыі “Лякафарбы” ідзе на экспарт — у Расею, эўрапейскія краіны, Паўднёвую Амэрыку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG