Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка імкнуўся абмінуць вострыя вуглы ў адносінах Беларусі як з Расеяй, гэтак і з Захадам.

Сёньня А.Лукашэнка правёў шостую па ліку прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў расейскіх СМІ. Прэс-канфэрэнцыяй завяршыўся чарговы тур па Беларусі 84 карэспандэнтаў з 44 рэгіёнаў Расеі.

Падсумоўваючы сваю размову з расейскімі журналістамі, А.Лукашэнка зазначыў, што ён імкнуўся данесьці ім “больш пачуцьці, чым інфармацыю”.

Гэтым разам, сапраўды, зь ягоных вуснаў гучала больш развагаў, чым заяваў і крытыкі. А.Лукашэнка ўсяляк імкнуўся абмінуць вострыя вуглы ў адносінах Беларусі як з Расеяй, гэтак і з Захадам.

Адным зь першых прагучала пытаньне А.Лукашэнку аб прызнаньні Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, на чым настойвае Масква. Канкрэтнага адказу і сёньня дадзена не было:

“Прыйдзе час, і мы разгледзім гэтае пытаньне ў Беларусі, напэўна, гэтаксама, як разглядала Расейская Фэдэрацыя — у парлямэнце. У нас выбары празь некалькі дзён, вы гэта ведаеце, прыйдзе парлямэнт, новы, і я думаю, што нашыя дэпутаты зьвернуцца да гэтага пытаньня”.

А.Лукашэнка зазначыў пры гэтым, што нельга прызнаваць “натоўпам”, пад ціскам з Масквы, бо потым хтосьці можа сказаць, што калі б Расея не націснула, то ні Абхазіі, ні Паўднёвай Асэтыі і не прызнавалі б. Апрача таго, паводле А.Лукашэнкі, у Беларусі складаюцца свае ўласныя адносіны з гэтымі сэпаратысцкімі рэгіёнамі Грузіі. Ён даў таксама зразумець, што перш чым ціснуць у гэтым пытаньні, Расея магла б лепей падтрымліваць Беларусь як свайго саюзьніка. У якасьці прыкладу ён прывёў нядаўняе выдзяленьне ЗША свайму саюзьніку — Грузіі — аднаго мільярда даляраў.

На пытаньне пра рэакцыю Менску на разьмяшчэньне ля беларускіх межаў элемэнтаў амэрыканскай супрацьпаветранай абароны расейскія журналісты таксама не атрымалі канкрэтнага адказу. А.Лукашэнка абмежаваўся агульнымі фармулёўкамі:

“Мы будзем з расейцамі рабіць усё, каб гарантаваць бясьпеку нашых беларусаў і нашых расейцаў... Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. І я тут не выступаю як ястраб, і хай Захад у гэтых адносінах не палохаецца, яны розныя варыянты будуюць, пачынаючы ад таго, што мы разьмесьцім сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны ў Беларусі ажно да ядзернай зброі. Ніхто пра гэта гаворкі не вядзе. У нас і так дастаткова сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны”.

Наконт магчымага прыходу расейскага бізнэсу ў Беларусь у выніку маштабнай прыватызацыі А.Лукашэнка не пакінуў нейкіх асаблівых ілюзіяў:

“Мяне крытыкуюць, што я няўступлівы і не хачу прадаваць дзяржаўную ўласнасьць расейскім кампаніям. Для прыходу ў краіну салідных інвэстараў дзьверы адкрытыя. Стварайце новыя вытворчасьці, валодайце імі, атрымлівайце прыбытак, плаціце падаткі. У нас прыватны бізнэс вітаецца. Але прыватызаваць, прадаць за бесцань высокарэнтабэльны завод — для нас гэта пакуль нявыгадна. Ніякай карысьці ад гэтага народ і дзяржава не атрымае”.

Пры гэтым А.Лукашэнка прызнаў, што “саюзнае будаўніцтва цяпер знаходзіцца на замарожаным этапе” і што ён ня супраць карэктаваньня саюзнай дамовы.

Апрача таго, ён заявіў, што Захад прад’яўляе непрапарцыйныя патрабаваньні Беларусі наконт выбараў і што ён хацеў бы, каб АДКБ стала такой жа абарончай арганізацыяй, як НАТО.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG