Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыста год таму расейцы спалілі Магілёў


Трыста год таму восьмага верасьня расейскія войскі, якімі камандаваў генэрал Радзівон Баўрар, спалілі Магілёў.



Зьнішчыць “праваслаўную сталіцу Рэчы Паспалітай”, як тады называўся Магілёў, загадаў расейскі цар Пётар I.

8 верасьня 1708 году агнём былі зьнішчаныя праваслаўныя й каталіцкія храмы, купецкія заможныя гандлёвыя дамы. Згарэў тады і Магілёўскі замак.

Трагічныя падзеі таго часу гэтак апісаныя ў Магілёўскай хроніцы Трафіма Сурты: “Акамянелы люд мусіў выплакаць апошнія сьлёзы, бачачы, як аздобленыя Божыя сьвятыні гараць, Божыя цэрквы патроху, заняўшыся агнём, валяцца на зямлю... а званы самі звоняць, а гаспадарскія дамы ў агні безь ніякага паратунку ў попел абяртаюцца”.

Паводле гісторыка Андрэя Катлярчука, пасьля зьнішчэньня Магілёў назаўсёды страціў значэньне найбуйнейшага гандлёвага цэнтру Ўсходняй Эўропы, канкурэнта Данцыгу, Рызе, Вільні й Маскве. Ад таго часу, піша ён у манаграфіі “Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў”, жыхары Магілёва атрымалі мянушку “Магілёўцы-камінары”, бо ўсё іхнае багацьце “вылецела ў комін”.

Адна з самых трагічных датаў у гісторыі Магілёва афіцыйна не адзначаецца. Цяпер улада рыхтуецца адзначыць трохсотгадовы юбілей першай перамогі расейскіх войскаў у Паўночнай вайне над швэдзкім войскам Карла XII пад вёcкай Лясная, што на Слаўгарадчыне.

Трыста год таму ў верасьні, акрамя Магілёва, расейцы спалілі Віцебск, Воршу, Быхаў ды Мсьціслаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG