Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвесткі пра бітву пад Воршай 8 верасьня 1514 года не вывучаліся ў школах савецкай Беларусі, не ўключаліся ані ў тагачасныя энцыкляпэдыі.



Дзякуючы асьветніцкай працы сучасных гісторыкаў , грамадзкасьць зусім нядаўна абрала гэты дзень як адно з нацыянальных сьвятаў.

Згадкі сягаюць аж на пачатак шаснаццатага стагодзьдзя, калі маскоўская дзяржава вяла з суседзямі шэраг войнаў за пашырэньне сваёй тэрыторыі. У гэты дзень у 1514 годзе паміж Воршай і Дуброўнай ля ракі Крапіўна войскі ВКЛ сустрэлі чарговы наступ маскоўскіх ваяроў і , дзякуючы вайсковаму майстэрству Канстанціна Астрожскага, разьбілі праціўніка, шэрагі якога былі амаль утрая большыя. Вершнікам Астрожкага праз манэўр “ уяўных уцёкаў” ўдалося заманіць коньніцу праціўніка ў засаду, дзе таго сустрэў абстрэл з гарматаў. Гэта выклікала панічнае адступленьне і вырашыла зыход бітвы.


Аб перамозе пад Воршай стала вядома ўсім манархам Еўропы. Ёсьць зьвесткі, што славілі перамогу, напрыклад, і ў Празе. Паведамленні з апісаннем бітвы былі уключаны ў шматлікія летапісы і хронікі. Засталіся сьляды і ў фальклоры: “Стала Масква наракаці, места Воршу пакідаці, а як з Воршы ўцякалі, рэчку тую пракліналі: бадай ты павысыхала, наша слава тут прапала...”

Паводле гісторыка і былога дэпутата парлямэнту Валянціна Голубева, бітва пад Воршай, па сутнасьці, адзіная перамога нашага войска над пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, якая прывяла да зьмены геапалітычнай сытуацыі ў Эўропе. Перамога войскаў ВКЛ не дазволіла на пачатку 16 стагодзьдзя рэалізаваць тагачасны пакт Молатава-Рыбэнтропа і падзяліць Эўропу на дзьве часткі паміж Рымскай Імпэрыяй і Вялікім Княствам Маскоўскім.

У 1992-м годзе парлямэнт Беларусі прыняў закон аб стварэньні беларускага войска. Большасьць жа савецкіх афіцэраў не хацела прысягаць на вернасьць Беларусі, матывуючы сваю пазыцыю тым, што прысяга даецца адзін раз, а прысягалі яны Савецкаму Саюзу. Тады, менавіта 8 верасьня 1992-га году, тысячы патрыятычна настроеных афіцэраў запасу сабраліся ў Менску на Плошчы незалежнасьці і расьпісаліся на прысяжных лістах у вернасьці Беларусі. Тут нарадзілася ідэя назваць гэты дзень Днём беларускай вайсковай славы.

Напачатку: малюнак мастака Алеся Пушкіна
Больш пра гісторыю Аршанскай бітвы чытайце ў нашага аўтара пісьменьніка Уладзіміра Арлова.
XS
SM
MD
LG