Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія журналісты зноў напішуць пра “стабільную” Беларусь


Сёньня завяршаецца прэс-тур па Беларусі вялікай групы прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў. Яшчэ 5 верасьня больш за сто рэдактараў і карэспандэнтаў фэдэральных СМІ Расеі прыехалі ў Менск, а цягам выходных гасьцей вазілі па ўзорных прадпрыемствах і гаспадарках краіны. Ці выпадковы журналісцкі дэсант з Расеі напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў?

Штогод у Беларусі высаджваецца 5-7 журналісцкіх брыгадаў з Расеі, а ў найбольш “ураджайныя” гады нават і больш. Абсалютная большасьць візытэраў прадстаўляюць рэгіянальныя выданьні, для якіх камандзіроўка ў “стабільную рэспубліку” – як стымул у працы. Ня дзіва: у Менску расейцаў прымаюць на вышэйшым узроўні, пасьля чаго проста няёмка пісаць нешта крытычнае. На гэтым тле паказальна, што практыка прэс-тураў па Расеі для беларускіх журналістаў адсутнічае.
Сёлета расейскія журналісты не такія частыя госьці ў Беларусі, але ўжо ня першыя. За тры дні іх звазілі ў Заслаўе, Слуцак, Барысаў, у мэмарыяльны комплекс “Хатынь”. У Салігорску гасьцям прадэманстравалі, як імкліва расьце дабрабыт працаўнікоў дзяржаўнай сфэры -- кіраўніцтва “Беларуськалію” расказала журналістам, што сярэдні заробак на прадпрыемстве наблізіўся да 1000 даляраў. Праўда, пры гэтым не акцэнтавалася, што ў іншых галінах эканомікі сытуацыя непараўнальна горшая.
Некаторыя экспэрты зьвяртаюць увагу, што прыезд расейцаў “супаў” з вырашальнай стадыяй выбарчай кампаніі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аднак кіраўнік групы маніторынгу СМІ пры БАЖ у назіраньні за выбарамі Алесь Анціпенка ня лічыць, што расейскія журналісты выкліканыя ў Менск, каб потым надаць “дэмакратычнасьці” беларускім выбарам:
“Калі гаварыць пра далёкасяжныя мэты, то, пэўна, гэта зьвязана з чарговым раўндам наладжваньня стасункаў з кіраўніцтвам Крамля праз рэгіянальныя эліты. Выбары таксама будуць тэмай, якая зацікавіць журналістаў, але ня думаю, што гэта вельмі важны вэктар сёньня для беларускага рэжыму – атрымаць нейкую станоўчую адзнаку з боку расейскіх журналістаў таго выбарчага працэсу, які адбываецца ў краіне. Таму што насамрэч (прынамсі да сёньняшняга дня) беларускі бок больш зацікаўлены ў станоўчай рэакцыі Захаду. Можна, канечне, пафантазіраваць, што гэта спробы нэўтралізаваць мажлівую нэгатыўную рэакцыю, але гэта толькі гіпотэзы.
А калі гаварыць пра рэалістычнасьць візыту, то гэта, хутчэй, задача, зьвязаная з мабілізацыяй расейскай грамадзкай думкі ў кірунку таго, што Беларусь ёсьць нібы важным партнэрам, што Беларусь мусіць атрымліваць газ па нізкіх коштах, што рэгіянальныя рынкі Расеі павінны быць адкрытымі для беларускіх тавараў. Проста ня будзем забывацца, што Аляксандар Рыгоравіч – вельмі прагматычны чалавек”.
Аўтар шматлікіх публікацый на тэму правоў чалавека ў расейскай незалежнай прэсе, лідэр апазыцыйнага Крамлю моладзевага руху “Абарона” Алег Казлоўскі кажа, што пры ўсіх эпізадычных складанасьцях у стасунках паміж Масквой і Менскам у беларускага і расейскага рэжымаў ужо больш агульнага, чым рознага. Адпаведна, гэта тычыцца і СМІ, якія “абслугоўваюць” патрэбы дзяржаўнага кіраўніцтва. Таму і такія прапагандысцкія ваяжы трэба ўспрымаць спакойна – гэта, на думку Казлоўскага, прыблізна тое ж, як журналісты з “чырвоных паясоў” Расеі езьдзяць у госьці адзін да аднаго. Толькі ў выпадку з Беларусьсю – яшчэ і бясплатна для сябе:
“Я б сказаў, што практычна Расея ўжо дагнала Беларусь. Таму што раней мы казалі выключна пра небясьпеку “лукашызацыі” Расеі, а зараз гэта ўжо факт, які мае месца. Напрыклад, па колькасьці палітзьняволеных Расея ўжо далёка наперадзе ў параўнаньні з Беларусьсю, нават улічваючы розьніцу ў памерах. Таму ўвогуле сытуацыя вельмі падобная. Асобныя дэталі, канечне, адрозьніваюцца, але ў прынцыпе сутнасьць палітычных рэжымаў аднолькавая – і ў Беларусі, і ў Расеі”.
Тым часам у суседнім з Барысавам Жодзіне ўвесь мінулы тыдзень гаспадарыла “правільная” моладзь з Расеі і Беларусі. Апроч культурнай праграмы, абмяркоўваліся пытаньні дзяржаўнай моладзевай палітыкі: тэзісы на аб’яднаньне высілкаў у пабудове Саюзнай дзяржавы не даюць спакою Цэнтральнаму камітэту БРСМ і пракамуністычным арганізацыям з Расеі. Беларусь па-ранейшаму захоўвае за сабой статус ідэалягічнага запаведніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG