Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як могуць адрэагаваць на рашэньне ўраду ЗША зьняць на 6 месяцаў санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў суб’екты беларускай палітыкі – улады ды апазыцыя? Да якіх наступстваў у беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях і ў замежнай палітыцы афіцыйнага Менску можа прывесьці гэты крок ЗША? На гэтыя пытаньні ў перадачы адказваюць палітолягі Алесь Лагвінец і Андрэй Фёдараў.


Цыганкоў: “Як можна ацаніць рашэньне амэрыканскага ўраду? Як яно паўплывае на сёньняшні стан беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў? Як могуць адрэагаваць на такі крок ЗША беларуская ўлада і апазыцыя?”

Дылема перніка і бізуна? Біць чалавека вялікім пернікам

Лагвінец:
“На маю думку, гэтае рашэньне трэба ўспрымаць вельмі пазытыўна. Тое, што санкцыі зьнятыя толькі часткова, паказвае на тое, што ў ЗША ёсьць разуменьне, што зрухі ў беларускай сытуацыі вельмі нязначныя і таму трэба дзейнічаць на падставе вельмі дробных крокаў. Спадар Лукашэнка хацеў атрымаць пазытыўны сыгнал з боку заходніх партнэраў – ён яго атрымаў. Цяпер можна сказаў, што мячык зноў на баку беларускіх уладаў. Мне здаецца, гэта вельмі правільная тактыка.

Эўразьвяз і ЗША пачынаюць разумець, што калі беларускія кіраўнікі ня хочуць ісьці за цывілізаваным сьветам, то іх трэба падводзіць – з дапамогай канкрэтных рычагоў, эканамічных абмежаваньняў альбо эканамічных прывілеяў. Але ў той жа час ставячы свае крокі ў залежнасьць ад крокаў беларускіх уладах. Як трапна неяк заўважана, -- вельмі лёгка абыйсьці дылему перніка і бізуна, б’ючы чалавека вялікім пернікам. Здаецца, зараз мы бачым якраз такую тактыку”.

Фёдараў:
“Я таксама вельмі пазытыўна ўспрыняў гэты крок амэрыканскіх уладаў. Сапраўды, існуе значны недавер з боку Захаду да ўладаў Беларусі. Пра гэта сьведчыць тое, што санкцыі адмененыя толькі на паўгоду – ЗША будуць сачыць за далейшымі дзеяньнямі Менску. Але я мяркую, гэта якраз тое, што патрэбна. Бо мы памятаем, што калі ўвесну былі зробленыя крокі афіцыйным Менскам, калі былі вызваленыя ўсе палітзьняволеныя, акрамя Казуліна, то ніякай рэакцыі з боку Захаду тады на гэта не было – і мы ўсе адчулі новае пахаладаньне ва ўнутранай палітыцы. Таму можна толькі вітаць цяперашнія дзеяньні ЗША.

Што да рэакцыі з боку Беларусі, то ўлады відавочна хацелі б большага. Але ў дадзеным выпадку нават такі крок павінен быць успрыняты пазытыўна, хаця вітацца будзе ня так горача, як магло б быць у іншых абставінах”.

“Узмацненьне ціску Захаду вельмі небясьпечна ў дадзеных абставінах”

Цыганкоў: “Так, МЗС ужо стрымана-пазытыўна выказаўся з гэтай нагоды. Але нагадаем, што сам Аляксандар Лукашэнка некалькі дзён таму выказваўся ў тым сэнсе, што пакуль Захад не адказвае адпаведна на пазытыўныя крокі Менску. Па-вашаму, ці будзе кіраўнік Беларусі задаволены гэтымі крокамі ЗША ці зноў выкажа нездавальненьне?”

Фёдараў: “Ну, я ня ўпэўнены, што ён будзе цалкам задаволены – хутчэй за ўсё палічыць, што гэтага замала. Але – лепш штосьці, чым нічога. І гэта перш за ўсё дэманстрацыя тых намераў, якія маюць ЗША – намеры адказваць пазытыўнымі крокамі на пазытыўныя дзеяньні Менску.

Што да апазыцыі, то я ўпэўнены, што пераважная большасьць будзе задаволеная такім разьвіцьцём падзеяў. Ёсьць пэўная група апазыцыянэраў, якія лічаць, што ціск трэба ўзмацняць. Але мне падаецца, што гэта вельмі небясьпечна ў дадзеных абставінах. Мы бачым, як Расея зараз паводзіць сябе, які ціск аказвае на сваіх хаўрусьнікаў, у першую чаргу Беларусь, спасылаючыся на тое, што мы знаходзімся ў “саюзнай дзяржаве”. Таму гэта вельмі небясьпечна, што беларускія ўлады будуць загнаныя ў кут, і выйсьце ў іх тады будзе толькі адно – пайсьці на Ўсход”.

Цыганкоў: “Як можа Аляксандар Лукашэнка ўспрыняць гэтае рашэньне ЗША? Ці зразумее ён яго так, што Амэрыка ў такой складанай сытуацыі для Менску падстаўляе яму “геапалітычнае плячо”?

“Момант ісьціны” больш ствараецца аналітыкамі, чым існуе сапраўды”

Лагвінец: “Ня думаю, каб ён быў у вялікім захапленьні ад такога кроку. Паколькі гэта мінімальнае і вельмі добра пралічанае дзеяньне ЗША. Мне падаецца, што Лукашэнка будзе відавочна чакаць іншых крокаў і казаць, што ў нас вялізарныя палітычныя зьмены, “самыя адкрытыя і дэмакратычныя парлямэнцкія выбары”. Мяркую, што на сёньняшні дзень беларускія ўлады яшчэ не да канца сасьпелі, каб распачаць сапраўды паўнавартасны дыялёг з Захадам, што відавочна ў нашых нацыянальных інтарэсах”.

Цыганкоў: “Падзеі вакол прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, вакол парлямэнцкіх выбараў – ці не звужаюць яны рамкі магчымасьцяў для беларускага кіраўніцтва? Ці не давядзецца Менску зараз больш радыкальна выбіраць паміж Усходам і Захадам ці па-ранейшаму можна працягваць палітыку гандлю і балянсаваньня, і няма ніякай вызначальнай сытуацыі, чым палохаюць некаторыя аналітыкі?”

Лагвінец: “Мне здаецца, што чаканьне гэтага “моманту ісьціны” больш ствараецца некаторымі аналітыкамі, чым гэта ёсьць сапраўды. Ёсьць пэўны рэзэрв існаваньня гэтай улады. Паспрабаваць працягваць гуляць так, каб не цалкам аддаваць усё Расеі і не адкрывацца пры гэтым Захаду – для ўладаў такая магчымасьць дагэтуль застаецца”

Фёдараў: “Рэсурс гэты ня вычарпаны – тут я згодны ў Алесем, але поле дзейнасьці, безумоўна, звузіліся. І найперш з-за ўсходняга чыньніку. Абвастрэньне адносінаў Расеі з усім сьветам прымушае іх ціснуць на сваіх хаўрусьнікаў – і мы гэта яшчэ адчуем. Вытрымліваць гэты ціск будзе значна цяжэй, калі ў Менску ня будзе хоць нейкай падтрымкі зь іншага боку, у дадзеным выпадку, з Захаду. Бо ані Кітай, ані Вэнэсуэла, ані Іран, (пры ўсіх магчымасьцяў, якія існуюць, і дзякуй Богу, трэба іх выкарыстоўваць) – ня могуць замяніць Захад у гэтай падтрымцы”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG