Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мірон” павесіў сьцяг да ўгодкаў Аршанскай бітвы


Бел-чырвона-белы нацыянальны сымбаль зьявіўся ў Віцебску каля поўначы 5-га верасьня на электрычных дратах недалёка ад Плошчы Перамогі.

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, спаслаўшыся на вартыя даверу крыніцы, паведаміў Радыё Свабода зьмест цыдулкі, прымацаванай да сьцяга. У ёй гаворыцца: “Віншую ўсіх зь Днём беларускай вайсковай славы. Апошнія падзеі ў Грузіі сьведчаць пра тое, што беларусам трэба сур”ёзна рыхтавацца, каб у выпадку неабходнасьці паўтарыць подзьвіг нашых продкаў пад Воршай. Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.

Паводле спадара Хамайды, сьцяг лунаў над горадам усяго каля 40 хвілін: неўзабаве яго зьнялі міліцыянты і супрацоўнікі МНС. Тым часам, як Барыс Хамайда і ягоны сябар Аляксандар Салаўян назіралі, як здымаюць сьцяг, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі паказаць дакумэнты. Ахоўнікі правапарадку заявілі, што складуць рапарт пра здарэньне, і ў ім згадаюць тое, што недалёка былі заўважаныя “падазроныя асобы” – віцебскія апазыцыянэры.

Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году і скончылася перамогай войска ВКЛ над расейскім войскам. Гэтая дата адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы. У пачатку 1990-х гадоў былі прапановы зрабіць гэтае сьвята дзяржаўным, але афіцыйным у Беларусі яно так і ня стала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG