Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам быў Віталь Каратыш. Ён нарадзіўся ў Кажан-Гарадку. На роднай Лунінеччыне працаваў, адначасова завочна закончыў прэстыжны сталічны эканамічны ўнівэрсытэт – так званы “наргас”. Ён – адзін з дэмакратычных маладых лідэраў рэгіёну, за падтрымку Аляксандра Мілінкевіча падчас мінулай прэзыдэнцкай гонкі быў звольнены з працы.

“Сацыяльны адпачынак” для салдата-дэмакрата

А калі Віталь вырашыў паўдзельнічаць у цяперашняй выбарчай кампаніі ўжо асабіста, дык «раптоўна» спатрэбіўся беларускай арміі.

Каратыш: …Экстрэнна выклікалі ў ваенкамат, экстрэнна завялі да ваеннага камісара, дзе ўжо сядзеў «купец» з брыгады сакрэтнай сувязі. Калі ён адкрыў маю справу і пачытаў, што я зьяўляюся сябрам Партыі БНФ, маю палітычныя амбіцыі, ён спалохаўся: «У нас будуць праблемы з контравыведкай».

Тады мне й паабяцалі, што з арміяй пакуль пытаньне закрываецца – зноў да мяне прыйдуць, калі я ня вытрымаю канкурэнцыі ў змаганьні за дэпутацтва. Але ж слова не стрымалі – я экстрэнна спатрэбіўся вайсковай частцы ў Магілёўшчыне. Дарэчы, там я цяпер адзін з усёй Берасьцейскай вобласьці.

Карэспандэнт: Цябе адпусьцілі на выбары зь якой фармулёўкай?

Каратыш: Доўга не маглі прыдумаць, бо яе няма! Ну не пісаць жа насамрэч салдату нешта кшталту: «адпачынак з мэтай правядзеньня агітацыйнай кампаніі»… Маёр у рэшце рэшт дадумаўся да наступнага: я еду на «сацыяльны адпачынак».

“У нас усё вялося па накатаным шляху, як і раней”

Гэта – беспрэцэдэнтны выпадак у Беларусі. Аднак Віталь Каратыш стаўся аўтарам яшчэ адной сэнсацыі – цэлы тыдзень салдат тэрміновай службы зьяўляўся грамадзкім рэдактарам Радыё Свабода, штодня быў у эфіры, а на завяршэньне даручыў журналістам падрыхтаваць перадачу на тэму «Служба ў войску: па беларускаму ўставу ці па «традыцыях» савецкай арміі?”

І найперш Віталь параіў нашаму гарадзенскаму карэспандэнту Міхалу Карневічу пагутарыць з тымі, хто служыў за Саветамі і ўжо ў сувэрэннай Беларусі ў элітных войсках. Раней гэта найперш былі дэсантнікі і памежнікі. І хоць сувязісты, напрыклад, ганарыліся тым, што яны – «вайсковы нэрв», безь якога няма сэнсу пачынаць бой, а ракетчыкі, зразумела, хваліліся сваёй наймагутнейшай зброяй, аднак менавіта хлопцы ў цяльняшках сталіся сымбалем элітнасьці. Сярод іншага і таму, што толькі яны сьвяткавалі свае дні – памежніка і дэсантніка. Прычым так, што гарады, як кажуць, «станавіліся на вушы». А што цяпер?

Жаўнеры ў запасе ўзгадваюць аб сваёй службе ў элітных вайсковых частках былой Савецкай арміі і беларускага войска.

Спадар Анатоль, які напачатку 1980-х служыў у Кішынёўскім памежным атрадзе, найперш узгадвае пра баявую падрыхтоўку й дысцыпліну ў падразьдзяленьні:

“У тыя часы мы жылі непасрэдна па статуце. Калі была трывога, то гэта была сапраўдная трывога, калі трэба было бегчы, мы беглі, стралялі. Усё рабілася па раскладзе і вельмі сур’ёзна”.

Анатоль узгадвае, што высокая сьвядомасьць і адказнасьць жаўнераў штодзённа падмацоўвалася правядзеньнем ідэалягічнай работы з асабовым складам:

“Безумоўна, апрацоўка нашых галоў вялася сур’ёзная. Вера, адданасьць радзіме была адназначнай. Памятаю, глядзелі на румынскую тэрыторыю, бачылі людзей, праўда, варожасьці да іх не было, але ўвесь час думалі аб тым, каб адтуль нехта не прайшоў на наш бок”.

Спадар Уладзімер служыў ужо ў беларускіх памежных войсках і, на ягоную думку, асаблівых зьменаў, у параўнаньні з савецкімі часамі на заставах не адбылося.

Спадар Валеры ў 1999 годзе знаходзіўся на службе ў элітнай частцы спэцназу. Зь ягонага вопыту, ён нават і не адчуваў, што служыць у беларускім войску:

“Нават патрыятычнага выхаваньня, акрамя чырвонага кутка з чырвона-зялёным сьцягам, у нас не было. І з боку афіцэраў выхаваньня любові да Беларусі, таго, што мы найперш павінны бараніць сваю радзіму, таксама не было”.

Спадары Анатоль і Уладзімер штогод 28 траўня на дзень памежніка ходзяць на сустрэчу са сваімі саслужыўцамі. Пытаюся, што іх туды прыцягвае.

Спадар Анатоль: “Цяпер я хаджу туды толькі таму, што ўжо склалася такая традыцыя, бо, на маю думку, ніякай ідэі ў гэтым няма. Гэта раней было цікава, калі мы ішлі па гораду ў шэрагах, усе на нас глядзелі – адчуваўся гонар”.

На думку спадара Ўладзімера, хлопцы, якія служылі ўжо ў беларускіх пагранвойсках, падтрымліваюць больш цесныя сувязі, паколькі жывуць усе побач і дзеля гэтага ёсьць магчымасьць. А вось сустракацца 28 траўня пачалі па-іншаму:

“Ня так цяпер цікава стала. Раней, калі я толькі звольніўся, то сустрэчы арганізоўвалі самі хлопцы і было сапраўды цікава, мы вельмі шмат размаўлялі, дзяліліся сваімі ўспамінамі. Цяпер, калі сустрэчы пачалі арганізоўваць у пагранатрадзе з аркестрам, парадам, стала ня вельмі цікава”.

У спадара Валеры я пытаюся – чым адрозьніваюцца элітныя вайсковыя часткі ад звычайных?

“З расказаў маіх знаёмых, сяброў, якія служылі ў звычайных частках, я зразумеў, што ў прынцыпе нічым яны не адрозьніваюцца. Мы таксама хадзілі й прыбіралі стадыёны ў Менску перад важнымі матчамі – “Дынама”, “Трактар”.

Але галоўнае, на што зьвяртае ўвагу суразмоўца – у беларускім войску, як і ў савецкім, не прымаецца асоба, індывідуальнасьць. Гэтыя рысы, зь ягоных слоў, надалей здушваюцца:

“Многія афіцэры лічылі, што калі чалавека ставяць у такія складаныя ўмовы і ён не зломіцца, то, маўляў, стане сапраўдным байцом”.

Камэнтуе Віталь Каратыш:

– Дэсантнікі, памежнікі… Цяпер больш дакладна казаць пра суперніцтва паміж апошнімі і спэцназаўцамі. Прынамсі ў сябе ў вёсцы заўважаў: калі нехта прыходзіць са спэцназу, то менавіта паміж імі пачыналіся разборкі з нагоды “хто круцейшы?” і тое часьцяком заканчвалася добрым такім мардабоем…

Ужо ў войску чуў ад саслужыўцаў пра вучэбнае зьнішчэньне спэцназаўцамі адной нашай устаноўкі . Аднак і мае сябры не засталіся ў даўгу: захапілі аднаго з тых “Рэмба” ў палон. За тое адразу даюць трое сутак адпачынку… Бо – прэстыжна!

Аднак апроч баявых, спэцназу ставяць і вельмі брудныя задачы. Па так званай ахове правапарадку, якая часьцяком ператвараецца ў брутальны разгон мірных грамадзянаў.

Адзін з маіх знаёмцаў расказваў пра тое ну проста з захапленьнем! Як ганяліся за апазыцыянэрамі, лавілі іх… Хлопец абсалютна перакананы ў тым, што робіць добрую справу, на карысьць дзяржавы… Крыўдна, канечне, але я выдатна ведаю, як лёгка ў войску загрузіць салдата ідэалягічна.

Шкада, што такая баявая моц краіны, як брыгада спэцыяльнага прызначэньня скарыстоўваецца супраць свайго народу.

“Дзедаўшчына” застаецца ў легендах: пакрысе яе дабіваюць

Гэтаксама, як пра “мірныя подзьвігі” дэмабілізаваных дэсантнікаў з памежнікамі, у народзе начутыя і пра армейскую “дзедаўшчыну”. Яна фактычна сталася грознай “легендай”, якой раней баяліся і прызыўнікі, і іхныя бацькі. Што да сёньняшніх рэалій, дык у Міністэрстве абароны Беларусі заяўляюць: такой зьявы, як “дзедаўшчына”, у беларускім войску няма, і наагул колькасьць злачынстваў ва Ўзброеных сілах зьменшылася ў параўнаньні з 1994 годам утрая, хоць выпадкі нестатутных узаемаадносінаў між вайскоўцамі ня выкараненыя. Шарагоўцы з такой ацэнкай праблемы не згаджаюцца.

Адно з тлумачэньняў “дзедаўшчыны” гучыць гэтак: “парушэньне статутных правілаў ўзаемаадносінаў між вайскоўцамі, якія выяўляюцца ў выбудаваньні герархіі сярод салдатаў і сяржантаў. Характэрнай рысай “дзедаўшчыны” ёсьць прыніжэньне гонару й годнасьці, выкарыстаньне альбо пагроза выкарыстаньня гвалту”.

У прэс-службе міністэрства абароны паведамілі, што пра выкараненьне гэтай хваробы заяўлялася яшчэ ў 2002 годзе:

“У нас такая зьява адсутнічае, а нестатутныя ўзаемаадносіны, канечне, прысутнічаюць, як любы канфлікт мужчыны з мужчынам у калектыве закрытага тыпу”, – зазначыў прэсавы сакратар Вячаслаў Рамэнчык

З гэтым не згаджаецца былы салдат тэрміновай службы інжынэрных войск Пётар. Ён зазначае: “дзедаўшчына” праяўляцца адразу ж пасьля прыняцьця маладым папаўненьнем прысягі.

“Былі дастаткова сур’ёзныя псыхічныя зрывы, было й такое, што чалавек рэзаў сабе вены. Маладыя салдаты, якія толькі прыйшлі на службу, – свабоднага часу ў іх наагул няма. Іх займаюць усім тым, што хочацца “дзядам”. Падшываюць іх, чысьцяць абутак”.

Спадар Пётар вінаваць у спрыяньні “дзедаўшчыне” афіцэраў:

“Гэта й нараджае “дзедаўшчыну”. Яны аддаюць сытуацыю на водкуп “дзядам”. Ад гэтага і ўзьнікае: “Два прызывы старэйшыя за цябе – яны супраць цябе”. Атрымліваецца, ты ў любым выпадку будзеш усё выконваюць, а калі не, то пастаянна будзеш знаходзіцца ў нейкіх “нядобрых” месцах. Нашы ўмовы былі нават крыху мякчэйшыя, чым у памежных войсках. Там усё яшчэ найбольш жорстка”

Дык ці ёсьць у цяперашнім беларускім войску “дзедаўшчына” і як яна сябе там праяўляе? Вось некаторыя меркаваньня магілёўцаў:

Спадар: “Калі ёсьць, то невялікая – з Расеяй не параўнаць. Наколькі гэта сур’ёзна, наколькі гэта распаўсюджана, цяжка казаць. Відаць, як паўсюль: старэйшыя выхоўваюць маладзейшых”.

Спадар: “Я лічу, што ёсьць такія маміны сынкі, якія нічога ў дзяцінстве не рабілі да юнацкіх гадоў. У войска пайшлі, і для іх усё здаецца цяжкім, вось яны і сьпіхваюць усё на “дзедаўшчыну”.

Спадарыня: “Дапускаю, што ёсьць. Я лічу, гэта ня дужа ўжо добра. Навошта нам яна?”

Юнак: “Канечне ёсьць! Гэта лепшы выбар за статут. Па статуце цяжэй служыць, чым за “дзедаўшчынай”.

Цікавая акалічнасьць: ніводзін з апытаных ня здолеў сфармуляваць сваё бачаньне таго, што адбываецца цяпер у сучасным беларускім войску.

Камэнтуючы гэтую сытуацыю, маёр танкавых войск у адстаўцы Генадзь Суднік зазначае: беларускае войска па сутнасьці сваёй – закрытая для грамадзтва сфэра.

“Вось так атрымалася (зразумела, гэта так улада й зрабіла), што нам гэта не цікава. І толькі калі нікалі недзе пачуеш: там нешта здарылася, што відавочна сьведчыць пра тое, што ня самая здаровая структура – армія. Ну й тады гэта кранае толькі тых, хто побач з гэтым. Ведаць пра тое, як жыве армія, чым жыве, чым дыхае, што там адбываецца, грамадзтва, канечне ж, абавязана”.

Камэнтуе Віталь Каратыш:

– “Дзедаўшчына” – гэта найперш прыніжэньне годнасьці. Але сёньня яна ўжо зусім іншая, чым была раней. Цяпер больш карэктна гаварыць пра традыцыі службы з пэўным “дзядоўскім” адценьнем.

Тое выяўляецца, напрыклад, у тым, што салдаты старэйшага пэрыяду службы могуць хадзіць з расшпіленым гузікам, насіць шапку набакір, ня так, як байцы першага пэрыяду… Яшчэ традыцыя бяскрыўдная: “дзед” мусіць аддаваць сваё масла “духу” ці “бічу”, а раней яго адбіралі ў маладых.

У савецкай арміі такіх вось падзелаў было болей: “зялёнкі, “духі”, “чэрапы”, “сланы”, “дзяды”… Цяпер градацыя скарацілася. Наагул “дзедаўшчына” пакрысе зьнікае. Вынік таго, што за яе сур’ёзна ўзяліся – гэта ўжо вышэйшае армейскае кіраўніцтва пашчыравала. У выніку праяваў жорсткасьці становіцца ўсё меней і меней.

“За саветамі адчуваць сябе беларусамі было цяжка, а цяпер усё мяняецца”

Якія зьмены адбыліся за апошнія гады ў зямляцкіх стасунках паміж саслужыўцамі? Некалі гэта быў магутны фактар, які шмат уплываў на ўзаемаадносіны ў вайсковых калектывах, іх маральную атмасфэру. Бо казармы, палігоны, стрэльбішчы дзяліліся ня толькі на “дзядоў” і “маладых” – салдаты таксама гуртаваліся паводле нацыянальнасьці, і свае нярэдка абаранялі сваіх, дапамагалі ім. Ці існуюць сёньня ў беларускай арміі непрыхільнасьць, варагаваньне на глебе тэрытарыяльнай прыналежнасьці салдат, калі гарадзенскія ня любяць віцебскіх, лідзкія – шчучынскіх, магілёўскія – бабруйскіх і наадварот?

Журналіст Іван Роман служыў два гады ў Савецкай арміі ва Ўкраіне, дэмабілізаваўся ў 1989 годзе. Спачатку ён трапіў у буйны вучэбны цэнтар “Дзясна” пад Кіевам, потым служыў у сапёрным батальёне ў Чаркасах:

“Складана было адчуваць сябе беларусам па розных прычынах. Бо што, напрыклад, аб’ядноўвала тых літоўцаў ці эстонцаў, якія служылі? Ці азэрбайджанцаў, туркмэнаў? Іх аб’ядноўвала мова, яны размаўлялі паміж сабой на сваёй мове. У адрозьненьне ад беларусаў, у якіх мова была расейская. Гэта, на мой погляд, істотная страта, не было таго аб’яднаўчага фактару. Ну, і беларусы кожны сам сабе і жыў. Напрыклад, калі б’юць беларуса туркмэны ці казахі, то ўсе астатнія глядзяць на гэта. А калі наадварот, то прыбягаюць салдаты зь іншых падразьдзяленьняў, калі нехта пабіў іхняга земляка. Калі я заступіўся за хлопца, якога моцна прэсавалі, ну то потым мне далі. Астатнія глядзелі, бо рускім гэта не цікава, украінцам таксама. Ва ўкраінцаў таксама свая суполка была, бо зноў жа моўны фактар. На вялікім і магучым размаўлялі, апроч расейцаў, таксама беларусы. Але яны адны адных не падтрымлівалі, бо ў расейцаў было стаўленьне да беларусаў, як да “калгасу”, як да людзей другога гатунку ў пэўным сэнсе”.

Іван Роман кажа: ягоны брат служыў ужо ў беларускай арміі, у Менску і ніякай непрыхільнасьці з боку іншых, негарадзенцаў, не адчуваў. Больш за тое, яго часта адпускалі дахаты на выходныя. А ў Савецкай арміі адпачынак, адзін раз за службу, давалі далёка ня кожнаму.

Выкладчык юрыдычных дысцыплінаў у Гарадзенскім унівэрсытэце Ігар Кузьмініч служыў толькі год — у Горадні, у беларускай арміі, пры канцы 1990-х. У армію ён трапіў пасьля асьпірантуры ў 26 гадоў. Зразумела, што ўсе салдаты былі свае, зь Беларусі, прычым збольшага нават землякі:

“Я праходзіў службу ў артылерыі, у гаўбічным самаходным дывізіёне. Наколькі я памятаю, у нашай батарэі большасьць салдат было з Горадні альбо з Гарадзеншчыны. Сказаць так, што былі нейкія непрыязныя адносіны па зямляцкіх прыкметах, то не. Але як у кожным войску, усё ж-такі зьвяртаюць увагу на салдатаў, якія прыбылі зь іншых раёнаў. У нас чамусьці вельмі не любілі тых, хто з Воранаўскага раёну. Ня ведаю чаму, але яны лічыліся самымі няздатнымі да службы. Увесь час калі кпілі з кагосьці, то гэта з воранаўскіх. У нас быў адзін хлопец з Воранава, яго ўвесь час пасылалі прыбіраць сьнег. Казалі, што некалькі воранаўскіх паехалі дахаты ў адпачынак і не вярнуліся своечасова. Верагодна праз гэтага сталі лічыць, што з Воранаўшчыны прыходзяць такія салдаты, якія не разумеюць што такое служба. Але гэта істотна не ўплывала на ўзаемаадносіны паміж самімі салдатамі”.

Камэнтуе Віталь Каратыш:

– Сябры з адной вёскі, відавочна, і ў войску мусяць трымацца разам. Так яно і ёсьць. Асабліва калі яны з аднаго прызыву. Вось і дзеляцца паміж сабой, ім заўсёды прасьцей знайсьці агульную мову.

Аднак часта гэтаксама сябруюць і салдаты з розных куткоў Беларусі ці вобласьці. Маё становішча – адзін з Лунінца – мае нават больш перавагаў: хлопцы цікавяцца жыцьцём на Палесьсі, нашымі адметнасьцямі, прыслухоўваюцца да гаворкі… Мо нехта й не паверыць, аднак я адчуваю нават далікатнасьць саслужыўца ў падборы словаў – яны асьцерагаюцца, што звыклае для іх, магілёўцаў, можа пакрыўдзіць ці абразіць мяне.

Адным словам, зямляцкія традыцыі часоў Савецкай арміі ў сёньняшнім беларускім войску зьніклі. Хоць бы таму, што па вялікім рахунку мы цяпер усе ў казармах сталіся землякамі.


“Заўсёды будзе праслойка грамадзтва, каму войска – прапісана”

Пазнавальная сытуацыя, растыражаваная савецкім кінэматографам і літаратурай: строгі бацька выхоўвае гуляку-сына і апошнім аргумэнтам гучыць: “Пойдзеш у войска, толькі там зь цябе чалавека зробяць!” Ці здольная сучасная казарма на выхаваньне і перавыхаваньне асобы? Чым была тэрміновая служба ў савецкія часы і чым ёсьць цяпер? Якая была матывацыя ісьці ў армію або “касіць” ад яе раней і цяпер?

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч праходзіў тэрміновую службу ў 1973-74 гадох. На той момант шмат хто ўспрымаў службу ў войску як своеасаблівую ініцыяцыю для маладога хлопца. І ў пэўнай ступені гэты стэрэатып меў рацыянальную глебу, кажа Уладзімер Мацкевіч:

“Ён часткова быў створаны, канешне, штучна. І падтрымліваўся сродкамі масавай інфармацыі, усёй ідэалягічнай машынай і гэтак далей. Але шмат на каго гэта ўзьдзейнічала. І асабіста я таксама час ад часу прыходзіў да высновы, што хоць гэта і глупства, хоць там і бязглуздасьці, і жорсткасьці, і злачынства пэўнага хапае, але ж гэта неабходная справа, грамадзянскі абавязак... І выкідаць гэта немагчыма і ня трэба, – гэта было”...

Дызайнэр Сяргей Скрыпнічэнка адслужыў у войсках, якія абслугоўвалі касьмічную галіну ў 1989-1991 гадох. Ніякага жаданьня служыць Радзіме на тэрміновай службе ня меў, але на ўласным досьведзе ўпэўніўся: гэта ўнікальны жыцьцёвы досьвед. І карысьць яго пераацаніць цяжка:

“У войска я трапіў выпадкова. Літаральна ў ваенкамат запрасілі падпісаць там нейкія паперкі, і дадому я вярнуўся праз два гады. І ў пэўным моманце я ўсьвядоміў, што сытуацыя, калі ты трапляеш у нейкую залежнасьць, мяне атачаюць людзі, якіх я не выбіраў сабе ў кампанію, і зьмяніць ты гэтыя абставіны ня можаш – гэта можна разгледзець як унікальную магчымасьць школы жыцьця. Калі ты вучысься кантраляваць сытуацыю. Гэта ніяк нельга назваць гадамі, выкінутымі з жыцьця, згубленымі. На “гражданцы” я б ніколі такога досьведу не перажыў”

А вось іншы мой суразмоўца, якому цяпер 29 гадоў, у 14 марыў ісьці ў Сувораўскую вучэльню і працягваць сямейную дынастыю вайскоўцаў. Але яго адгаварыў бацька, - маўляў, рабіць там няма чаго. І сёньня, гледзячы на сытуацыю ў сучасным беларускім войску, ён разумее рацыянальнасьць бацькавай парады:

“Я пайшоў бы ў армію, калі б там была сапраўдная вайсковая падрыхтоўка, калі б не было там дзедаўшчыны, каб меней трэба было мятлой месьці, дах рубэроідам выкладаць, цэглу цягаць, – карацей, займацца тым, што ніяк да вайсковай службы не адносіцца, – то я б у войска служыць пайшоў”...

Пакуль у войску не пачнуць сапраўды вучыць абараняць краіну ў выпадку неабходнасьці, яна будзе заставацца нейкім абстрактным страшыдлам для запужваньня інфантыльных маладзёнаў. Але і гэтая функцыя мае пэўную карысьць, кажа Уладзімер Мацкевіч:

“Шмат для якіх людзей дысцыпліна, вонкавая ўпарадкаванасьць уласнага жыцьця, – карысна. Шмат каму нават падабаецца, уласьціва іх характару... І я думаю, заўсёды будзе праслойка грамадзтва, каму войска – прапісана. Якія маюць усе падставы служыць у войску, яно – для іх”.

Камэнтуе Віталь Каратыш:

- Згадваючы савецкія часы, наш камбат гаворыць: тады дзяўчаты адмаўляліся нават таньчыць з тымі, хто не служыў! А цяпер, маўляў, зусім ня тое. Яно й праўда – тады сапраўды для масы было за гонар паслужыць, цяпер жа іншае.

Матывацыя ёсьць, напрыклад, у тых, хто хоча атрымаць вайсковы білет дзеля далейшага працаўладкаваньня ў міліцыі, КДБ, Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў, у пажарнай частцы ды іншых “цёплых”, на іх погляд, месцах, дзе па традыцыі патрабуецца, каб ты меў армейскі досьвед. А некаторыя – асабліва зь ліку вяскоўцаў, зацікаўленыя застацца нават на кантракце ў войску. Іх я разумею: цяжка ў глыбінцы з працаўладкаваньнем, заробкамі, самарэалізацыяй.

На маё назіраньне, у войску ўсё менш становіцца гараджанаў – яны імкнуцца ўхіліцца ад службы. Прычым пад самымі рознымі соўсамі, як кажуць.

Вось адзін жудасны выпадак. Хлопец так не хацеў у армію, што паслухаў парады: насыпаў у хлебны мякіш вапны ды праглынуў, каб паказаць, што ў яго павышаная кіслотнасьць. Аднак перабольшыў з дозай і ў выніку згубіў дзьве траціны страўніка, да канца жыцьця будзе харчавацца праз трубачку.

Адкуль гэтае жаданьне разьмінуцца з войскам? Нехта думае, што страціць грошы, якія мог бы зарабіць за той час, нехта баіцца згубіць здароўе, нехта наагул лічыць за лепшае не марнаваць час “на дурноту”…

А пры СССР верылі ў “сьвяшчэнны абавязак” – адсюль, так скажам, “сьвятыя” матывы. Цяпер жа матывацыя ў асноўным прагматычная. Адсюль і ўсё большая колькасьць тых, хто імкнецца “адкасіць” ад службы. Першаступеннай становіцца ацэнка ўласнай выгоды: што малады чалавек будзе з гэтай службы мець? Перад патрыятызмам моц набірае мэркантылізм.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG