Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Байкот – гэта невыканальная рэч”


ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК. Штодня мы расказваем пра барацьбу за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Факт. Прэтэндэнт-бэнээфавец Аляксандар Мех з Кобрыні наладзіў агітацыйную сустрэчу зь пяцьцюдзесяцьцю мясцовымі міліцыянтамі.

Лічба. У выпадку, калі АДС прыме рашэньне пра байкот, яму не падпарадкуюцца прыблізна 50 дэмакратаў

Сытуацыя: У Гомелі дэмакратычныя актывісты распачалі грамадзянскую кампанію сярод выбарцаў “Думай, разважай, дзейнічай”.

ФАКТ

Кіраўнік Кобрыньскай арганізацыі Партыі БНФ, кандыдат ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Мех сустракаўся з супрацоўнікамі Кобрынскай міліцыі:

“Я ўжо правёў каля дваццаці сустрэч з выбарцамі. На іх прысутнічала, як мы палічылі, больш за 2000 чалавек. Зь міліцыяй наконт сустрэчы дамовіліся загадзя. Я прыйшоў у актавую залю. Там прысутнічала 50 міліцыянтаў. Быў таксама кіраўнік Кобрыньскага РАУС таварыш Ярашук. Я ім пажадаў, каб заўжды было чыстае сумленьне і папрасіў ніколі не ісьці на парушэньне закону”.

Гэта – фактычна беспрэцэдэнтны прыклад агітацыйнай працы з асабовым складам праваахоўных органаў. Увогуле, паведамленьні сьведчаць, што мясцовыя сілавікі, улады ў цэлым у асноўным чыняць перашкоды.

Аляксандар Мех працягвае:

“Калі мне перашкаджаюць, я іду да кіраўніка прадпрыемства, кладу перад ім сваё пасьведчаньне кандыдата і кажу, што народ у Кобрыне мяне падтрымлівае. Кажу, што я стану дэпутатам. І дадаю, што ня ведаю, які лёс чакае таго, хто парушае дзейныя законы”.

СЫТУАЦЫЯ

У Гомелі дэмакратычныя актывісты распачалі грамадзянскую кампанію сярод выбарцаў “Думай, разважай, дзейнічай”.

У Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 многія гараджане атрымалі ўлёткі. Гаворыць актывіст стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Пётар Кузьняцоў:

“Мы пачалі нашу кампанію з выкарыстаньня дзейнага парлямэнту як прыкладу таго, што бывае, калі людзі абыякава ставяцца да выбараў. Гэты парлямэнт паказаў насамрэч, якім парлямэнт не павінны быць. Ён адмяніў льготы, не абараніў ні прадпрымальнікаў, ні працоўных ад кантрактаў. Ён прыняў новую рэдакцыю Працоўнага кодэксу, які пагоршыў становішча людзей працы. Гэта ўсё вельмі сур’ёзна адбілася на ўзроўні жыцьця. Цяперашнія дэпутаты па сутнасьці прызначаныя, а ня выбраныя грамадзянамі. Мы не заклікаем да байкоту парлямэнцкіх выбараў, мы працуем на абуджэньне грамадзкай актыўнасьці”.

Паводле спадара Кузьняцова, у наступных зваротах да выбарцаў актывісты раскажуць пра пазыцыю ў парлямэнце дзейнага дэпутата ад улады ў Цэнтральнай акрузе Аляксандра Шаўко, які, дарэчы, абіраецца паўторна. Таму выбарцы мусяць да галасаваньня вызначыцца, які сапраўды народны дэпутат ім патрэбны й якія пытаньні ў парлямэнце яму трэба вырашыць.

АСОБА

Незалежны кандыдат Сяргей Кузьмінок, які балятуецца па Гарадзенскай Занёманскай акрузе №49, разьвесіў у горадзе аб’явы: а 18-й гадзіне адбудзецца ягоны выступ па тэлебачаньні. Старшыня акруговай камісіі загадаў зьняць аб’явы й запатрабаваў пісьмовага тлумачэньня.

Кузьмінок: “Законам вызначана, што кандыдаты ў дэпутаты маюць права разьмяшчаць аб’явы. І я гэта зрабіў згодна з заканадаўствам, а што датычыць якім накладам і на якой тэхніцы, то ўнізе на аб’явах было дапісана, што гэта зроблена на ўласным абсталяваньні. Дык чаму я яшчэ павінен пісьмова тлумачыцца?”

ЛІЧБА

76 асобаў, якія ўваходзяць у адзіны сьпіс Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты. А колькі застанецца, калі будзе прынятае рашэньне пра байкот выбараў?

Васіль Палякоў і Леанід Судаленка з Гомельшчыны падалі ў акруговыя камісіі заявы пра тое, што яны спыняюць выбарчую гонку, бо вырашылі далучыцца да байкоту выбараў.

А калі рашэньне аб байкоце выбараў прыме кіраўніцтва АДС? Колькі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты могуць яго падтрымаць?

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка прагназуе:

“Больш за 70% застануцца. Я так прагназую. І гэта лічба не са столі. Я сыходжу з вынікаў рэйтынгавага галасаваньня на апошнім паседжаньні АДС. Тады зь 51 прысутнага кандыдата толькі 8 прагаласавалі за тое, каб здымацца. Я лічу, што на практыцы будзе прыкладна тое ж самае.

Байкот – гэта невыканальная рэч. І гэта было зразумела шмат каму з самага пачатку. Сэнс мае толькі поўнае салідарнае рашэньне. А калі 3 зьнялося, а 20 – не, як, прыкладна, у Гомелі, дык такое рашэньне не дасягае палітычнай мэты”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG