Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні заявіў у Кіеве, што ўкраінская падтрымка Грузіі і візыт прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі ў Тбілісі на пачатку расейска-грузінскай вайны далі „мужны прыклад іншым”.


Чэйні прыляцеў у Кіеў з Тбілісі, а перад Тбілісі наведаў Баку. І хоць ён прадстаўляе адміністрацыю прэзыдэнта Джоржа Буша, які празь некалькі месяцаў пакіне сваю пасаду, то ягоная паездка ў Азэрбайджан, Грузію і Ўкраіну ўспрымаецца як моцная падтрымка Вашынгтону гэтым тром дзяржавам.

На супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Юшчанкам Чэйні сказаў:

„Прэзыдэнт Буш папрасіў мяне перадаць выразнае пасланьне ўкраінскаму народу: Злучаныя Штаты глыбока і нязьменна зацікаўленыя ў вашым дабрабыце і бясьпецы. Амаль два дзесяцігодзьдзі мы стаялі побач з вамі і дапамагалі вам забясьпечваць вашу незалежнасьць, сувэрэнітэт і інтэграцыю ў міжнародную супольнасьць. Сёньня мы заяўляем пра нашу непахісную пастанову ўзмоцніць сувязь паміж нашымі краінамі ня толькі цяпер, але і на працяглы час”.

Чэйні таксама закрануў пытаньне сяброўства Ўкраіны ў НАТО:

„Украінцы маюць права выбраць, ці хочуць яны далучыцца да НАТО, а НАТО мае права запрасіць Украіну далучыцца да альянсу, калі мы ўпэўнімся, што вы гатовыя, і што час дзеля гэтага адпаведны. Ніякая пабочная краіна ня мае права вэта. Саюзьнікі пагадзіліся ў Бухарэсьце, што Ўкраіна ў рэшце рэшт будзе членам НАТО, і гэтае абяцаньне мае сваю сілу і сёньня”.

Раней, будучы ў Тбілісі, Дык Чэйні выказаў моцную падтрымку ЗША памкненьням Грузіі ўступіць у НАТО. Да таго, Вашынгтон паабяцаў Тбілісі 1 мільярд даляраў на адбудаваньне інфраструктуры краіны, зьнішчанай у вайне з Расеяй.

Як і чакалася, візыт Чэйні ў Грузіі выклікаў вострую рэакцыю Масквы. Андрэй Несьцярэнка, прэс-прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Расеі, сказаў учора:

„У чарговы раз прагучала бравурная рыторыка аб ўсебаковай падтрымцы Вашынгтонам, я цытую, „мужнай маладой дэмакратыі”. Такога роду выказваньні і, перш за ўсё, новыя абяцаньні хуткага членства ў НАТА для Тбілісі, толькі мацуюць у рэжыму спадара Саакашвілі небясьпечнае адчуваньне беспакаранасьці і заахвочваюць яго агрэсіўныя амбіцыі”.

Чарговым разам прагучала бравурная рыторыка аб ўсебаковай падтрымцы Вашынгтонам, я цытую, „мужнай маладой дэмакратыі
Візыт Дыка Чэйні ў Кіеве супаў якраз з чарговым вострым палітычным крызісам у краіне. Два дні таму прэзыдэнт Юшчанка абвінаваціў прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку ў „канстытуцыйным перавароце”, калі яе блёк прагаласаваў разам з апазыцыяй за законы, якія даюць больш паўнамоцтваў ураду за кошт абмежаваньня прэзыдэнцкай ўлады. Урадавая кааліцыя былых саюзьнікаў з Памаранчавай рэвалюцыі 2004 году практычна рассыпалася.

Паводле Юшчанкі, кааліцыю можна сабраць нанава толькі пры ўмове, калі блёк Цімашэнкі скасуе згаданыя законы ды прыме пастанову ў падтрымку Грузіі. Цімашэнка, у адрозьненьне ад Юшчанкі, які заняў антымаскоўскую пазыцыю ў расейска-грузінскім канфлікце, выказвалася пра гэты канфлікт вельмі асьцярожна. Гэта, магчыма, дало падставы некаторым чыноўнікам з прэзыдэнцкай адміністрацыі абвінаваціць яе ў здрадзе нацыянальных інтарэсаў. Паводле гэтага абвінавачаньня, Юлія Ціамашэнка пагадзілася не асуджаць Масквы за яе інтэрвэнцыю ў Грузіі ў абмен на расейскую падтрымку для яе на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў 2010 годзе.
XS
SM
MD
LG