Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Барадзін хоча пашырыць сфэру сваіх паўнамоцтваў”


У беларускім Міністэрстве замежных спраў не камэнтуюць заяву дзяржсакратара Саюзу Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна пра тое, што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя павінны ўвайсьці ў склад саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.


У інтэрвію расейскай радыёстанцыі “Эхо Москвы” Павал Барадзін выказаў меркаваньне, што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя змогуць стаць паўнапраўнымі сябрамі саюзнай дзяржавы да канца гэтага году. Маўляў, гаворка йдзе не пра захоп тэрыторый, а чыста пра эканамічны аспэкт.

Павал Барадзін лічыць, што такім чынам можна стварыць працоўныя месцы для жыхароў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ён мяркуе, што прэзыдэнты і прэм'еры, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка, пойдуць на тое, каб дапамагчы “гэтым абяздоленым людзям”.

Адносна заяваў Паўла Барадзіна прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў сказаў:

“Ніякіх камэнтароў у мяне на гэты конт няма. Я ніяк не магу пракамэнтаваць гэтае выказваньне”.

Паводле расейскага дэпутата, кіраўніка інстытуту СНД Канстанціна Затуліна, заява Барадзіна мае сэнс толькі ў выпадку прызнаньня афіцыйным Менскам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

“Я аддаю належнае жаданьню Барадзіна пашырыць сфэру сваіх паўнамоцтваў. Я ня бачу перашкодаў для ўступленьня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў склад саюзнай дзяржавы, калі Беларусь гатова іх прызнаць. Усё ж пытаньне аб прызнаньні застаецца ключавым. І чым хутчэй гэтая паўза кіраўніцтвам Беларусі будзе зьнятая, тым менш будзе тых, хто сумняваецца ў далейшых беларуска-расейскіх адносінах”.

На пытаньне, ці магчыма Беларусі чакаць нейкіх саступак па цэнах на газ за прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, спадар Затулін сказаў, што, магчыма, гэтыя саступкі і трэба зрабіць:

“Але тое, што яна ставіць у залежнасьць ад саступак сваё прызнаньне, нядобра адбіваецца на нефармальным электараце Лукашэнкі ў Расеі”.

Гэтымі днямі некалькі беларускіх дэпутатаў, сярод якіх і Мікалай Чаргінец, разам з расейскімі наведалі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Аднак у камэнтарах, зьмешчаных у афіцыйнай “Народнай газэце”, яны не сьпяшаюцца прызнаць самаабвешчаныя рэспублікі.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, і наўрад ці гэта адбудзецца сёньня на саміце АДКБ. А пакуль Беларусь гэтага ня зробіць, іх уваход у саюзную дзяржаву наўрад ці магчымы:

“Як гэта можа адбыцца? У якім статусе яны туды ўвойдуць? Калі наша дзяржава не прызнае, як яна можа ўступаць зь імі ў нейкія арганізацыі? Гэта першая адтэрміноўка. Па-другое, зразумела: калі гэта і адбудзецца, мы іх прызнаем і яны ўвойдуць у саюзную дзяржаву, то тады па ўсіх спрэчных пытаньнях, калі ў Беларусі будуць нейкія разыходжаньні з Расеяй, у Расеі будуць тры галасы супраць аднаго беларускага. Бо няма ніякага сумневу, на чыім баку будуць выступаць гэтыя тэрытарыяльныя ўтварэньні. У зьвязку з гэтым я вельмі сумняваюся, што беларускі бок будзе вельмі задаволены такім разьвіцьцём падзей. Ну а што тычыцца дапамогі, то ёсьць для гэтага нейкія й іншыя шляхі. Да гэтага часу Расея вельмі добра выконвала ўсе свае абавязкі адносна іх. Фактычна іх утрымлівала. Тут няма сумневаў, што яна можа рабіць гэта і далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG