Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалачак перніка


Камэнтар аглядальніка "Свабоды" Юрыя Дракахруста.

28 жніўня прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрт Вуд заявіў, што “ЗША разглядаюць магчымасьць скасаваць санкцыі супраць Беларусі, калі Менск зробіць крокі ў кірунку палітычных рэформаў”.

Тады ж намесьнік памочніка дзяржсакратара Дэвід Мэркэль, які за некалькі дзён да гэтага наведаў Менск, паведаміў, што рашэньне аб санкцыях будзе прымацца па выніках парлямэнцкіх выбараў у верасьні.

Але, як бачым, ня сталі чакаць ні вынікаў выбараў, ні “крокаў у накірунку палітычных рэформ”. Не, у пэўным сэнсе чакаюць, не скасаваныя ані санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім” , ані візавыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх урадоўцаў і афіцыйных асобаў.

Адмененыя толькі самыя “сьвежыя” , самыя апошнія санкцыі супраць лідзкай “Лакафарбы” і полацкага “Шкловалакна”, ўведзеныя у траўні сёлета, па выніках дыпляматычнай вайны.

Адмененыя толькі самыя “сьвежыя” , самыя апошнія санкцыі супраць лідзкай “Лакафарбы” і полацкага “Шкловалакна”, ўведзеныя у траўні сёлета, па выніках дыпляматычнай вайны

Але чаму ўсё ж зараз, не дачакаўшыся нават вынікаў выбараў? Таму што ёсьць шмат іншых чыньнікаў, не ў адных выбарах, як той казаў, шчасьце. Выглядае невыпадковым, што амэрыканскае рашэньне было абвешчанае сёньня, у дзень, калі ў Маскве на пасяджэньні Рады АДКБ беларускія прадстаўнікі рабілі ўсё магчымае, каб абмежаваўшыся самымі цёплымі словамі на адрас Расеі і праклёнамі на адрас Грузіі, пазьбегнуць сапраўды сурьёзнага і амаль што незваротнага рашэньня, якога ўпарта дамагаецца Масква – юрыдычнага прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асетыі і Абхазіі.

Кажучы зусім ужо груба, гэапалітыка адсоўвае іншыя праблемы, у тым ліку і праблемы правоў чалавека, на другі плян. Да таго ж Аляксандар Лукашэнка, як вопытны гулец, некалькі дзён таму паказаў, што ў яго ёсьць і іншыя магчымасьці (ці ёсьць яны насамрэч – іншае пытаньне), заявіўшы, што Захад неяк не сьпяшаецца адрэагаваць на тыя шчырыя крокі, якія ўжо зрабіў афіцыйны Менск. Пасланьне прынятае, прачытанае, калі ласка, адрэагавалі.

Але чаму адказ менавіта такі, чаму не скасаваныя больш шырокія і балючыя санкцыі? Ну таму, што за акіянам таксама ўмеюць гуляць у палітычныя гульні. На крокі Менску і ягоную занепакоенасьць, як бы партнэр не падмануў, абазначаецца рух насустрач – ЗША дэманструюць, што іх абяцаньні скасаваць санкцыі – ня толькі рыторыка і абяцаньні: скасавалі адны санкцыі, значыць у прынцыпе могуць скасаваць і іншыя. Дазаваны крок, хутчэй нават знак, чым рэальны крок, але знак нядвусэнсоўны.

Як і ў гады “халоднай вайны”, у гэтай гульні галоўны гулец – Злучаныя Штаты, іх адказнасьць – галоўная
Цікава, што такі рэальны знак, а ня проста абяцаньні, першымі падалі менавіта амэрыканцы, якія звычайна вызначаюцца больш жорсткім, чым у эўрапейцаў, стаўленьнем да афіцыйнага Менску. Ну самае простае тлумачэньне палягае ў тым, што яны і санкцыяў уводзілі больш, ёсьць магчымасьць варыяваць рэакцыю, рабіць такія невялічкія сымбалічныя крокі.

Але магчыма, справа ня толькі ў гэтым, а ў той самай гэапалітыцы. Як і ў гады “халоднай вайны”, у гэтай гульні галоўны гулец – Злучаныя Штаты, іх адказнасьць – галоўная. Таму яны першыя і зрабілі крок, першымі далі кавалачак перніка афіцыйнаму Менску, паказаўшы, па-першае, што пернік – гэта ня міт і пустыя абяцанкі, а па-другое, што большыя ласункі будуць каштаваць далейшых крокаў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG