Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Захад адчыняе перад Менскам акно магчымасьцяў”


Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што пасьля прыпыненьня амэрыканскіх санкцыяў адносна двух беларускіх заводаў шанцы на нармалізацыю двухбаковых дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам павышаюцца.


І нават шырэй – павышаюцца шанцы на лепшыя адносіны Беларусі і Захаду.

“У адваротным выпадку не было б лёгікі беларускаму боку, наступаючы на горла ўласнай песьні, вызваляць палітвязьняў, рабіць нейкія іншыя крокі. Зь іншага боку ЗША сьпяшаюцца даць нейкі пернік афіцыйнаму Менску, нягледзячы на тое, што рэальнай дэмакратызацыяй тут яшчэ не патыхае. Таму я б выказаў вельмі стрыманы аптымізм”.

На думку А. Класкоўскага, зараз увогуле абвастрылася геапалітычная “барацьба за Беларусь”:

“З аднаго боку Масква выкручвае рукі Менску, а зь іншага -- зараз зьявілася зацікаўленасьць беларускага боку ў тым, каб перакінуць масток на Захад”.

Ці варта чакаць зь беларускага боку нейкіх новых пазытыўных крокаў у адказ, напрыклад, адмовы Менску ад прызнаньня сэпаратысцкіх грузінскіх тэрыторыяў альбо ў дэмакратызацыі выбарчага працэсу.

На думку А. Класкоўскага, пытаньне аб прызнаньні Беларусьсю мяцежных тэрыторыяў другараднае, да таго ж у Менску ёсьць магчымасьць адцягваць з рашэньнем.

“Што да парлямэнцкіх выбараў, то паколькі Захад зьніжае плянку і разьлічвае хаця б на прагрэс у параўнаньні з папярэднімі кампаніямі, то ўлічваючы іх брутальнасьць, трохі меней наламаць дроў, даць некалькі мандатаў апазыцыі, як гэта ні цынічна гучыць,-- гэта на сёньня падвысіць шанцы афіцыйнага Менску ўзьняць на новую ступень стасункі з Захадам і распачаць больш канструктыўны дыялёг па больш шырокаму коле пытаньняў. Захад вядзе больш гнуткую палітыку і адчыняе перад Менскам акно магчымасьцяў. І грэх было б зь беларускага боку імі не скарыстацца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG