Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 5 верасьня.


3 і 4 верасьня Цэнтральная выбарчая камісія разглядала скаргі не зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. З 51 скаргі задаволена толькі 8.

Сябра незарэгістраванага руху “За свабоду” Алесь Лагвінец у сваім выступе перад камісіяй скрытыкаваў выбарчае заканадаўства і працу ЦВК. “Ніколі ня трэба выхоўваць ЦВК. Гэта дорага абыходзіцца”, — заявіла Лідзія Ярмошына перад галасаваньнем па скарзе спадара Лагвінца. У выніку яго не зарэгістравалі.

Спадарыня: “Толькі што “БелСат” у навінах паказаў, як апазыцыянэр Аляксандар Лагвінец адстойвае сваё права ў ЦВК быць зарэгістраваным у дэпутаты Вярхоўнага Савету. Як жа сьмяялася грамадзянка Ярмошына, проста зьдзекліва сьмяялася, з асалодай, на яго словы ў сваю абарону, і яе намесьнік таксама. Божа, што гэта робіцца? Ну, сьмейцеся пакуль, грамадзянка Ярмошына. Пакуль. А можа быць вельмі горка”.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на расейска-грузінскі канфлікт. Расея прызнала незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што падтрымлівае дзеяньні Масквы.

Ільля Копыл, Менск: “29 жніўня ў сваім інтэрвію нямецкай тэлекампаніі “ARD” прэм'ер-міністар Расеі Пуцін, маючы на ўвазе, што яго не палохае ізаляцыя ў сувязі з расейска-грузінскім канфліктам, сказаў наступнае: “На Эўропе і Злучаных Штатах Амэрыкі сьвет не канчаецца”. Атрымліваецца, што каштоўнасьці сталых дэмакратый Эўропы і ЗША для Пуціна — не каштоўнасьці. Нягледзячы на тое, што яго атачэньне ў краінах ненавіснай Эўропы валодае нерухомасьцю, валютнымі рахункамі ў банках і адпачывае на эўрапейскіх курортах. А з кім без Эўропы і ЗША застаецца пуцінская Расея? Гэта Вэнэсуэла з Уга Чавэсам, гэта Іран з Ахмадзінэджадам, гэта Паўночная Карэя з Кім Ір Сэнам, Лівія з Муамарам Кадафі, Хамас, Хезбала. І вось працягнула Крамлю руку дапамогі Нікарагуа зь яе лідэрам Артэгам. Даўно нічога не чуваць пра Мабуту і Чомбэ. Можа, і яны таксама акажуць дапамогу Пуціну? Становішча — не пазайздросьціш. Разьлічваць на Кітай дарэмна. На яго не націсьнеш. У яго свае інтарэсы. Дзякую за ўвагу”.

Спадар Станіслаў, Івацэвічы: “Паважаныя спадары палітыкі, вы павінны зразумець, што такія кіраўнікі дзяржавы, як Лукашэнка, Сталін, Саакашвілі — гэта плады аднаго дрэва, і няма чаго ліць сьлёзы па Саакашвілі. Ён не пакутуе, а пакутуе просты народ Грузіі”.

Спадар: “Прашу перадаць па вашым радыё наступны мой зварот да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Спадар прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, ахвяры палітычных рэпрэсій горада Менску патрабуюць прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. У Сочы вы не падтрымалі Расею і сваю саюзную дзяржаву палітычна. Вы сказалі, што Расея ўмее ваяваць, і толькі. Вы пачалі паддобрывацца да ЗША і Захаду ў надзеі, што Эўрапейскі суд, Міжнародны трыбунал і Камітэт па правах чалавека ААН не задаволяць маю скаргу на вас і вашых чыноўнікаў”.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG