Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны футбол у Менску <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


У рамках адборачнага турніру да Чэмпіянату Эўропы 2009 году сёньня на менскім стадыёне “Трактар” адбыўся матч паміж моладзевымі камандамі Расеі і Грузіі.

Сустрэча скончылася перамогай расейскіх футбалістаў 4:0, якія такім чынам адпомсьцілі супернікам за леташнюю паразу ў Тбілісі зь лікам 2:0. Ад пачатку гульня плянавалася ў Маскве, аднак у сувязі з палітычнай напружанасьцю ў стасунках паміж дзьвюма краінамі УЭФА прыняла рашэньне правесьці матч на нэўтральным полі.

Матч, на які наўрад ці хто, апроч футбольных спэцыялістаў, зьвярнуў бы ўвагу, выклікаў вялікую цікавасьць з боку грамадзкасьці. На тле расейска-грузінскага канфлікту гульня паміж зборнымі гэтых краінаў успрымалася ня толькі як спартовая падзея, але мела выразны палітычны падтэкст.

Грузінская сымболіка была ў меншасьці

Пры канцы жніўня Футбольная фэдэрацыя Грузіі зьвярнулася ў УЭФА з просьбай перанесьці матч на нэўтральную тэрыторыю ў сувязі “з расейскай агрэсіяй супраць Грузіі”. Грузінскія спартовыя чыноўнікі таксама заявілі, што калі Эўрапейская футбольная асацыяцыя не задаволіць іх просьбу, то моладзевая зборная ў Расею папросту не прыляціць. Пасьля кансультацыяй з Расейскім футбольным саюзам для сустрэчы была абраная Беларусь.

Больш, чым за гадзіну да пачатку матчу на подступах да стадыёну “Трактар” стварыліся вялізныя заторы са школьнікаў ня толькі старэйшых клясаў, але і зусім малых дзяцей, якіх прыгналі на стадыён з заплечнікамі і торбамі са зьменным абуткам.

Натоўп на матч прапускалі як праз мясарэзку

Усіх заўзятараў прапускалі праз мэталадэтэктары і дзеля гарантыі абмацвалі. Плястыкавыя бутэлькі з вадой міліцыянты выкідвалі наўпрост на асфальт.

Актывісты БРСМ бесьперапынна падносілі дзяржаўныя сьцягі Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі. Зьяўляліся расьцяжкі: “Мы – за мір”, “Расея-Грузія-Беларусь -- разам”, “No war” (“Не – вайне”) і г.д.

Найбольш на трыбунах было дзяржаўных сьцягоў РБ

Грузінскіх заўзятараў трымалі ў ачапленьні ў 29-м сэктары. Перад матчам сустрэў журналіста Вадзіма Александровіча, які бясплённа прасіў міліцыянтаў дазволу прайсьці з сябрамі ў “грузінскі сэктар”, каб разам падтрымліваць зборную Грузіі. Самадзейнасьць была рашуча спыненая.

У перапынку, пакуль гледачоў забаўлялі артысты эстрады, мне ўдалося прарвацца ў сэктар і пацікавіцца ў заўзятараў стаўленьнем да таго, што матч было вырашана праводзіць на нэўтральнай тэрыторыі:

“Найперш, нельга было даводзіць да таго, каб нас прымушалі гуляць на нечым полі. Бо, як і закладзена рэглямэнтам, трэба было б гуляць у Маскве і Тбілісі. Увогуле з-за чаго каманды гуляюць на нэўтральным полі? З-за вайны, правільна? Але гэта палітыка, і нас гэта ня мусіць тычыцца. Бо народ ёсьць народ, а палітыку робяць іншыя”.

Яшчэ да пачатку сустрэчы прадстаўнікі менскай міліцыі абяцалі забясьпечыць парадак на стадыёне. Пры гэтым падкрэсьлівалася, што будуць спыняцца ня толькі спробы фізычных сутычак, але любыя “расісцкія выказваньні”. Гэтага не спатрэбілася.

Затое на полі ў сярэдзіне другога тайму жарсьці зашкальвалі. У адзін момант здалося, што рукапашнай не пазьбегнуць. Пасьля парушэньня правілаў у цэнтры поля сабраліся практычна ўсе футбалісты, якія пачалі рашуча трэсьці адзін аднаго за грудкі. Але судзьдзям урэшце удалося суцішыць завадатараў бойкі як з аднаго, так і з другога боку.

У нейкі момант у футбалістаў ледзьве ня здалі нэрвы

Нягледзячы на лік, сама гульня была досыць нуднай, што не дадавала настрою заўятарам. Дарэчы, зусім ня густа было расейскіх фанатаў, якіх праз розныя інтэрнэт-рэсурсы некалькі апошніх дзён заклікалі прыехаць у Менск, каб аказаць вартую падтрымку сваёй зборнай. Што да беларусаў, якія займалі на трыбунах збольшага нэўтральную пазыцыю, то яны схіляюцца да адной думкі: не было асаблівай патрэбы пераносіць матч у Менск:

“Мяркую, што магчыма было гульню праводзіць усё ж на полі тых, хто і павінен быў быць гаспадаром поля. Думаю, што ў рашэньні УЭФА ў дадзеным выпадку было больш палітыкі, чым здаровага сэнсу і спорту ўвогуле. Перадусім грузіны аказаліся ў Менску гасьцямі, таму, як мы бачылі, большая частка трыбунаў дзякуючы БРСМ падтрымлівала расейскую каманду”.

Карэспандэнт: “То бок, у матчы чуліся палітычныя ноты?”

“Канечне, адчуваўся палітычны падтэкст, але мяркую, што на самым ліку гэта ня вельмі адбілася. Бо расейская каманда, трэба прызнаць, была мацнейшая за грузінскую. На любым полі выйгралі б расейцы, можа толькі лік быў бы не такі буйны”.

Бліжэйшы тыдзень моладзевая зборная Грузіі правядзе ў Беларусі. На рашэньне УЭФА і наступны матч грузінаў пройдзе ў беларускай сталіцы – 10 верасьня яны сустрэнуцца з польскімі аднагодкамі. Яшчэ раней прадстаўнікі футбольнай фэдэрацыі Польшчы заявілі, што ня могуць падвяргаць рызыцы сваіх грамадзянаў у нестабільным рэгіёне, на Каўказе.














***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

***

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG