Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускі навінаў "Радыё Гродна" сталі гучаць па-расейску. Гэта была апошняя беларускамоўная праграма станцыі, якая вяшчае на FM-хвалі. У рэдакцыі навінаў паведамілі, што такім было рашэньне кіраўніцтва Тэлерадыёкампаніі Гродна.


Паслухаўшы гарадзенскае радыё, я патэлефанаваў у рэдакцыю навінаў і пацікавіўся: чаму выпускі апошніх паведамленьняў сталі гучаць па-расейску?

Журналістка: “У нас з 1 верасьня пачаўся новы сэзон, і вось мы вырашылі, што “слушаемо на русском языке”. Каб было нашае ўсё радыё на беларускай мове, то тады б слухалася, а так яно крышку не гучала”.

Вось такое тлумачэньне. А з кім раіліся журналісты, на чыё меркаваньне абапіраліся? — пацікавіўся я.

Журналістка: “Былі, паступалі нам такія меркаваньні, што камусьці падабалася, камусьці не падабалася, усім жа не дагодзіш”.

Пры гэтым яна зазначыла, што існуе асобны эфір на вобласьць, там беларуская мова яшчэ захавалася, але слухаць перадачы можна толькі праз радыёкропку.

Спачатку на расейскую мову перавялі выпускі навінаў абласнога тэлебачаньня. Кіраўнік тэлерадыёкампаніі Мікалай Мельячэнка тады патлумачыў: “Гэта ўжо тэндэнцыя такая тэлевізійная ў краіне”. Цяпер чарга дайшла і да радыё.

Журналіст Мікола Маркевіч прыклаў нямала высілкаў, каб, у прыватнасьці, гарадзенцы атрымлівалі інфармацыю на беларускай мове. Ён выпускаў газэту “Пагоня”, закрытую гаспадарчым судом, затым — “День”, які таксама зазнаў ціск з боку ўладаў. Сёньня Маркевіч прадстаўляе ў Беларусі Радыё Рацыя. Пачуўшы, што ў эфіры Радыё Гродна больш няма беларускай мовы, ён сказаў:

Яно антынацыянальнае, антыбеларускае і фактычна да гэтага так і трэба ставіцца. Асабліва калі ўлічыць такі момант, што нават з Польшчы сёньня вяшчае на Беларусь Радыё Рацыя, якое робіць усе праграмы па-беларуску

Маркевіч: “Варта адзначыць, што такое рашэньне не вымагалася абсалютна нічым. На Гарадзеншчыне людзі ўсе добра разумеюць беларускую мову, добра ўспрымаюць яе. Больш за тое, беларуская мова зьяўляецца пабытовай у шэрагу выпадкаў. І таму, калі прымаецца такое рашэньне, то адразу ўзгадваецца, што фактычна ў Беларусі адбываецца глябальная русыфікацыя, дэнацыяналізацыя людзей. І вось тады гэтае рашэньне абсалютна лягічнае.

Яно антынацыянальнае, антыбеларускае і фактычна да гэтага так і трэба ставіцца. Асабліва калі ўлічыць такі момант, што нават з Польшчы сёньня вяшчае на Беларусь Радыё Рацыя, якое робіць усе праграмы па-беларуску і добра ўспрымаецца ў Беларусі, мае добрую рэакцыю людзей, то рашэньне кіраўніцтва абласной тэлерадыёкампаніі выглядае проста недарэчным”.

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі паведамілі, што на сёньня афіцыйна зарэгістраваныя 215 тэле- і радыёпраграм. І толькі 5% зь іх выкарыстоўваюць цяпер беларускую мову ў сваіх інфармацыйных перадачах. Чыноўнікі кажуць, што да канца году і гэты паказчык можа зьнізіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG