Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стыхійны страйк прадпрымальнікаў у Рэчыцы


Сёньня раніцай у Рэчыцы прадпрымальнікі Славянскага й Цэнтральнага рынкаў правялі кароткі страйк. Працу не распачынала большасьць гандляроў.

Прычыну стыхійнага страйку патлумачыў актывіст прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Алег Шабетнік:

“На Цэнтральным і Славянскім рынках у людзей падатковая інспэкцыя пачала канфіскоўваць тавар. Учора гэта рабілі, пазаўчора — ужо некалькі дзён. Людзі стыхійна спыніліся — не працавалі два рынкі. Запрасілі прадстаўнікоў падатковай інспэкцыі, райвыканкаму”.

Адна з прадпрымальніц удакладніла, што падаткоўцы шмат у каго канфіскавалі прамысловыя вырабы нават за дробныя недакладнасьці ў дакумэнтах альбо сэртыфікатах:

“Зачыніліся супраць сваволі падатковай інспэкцыі. У мяне канфіскавалі тавар на 3 мільёны 700 тысяч рублёў. Ідзе адразу канфіскацыя. І штраф будзе: мінімум 1 мільён 50 тысяч — максымум 1 мільён 750 тысяч. Ужо справу маю перадалі ў гаспадарчы суд”.

Улагоджваць сытуацыю на рынку прыяжджаў намесьнік старшыні райвыканкаму Вячаслаў Памалейка з падаткоўцамі і міліцыяй. Ён паабяцаў разабрацца й запрасіў а 17 гадзіне ў выканкам тых, у каго падаткоўцы сканфіскавалі тавар. А пасьля заклікаў прадпрымальнікаў вярнуцца да працы.

XS
SM
MD
LG