Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менскім абласным судзе судзяць сваяка старшыні Дзяржкантролю Зянона Ломаця і яшчэ 7 чалавек, якіх падазраюць у незаконным продажы вайсковай тэхнікі.

Працэс, у якім фігуруе зяць Зянона Ломаця Алег Рашчэня, пачаўся 1-га верасьня і, паводле зьвестак, празь дзень прыпыніўся. Прычыны невядомыя, паколькі працэс абвешчаны закрытым. Судзьдзя Анатоль Дабрадзей адмаўляецца паведамляць хаця б самыя агульныя зьвесткі:
“Працэс закрыты, не магу нічога сказаць. Прабачце”.
Зь іншых крыніц вядома, што разам са сваяком Зянона Ломаця судзяць яшчэ 7 чалавек. Паводле сьледзтва, яны вінаватыя ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці: прадавалі праз камісійныя крамы былыя вайсковыя аўтамабілі. Ці ёсьць гэта злачынствам? Нібыта сьледзтва сабрала доказы таго, што гэта не былі разавыя, дазволеныя законам гандлёвыя апэрацыі, а наладжаны бізнэс без адпаведнай рэгістрацыі.
Назіральнікаў зьдзіўляе, аднак, строгасьць, якую выявілі да падазраваных сьледчыя. Быццам ілжэпрадпрымальнікі былі затрыманыя яшчэ летась у сьнежні, і дагэтуль іх трымаюць за кратамі, як злосных крымінальнікаў. Хаця закон дазваляе паводле гэтага артыкулу да суду абмежавацца і падпіскай пра нявыезд. Такая палёгка была зробленая толькі адносна аднаго з абвінавачаных – Гарашчэні. Паводле зьвестак, менавіта ён прызнаваў сваю віну і нібыта распавядаў пра складаныя схемы продажы былых вайсковых аўтамабіляў пры дапамозе высокапастаўленых сваякоў сваіх саўдзельнікаў. Але так гэта ці не – у судзе, магчыма, не прагучыць. Як кажа сваячка аднаго з асуджаных, абвінавачаны Гарашчэня ў суд не зьявіўся, і працэс мусілі адкласьці да таго часу, пакуль яго ня знойдуць:
“Гэты Гаршчэня, які быў сярод асноўных абвінавачаных, уцёк ці зьнік. Нягледзячы на тое, што да яго была прыстаўленая ахова, што ён быў пад хатнім арыштам. А чаму пракуратура дазволіла яму такую свабоду?”
Жанчына баіцца называць сваё прозьвішча. Яна кажа, што бачыць сувязь гэтай справы супроць сваяка старшыні Дзяржкантролю Зянона Ломаця са справай пра ягонае зьбіцьцё супрацоўнікамі КДБ і Рады бясьпекі, якую раней разглядаў Вярхоўны Суд. У выніку таго працэсу былі асуджаныя чатыры супрацоўнікі спэцслужбаў. Мая суразмоўца лічыць, што справа, якая цяпер разглядаецца ў Менскім абласным судзе, была заведзеная зь ініцыятывы спэцслужбаў, каб паквітацца з галоўным кантралёрам краіны. “Зяць Ломаця і іншыя, каго трымаюць за кратамі, аказаліся “стрэлачнікамі” ў гэтых разборках”, – мяркуе суразмоўца.
Марына Коктыш з “Народнай волі” пачала журналісцкае расьсьледаваньне заблытанай гісторыі:
“Мы таксама паспрабавалі атрымаць пэўную інфармацыю пра гэты працэс і пра гэтую справу ў дачкі Зянона Ломаця, але яна адмовілася даваць камэнтары”.
Нагадаю, улетку 2007 года старшыня Дзяржкантролю Зянон Ломаць быў зьбіты ў Магілёве супрацоўнікамі спэцслужбаў. У справу ўмяшаўся нават Аляксандр Лукашэнка, які публічна заявіў, што “паадсякае рукі” вінаватым. Вайсковая калегія Вярхоўнага Суду прызнала вінаватымі ў зьбіцьці Зянона Ломаця трох супрацоўнікаў КДБ і аднаго супрацоўніка сакратарыяту Савета бясьпекі. Найбольшае пакараньне – 5 гадоў калёніі – атрымаў нехта Сяргей Наркевіч. Дзе дакладна ён працаваў – ў КДБ ці ў Саўбезе – не паведамлялася.
За апошнія гады фігурантамі крымінальных спраў таксама былі такія высокапастаўленыя асобы, як былая начальніца Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, экс-старшыня “Белнафтахіму” Аляксандр Бароўскі ды іншыя начальнікі.
XS
SM
MD
LG