Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрэнсіс Фукуяма, амэрыканскі філёзаф і экспэрт у міжнароднай палітыцы, лічыць, што мінуў час, калі Злучаныя Штаты Амэрыкі маглі рабіць у сусьветнай палітыцы ўсё, што хацелі, не пытаючыся дазволу ні ў кога. Цяпер, кажа Фукуяма, Амэрыцы давядзецца гандлявацца з Расеяй і ісьці на палітычныя кампрамісы.


Фрэнсіс Фукуяма вядомы перш за ўсё як аўтар кнігі „Канец гісторыі і апошні чалавек”, у якой у 1992 годзе ён сьцьвярджаў, што з канцом „халоднай вайны” скончылася гісторыя чалавецтва, як эвалюцыйнае змаганьне розных ідэалягічных сыстэмаў. Паводле Фукуямы, пераможцам з гэтага змаганьня выйшла заходняя лібэральная дэмакратыя, які зьяўляецца „канчатковай формай чалавечага кіраваньня”.

Сёньня Фрэнсіс Фукуяма даў па відэатэлефоне 45-хвіліннае інтэрвію Радыё Свабода. Галоўнай тэмай інтэрвію былі расейска-грузінскі канфлікт і яго наступствы для сьвету.

Ці Фрэнсіс Фукуяма і далей мяркуе, што ў чалавецтва скончылася гісторыя?

ані камуністычны Кітай, ані пуцінская Расея, нягледзячы на іх эканамічны патэнцыял і магчымасьці „тварыць гісторыю”, не запрапанавалі нічога лепшага за заходнюю ідэю лібэральнай дэмакратыі
Сёньня ягоная тэза гучыць ужо ня так рашуча. Ён далей лічыць, што ані камуністычны Кітай, ані пуцінская Расея, нягледзячы на іх эканамічны патэнцыял і магчымасьці „тварыць гісторыю”, не запрапанавалі нічога лепшага за заходнюю ідэю лібэральнай дэмакратыі. У гэтым сэнсе — час ідзе, але сьвет палітычных ідэй не падлягае эвалюцыі.

Але варта адзначыць, што Фукуяма крыху перагледзеў свой першапачатковы тэзіс ужо ў сваіх кнігах, дзе прызнаў, што біятэхналёгія дазваляе людзям кантраляваць іх уласную эвалюцыю, а значыць, можа зьмяніць чалавечую натуру, такім чынам паставіўшы пад пытаньне і канчатковую мэту палітычнай эвалюцыі сьвету — гэта значыць, дэмакратычны лібэралізм. Карацей, нават паводле Фукуямы, гісторыя яшчэ ня скончылася.

А якія высновы Фукуяма робіць з расейска-грузінскага канфлікту? Ці можна было яго пазьбегчы?

Калі паўночнаатлянтычны альянс ня ў стане разьмясьціць у нейай краіне свае войскі, дык надзеі на членства ня трэба такой краіне рабіць
Фрэнсіс Фукуяма лічыць, што і Грузія, і Ўкраіна заслугоўваюць падтрымкі НАТО, але НАТО ня ў стане аказаць гэтым краінам вайсковай дапамогі ў выпадку атакі з боку трэцяй дзяржавы. Таму Фукуяма кажа пра „няправільныя сыгналы”, якія некаторыя краіны-члены НАТО пасылалі Грузіі ў спадзеве, што гэтая краіна можа стацб паўнапраўным членам НАТО. Калі паўночнаатлянтычны альянс ня ў стане разьмясьціць у нейай краіне свае войскі, дык, на думку Фукуямы, і надзеі на членства ня трэба такой краіне рабіць. Членства НАТО для Грузіі вельмі праблематычнае, бо краіна вельмі далёка ад галоўных сіл альянсу. А ў выпадку Ўкраіны яно праблематычнае, бо бальшыня ўкраінцаў яго ня хоча.

Як Фукуяма бачыць будучую палітыку ЗША ў адносінах да Расеі?

Як палітыку кампрамісаў і палітычнага гандлю. Напрыклад, ён мяркуе, што будучая амэрыканская адміністрацыя павінна адмовіцца ад пабудовы сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі наўзамен на лепшыя адносіны і супрацоўніцтва з Расеяй.

Ці згадваў Фукуяма Беларусь у сваім інтэрвію?

Ф.Фукуяма: "Параіў бы прэзыдэнту ЗША бараніць незалежнасьць Беларусі, аднак пры дапамозе іншых сродкаў, а не вайсковых"
Так, у адказах на пытаньні журналістаў беларускай службы, а што ён параіў бы прэзыдэнту ЗША, калі б Масква пачала „вяртаць” сабе Крым або эканамічна ціснуць на Беларусь, каб яе анэктаваць. Ці ў такім выпадку таксама варта было б ахвяраваць тэрытэрыяльнай цэласнасьцю Ўкраіны і незалежнасьцю Беларусі дзеля лепшых адносінаў Вашынгтону з Масквой? Фукуяма адказаў, што параіў бы прэзыдэнту ЗША бараніць незалежнасьць Беларусі, аднак пры дапамозе іншых сродкаў, а не вайсковых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG