Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЧЫ ДЗЁНЬНІК. Штодня мы расказваем пра барацьбу за мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.


Лічба. Гадавы заробак вылучэнца АДС, аднаго зь лепшых муляраў Магілёву, склаў з усімі даплатамі і прэміямі сем мільёнаў рублёў – столькі зарабляе кіраўнік раённай адміністрацыі за два месяцы

Асоба. Кандыдат у дэпутаты, сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле- і радыёвыступу на карысьць свайго супэрніка – губэрнатара Віцебшчыны спадара Андрэйчанкі

Сытуацыя. У дом незалежнага кандыдата з Рэчыцы Леаніад Невера міліцыя падсяляе зэка. Зьдзекуюцца?

АСОБА

Кандыдат у дэпутаты, сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле- і радыёвыступу, бо ня лічыць гэты агітацыйны сродак надта эфэктыўным.

На думку спадара Берніковіча, мала хто з выбарцаў ягонай Глыбоцкай выбарчай акругі №22 глядзіць тэлеканал “Лад". Што да радыё, дык яно трансьлюецца ў вечаровы час, калі людзі занятыя.

Значна больш эфектыўнымі сродкамі агітацыі Яраслаў Берніковіч лічыць непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Ад іх уведаў: шарагоўцы нават блізка не ўяўляюць, як выглядае старшыня аблвыканкаму Уладзімер Андрэйчанка, які таксама балятуецца ў гэтай акрузе.

За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыйду 20-30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі – гэта значна лепш за любы радыё- і тэлеэфір
"Падчас збору подпісаў людзі пыталіся, дзе можна было б убачыць Андрэйчанку. А то ведаюць, што ёсьць такі, а ніколі ня бачылі, хаця той ужо шмат год працуе старшынём аблвыканкаму. Публікацыі ў “Віцебскім рабочым”, “Народным слове” і “Весьніку Глыбоччыны” не дадалі яму пазнавальнасьці. Таму я вырашыў прэзэнтаваць свій эфірны час спадару губэрнатару. За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыйду 20-30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі – гэта значна лепш за любы радыё- і тэлеэфір".

ФАКТ

Гарадзенская абласная кааліцыя Аб’яднаных дэмсілаў зьбіралася сёньня, каб ацаніць выбарчую кампанію, вызначыць далейшыя дзеяньні. Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык:

У нас у вобласьці з трынаццаці акругаў засталіся толькі сем, у якіх ёсьць кандыдаты ад АДС
“У нас у вобласьці з трынаццаці акругаў засталіся толькі сем, у якіх ёсьць кандыдаты ад АДС. Па пяці акругах у нас кандыдаты не былі зраэгістраваныя. І мы зьбіралі інфармацыю аб тым, як плянуюць іхнія каманды і яны самі дзейнічаць у гэтай сытуацыі. Па ўсіх пяці акругах былі пададзеныя скаргі ў ЦВК, і да пятага верасьня мы спадзяемся, што ўсё-ткі па некаторых акругах Цэнтарвыбаркам адменіць рашэньні акруговых камісій і зарэгіструе кандыдатаў. Калі рэгістрацыя не адбудзецца, то каманды ад АДС будуць праводзіць там актыўную кампанію па закліку людзей не ўдзельнічаць у выбарах, таму што ў гэтых акругах засталіся па адным прадстаўніку ад выканаўчай улады і зразумела, што выбару няма, няма альтэрнатывы. І таму будзе ісьці актыўная інфармацыйная кампанія наконт таго, што выбары зьяўляюцца недэмакратычнымі, што выбаршчыкам не пакінулі ніякага права выбіраць паміж некалькімі кандыдатамі”.

ЛІЧБА

Учора мы паведамлялі пра заробкі кандыдатаў у дэпутаты ад улады. Прагучала, нагадаю, што мэр Гомеля Аляксандр Бяляеў, які вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, атрымаў у 2007 годзе 52 мільёны рублёў прыбытку, альбо 25 тысяч амэрыканскіх даляраў.

Сёньня “Свабода” цікавілася, што маюць вылучэнцы ад апазыцыі. Гаворыць кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Прамысловай акрузе № 87 Мікалай Расюк – муляр вышэйшай кваліфікацыі. Колькі ён зарабіў?

“Сем мільёнаў рублёў, альбо тры з паловай тысячы даляраў. Я – адзін зь лепшых працаўнікоў. Гэтыя сем мільёнаў цягам году налічаныя з самымі рознымі прэміямі. А за кошт таго, што ў нас забіраюць шмат грошай у бюджэт, а адтуль яны зьнікаюць няведама куды, церпіць усё грамадзтва”.

Кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе №74 Анатоль Юрэвіч – беспрацоўны. Яшчэ ў 2006 годзе ён страціў сваю справу прыватнага прадпрымальніка з-за перасьледу ўлады: дапамагаў кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Мілінкевічу. Урэшце, агульны грашовы прыбытак Анатоля Юрэвіча за мінулы год склаў... 300 тысяч рублёў:

“Я – ганаровы донар Беларусі. Здаваў кроў для таго, каб хоць неяк матэрыяльна падтрымаць сябе. Дарэчы, гэта змушаныя рабіць многія. Таму для таго, каб здаць кроў, трэба запісвацца ў чаргу за два месяцы наперад. А кроў нашу, яе кампанэнты, прадаюць на Захад за вялікія грошы. А нам плацяць толькі дзьве базавыя велічыні...”

СЫТУАЦЫЯ

У Рэчыцы міліцыя папярэдзіла незалежнага кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Леаніда Невера, што ў яго прыватным жытле паселяць асуджанага крымінальніка, які ўмоўна-датэрмінова адпушчаны з турмы на волю.

“Патэлефанаваў участковы Ніканенка. Жонка падняла трубку, і ўчастковы сказаў, што з турмы датэрмінова вызваляецца Бруцкі А.А. Жонка папярэдзіла міліцыянта: такі чалавек у нас ніколі ня жыў і наогул мы ня ведаем і ня чулі такога прозьвішча”.

Я думаю, гэта зроблена дзеля таго, каб зганьбіць мяне перад выбарцамі Рэчыцы, выбіць з каляіны, каб я нэрваваўся
Аднак праз колькі дзён спадар Невар у сваёй паштовай скрыні знайшоў позву на імя Бруцкага, падпісаную старшым лейтэнантам міліцыі Карэлікавым. Апошні абавязвае Бруцкага зьявіцца ў пазначаны час у крымінальна-папраўчае аддзяленьне рэчыцкай міліцыі. Іначай будуць санкцыі.

“Я думаю, гэта зроблена дзеля таго, каб зганьбіць мяне перад выбарцамі Рэчыцы, выбіць з каляіны, каб я нэрваваўся. Гэта як мінімум. Можна з гэтай нагоды і дамоў да мяне прыйсьці, зрабіць ператрус, шукаць гэтага Бруцкага пад ложкам, у падвале, у гаражы. І падкінуць можна што заўгодна”.

Ленід Невар накіраваў заяву ў рэчыцкую пракуратуру, каб яна "абмежавала" яго, як ён піша, ад правакацыйных дзеяньняў мясцовай міліцыі.






XS
SM
MD
LG