Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ восем лядовых палацаў. На Магілёўшчыне


Восем лядовых палацаў зьбіраюцца пабудаваць на Магілёўшчыне. У Магілёўскім аблвыканкаме заяўляюць, што сродкі пакуль выдаткаваныя на ўзьвядзеньне толькі двух.


Для лядовых палацаў, паводле аблвыканкаму, інвэстыцыі павінны прыйсьці з рэспубліканскага бюджэту. Цяпер на Магілёўшчыне два палацы — у абласным цэнтры і ў Бабруйску.

Чаму для будоўлі першых дзьвюх арэнаў з васьмі заплянаваных абраныя ня самыя вялікія на Магілёўшчыне Горкі й Касьцюковічы, высьветліць не ўдалося. У абласной управе па фізычнай культуры і спорце толькі пацьвердзілі, што такое будаўніцтва неўзабаве пачнецца:

“У наступным годзе павінны ўжо пачаць. Да 2011 году плянуецца завяршыць будаўніцтва. Пакуль яшчэ рыхтуецца праектна-каштарысная дакумэнтацыя. Казаць, якімі будуць кошт й умовы фінансаваньня, пакуль яшчэ зарана. Заплянавана, што яны будуць максымум на 500 глядацкіх месцаў”.

З учорашняй нарады ў аблвыканкаме вядома, што сродкі на будаўніцтва лядовых палацаў выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту.

Першы лядовы палац на 3000 глядацкіх месцаў узьвялі на Магілёўшчыне ў абласным цэнтры ў 2000 годзе. Палац знаходзіцца на бюджэтным утрыманьні. У адміністрацыі палаца паведамілі, што 86 працэнтаў часу на лёдзе займаюцца хакеем бясплатна 286 хлопцаў. Ахвочыя проста пакатацца плацяць шэсьць тысяч за 45 хвілін. За гэты час пляцоўка абслугоўвае 150 чалавек. Мясцовая хакейная каманда “Хімвалакно”за гадзіну часу плаціць 232 тысячы:

“Пытаньне пра рэнтабэльнасьць ставіць некарэктна. Вось, напрыклад, у нас, калі ў лічбах, утрыманьне палаца абходзіцца блізу двух мільярдаў на год, а мы зарабляем на масавым катаньні на хакеі семсот мільёнаў у год. То бок мы шаснаццаць працэнтаў часу прадаем лёд”, — зазначыў супрацоўнік адміністрацыі.

Паводле ягоных слоў, запатрабаванасьць пляцоўкі вялікая. Квіткі на катаньне разьбіраюцца за паўгадзіны. Неўзабаве, кажа супрацоўнік, пачнецца будоўля яшчэ адной крытай лядовай пляцоўкі.

Сёлета лядовы палац на сем тысяч месцаў адкрылі ў Бабруйску. Пра кошт будаўніцтва палацаў у Магілёве й Бабруйску зьвестак няма.

Пра немэтазгоднасьць будаўніцтва лядовых палацаў у райцэнтрах Магілёўшчыны выказалася былая адміністратарка лядовага палаца ў абласным цэнтры:

“Занятак для дзяцей, канечне, ёсьць. Аднак гэта Магілёў. А як будзе на пэрыфэрыі? Я думаю, што ён там ня будзе акупляцца. З гэтага вынікае, што заробак у работнікаў будзе малы. Людзі вымушаныя будуць працаваць за маленькі заробак. Я гэта ўжо зьведала на сабе. Самае дарагое абслугоўваньне — гэта лёд і электрычнасьць. Можа, нешта пабудавалі другое?”

Ці апраўданае будаўніцтва лядовых палацаў у райцэнтрах? Вось некаторыя меркаваньні магілёўцаў.

Спадар: “Думаю, што не. У Магілёве стаіць лядовы палац, але толку ад яго амаль што няма. Ён не прыносіць прыбытку. І мне здаецца, што й людзям ён, такі вялікі, ня дужа патрэбны”.

Спадарыня: “Калі гэта будзе ўзводзіцца ў вялікіх гарадах, як Магілёў ці Бабруйск, гэта апраўдана. А калі гэта будуць будаваць у такіх гарадах, якія тры крокі ў шырыню, пяць у даўжыню — сэнс які?”

Спадар: “Ня ведаю. Наўрад ці. Не настолькі ў нас шмат сродкаў, каб столькі будаваць”.

У мэтазгоднасьці будаўніцтва лядовага палаца ў Горках сумняецца тамтэйшы эканаміст, кандыдат у дэпутаты палаты прадстаўнікоў Андрэй Юркоў:

“У Горках на сёньняшні дзень і безь лядовага палацу хапае праблемаў. У нас ужо пятнаццаць гадоў недабудаваны хірургічны корпус. Гэты корпус развальваецца. Паглядзець на дарогі ў Горках — ну, цэнтральныя яшчэ з горам папалам заасфальтавалі, а што робіцца ў нас на ўскрайках? Гэта проста жах. А палац будзем будаваць”.

Андрэй Юркоў кажа, што ў Горках няма буйных прадпрыемстваў, якія маглі б узяць на сябе ўтрыманьне ўзьведзенага палаца. Такіх, да прыкладу, як хаця б у тых жа Касьцюковічах — цэмэнтны завод. Таму ўсё кладзецца на небагаты горацкі бюджэт.

“Ці патрэбны палац Касьцюковічам зь сямнаццацьцю тысячамі насельніцтва — таксама пытаньне”, зазначае Андрэй Юркоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG