Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска-грузінскія дачыненьні другі раз за апошні час выпрабоўваюцца расейскім ціскам на Менск. Некалькі гадоў таму Масква вымагала, каб Беларусь увяла з Грузіяй візавы рэжым, як гэта зрабіла Расея. Тады Менску ўдалося адхіліць гэтыя патрабаваньні. Цяпер Расея хоча, каб Беларусь падтрымала яе ў дыпляматычным супрацьстаяньні вакол прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Пакуль і тут беларускі бок фактычна трымае нэўтралітэт.


5 верасьня на менскім стадыёне “Трактар” пройдзе адборачны матч моладзевага чэмпіянату Эўропы па футболе паміж зборнымі Грузіі і Расеі. У сувязі з расейска-грузінскім канфліктам УЭФА перанесла гэтую гульню з Масквы на нэўтральнае поле. На думку прадстаўніка грузінскай дыяспары ў Менску Ўладзіміра Хачырашвілі, Беларусь стала для Грузіі нэўтральным полем і ў значна шырэйшым сэнсе, калі мець на ўвазе канфлікт Тбілісі і Масквы:

“Таму што пакуль Беларусь ні тым, ні другім ні шкоды, ні карысьці не прынесла”.

Грузінская дыяспара ў Беларусі нешматлікая і не аб’яднаная ў нейкае грамадзка-культурнае таварыства, распавядае яе прадстаўнік Уладзімер Хачырашвілі. Гэта пераважна людзі, якія прыехалі ў савецкія часы і ўжо даўно інтэграваліся. Але ўсе яны цяпер хвалююцца за радзіму, за сваякоў, кажа спадар Хачырашвілі:

“Я спрабаваў датэлефанавацца да свайго брата Гурамі, які ў Горы жыве,—нічога не атрымалася. Што зь ім — ня ведаю. Я спрабаваў зьвязацца са сваёй сястрой Натэлай. Яна выкладае ў асэтынскім сяле на поўнач ад Горы, і таксама не атрымаў ніякай інфармацыі...”

Апошнім часам Расея недвухсэнсоўна дае зразумець, што хацела б дамагчыся ад Беларусі больш сур’ёзнай падтрымкі ў сваім канфлікце з Грузіяй, і, у прыватнасьці, прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Афіцыйны Менск лавіруе. А.Лукашэнка спаслаўся на неабходнасьць разгледзець гэтую праблему ў калектыўных органах СНД. Ужо 5 верасьня чакаецца абмеркаваньне пытаньня ў рамках АДКБ — абарончай структуры краін-сябраў Садружнасьці.

Грузія, у адрозьненьне ад Расеі, не зьбіраецца актыўна ўплываць на пазыцыю Беларусі і іншых былых калег па СНД, кажа старшыня Камітэту міжнародных спраў у парлямэнце Грузіі Лаша Жванія:

Калі тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі застанецца пад пытаньнем, то гэта ставіць пад пытаньне і тэрытарыяльную цэласнасьць іншых краін у рэгіёне
“Кожны народ і кожная дзяржава сама выбірае сваю будучыню... Хачу толькі падкрэсьліць, што калі тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі застанецца пад пытаньнем, то гэта ставіць пад пытаньне і тэрытарыяльную цэласнасьць іншых краін у рэгіёне. Усе дзяржавы маюць волю выказвацца і дзейнічаць так, як яны лічаць патрэбным”.

Пры гэтым спадар Жванія прызнаў, што апошнім часам з афіцыйнага беларускага боку не было зваротаў да грузінскага кіраўніцтва.

“Не былі ў кантакце, на жаль, беларускія калегі не тэлефанавалі нам. Калі ж зьвернуцца, мы абмяркуем зь імі ўсе пытаньні. Мы абсалютна адкрытыя, як мы адказалі на вашае тэлефанаваньне, так мы адказваем на тэлефанаваньні нашых калег”.

Адсутнасьць беларуска-грузінскіх кантактаў на афіцыйным узроўні ў пэўнай ступені кампэнсуюць сустрэчы, якія праводзілі ў Тбілісі прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апошні раз пабываў у Тбілісі ў 2005 годзе. Тады ён сустракаўся з прэм’ерам, сьпікерам парлямэнту, міністрамі і дэпутатамі. Ён мяркуе, што грузінска-беларускія адносіны маюць пэрспэктывы і ў палітыцы, і ў эканоміцы, што ў грузінаў ёсьць варты вывучэньня досьвед эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў. Але беларускае кіраўніцтва, азіраючыся на Маскву, гэтыя адносіны не разьвівае.

Спадар Лябедзька перакананы, што з пункту гледжаньня нацыянальных беларускіх інтарэсаў Менску добра цяпер застацца як мінімум нэўтральным у дачыненьні да грузінска-расейскага супрацьстаяньня:

“Трэба прымаць пад увагу, што сёньня, калі мы дапамагаем ствараць нейкія прэцэдэнты, то потым самі можам стаць часткай гэтага прэцэдэнту. Таму тут з нацыянальных інтарэсаў і зь неабходнасьці паляпшаць адносіны на заходнім накірунку Лукашэнка спрабуе не заняць нічыйго боку. Ці атрымаецца, ці не — паглядзім. Сытуацыя няпростая”.

з нацыянальных інтарэсаў і зь неабходнасьці паляпшаць адносіны на заходнім накірунку Лукашэнка спрабуе не заняць нічыйго боку
Палітычныя і эканамічныя адносіны Беларусі і Грузіі апошнія гады не былі надта актыўнымі, асабліва пасьля Рэвалюцыі ружаў. Аднак у 2008 годзе ў розных галінах супрацоўніцтва адбылося адразу некалькі падзей, якія можна было б назваць знакавымі. У палітыцы — адкрылася амбасада Грузіі ў Менску (беларускай амбасады ў Тбілісі пакуль няма), у эканоміцы — Банк Грузіі купіў 70 працэнтаў акцыяў Беларускага народнага банку, у культуры — адбылася ўнікальная выстава твораў мастака Ніко Пірасмані, якія надзвычай рэдка пакідаюць Тбілісі, у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

Ці стане 2008 год сапраўды прарывам у беларуска-грузінскіх дачыненьнях, будзе ясна пазьней, калі Беларусь канчаткова адрэагуе на балючую для Грузіі праблему прызнаньня ці непрызнаньня незалежнасьці сэпаратысцкіх рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
XS
SM
MD
LG