Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жывеш на чужой зямлі — шануй чужыя законы і звычаі...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 3 верасьня 2008 году


Вайна на Каўказе, акупацыя Расеяй часткі грузінскай тэрыторыі, міжнародная рэакцыя на прызнаньне Масквой дзяржаўнай незалежнасьці сэпаратысцкіх грузінскіх правінцыяў — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — галоўная тэма нашай пошты першага тыдня восені.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў лічыць, што грамадзкая рэакцыя на каўкаскі крызіс у Беларусі — такая ж, як і ў Расеі. Спадар Марціновіч піша:

“Вайна Расеі і Грузіі ўмацуе ў Беларусі славяна-расейскі ўра-патрыятызм, як гэта ўжо здарылася ўласна ў Расеі. Бо беларусы — гэта не такая сфармаваная нацыя, як палякі, прыбалты альбо ўкраінцы. Такія настроі ў Беларусі — яўныя, іх добра бачна на абыватальскім узроўні ў 90 працэнтах выпадкаў.

Лукашэнку ў расейска-грузінскім канфлікце яўна пашанцавала. І Захаду цяпер не да яго, і Расеі ён спатрэбіўся. Адзінаму саюзьніку Расея ўрэшце зьнізіць цану на газ, а ў Захаду тым часам зьявіліся адносна яго новыя пляны і намеры. Там гатовыя зьмірыцца з Лукашэнкам, абы толькі расейская мяжа не пачыналася ў Берасьці.

А вось празаходнім нацдэмакратам ніяк не пашанцавала: 10 мільёнаў беларусаў, якіх яны хочуць бачыць эўрапейцамі, будуць злосна бурчаць на заходніх абаронцаў Саакашвілі.

Так, калі займацца дэмагогіяй, то і я згодны: нэаімпэрская Расея напала на сувэрэнную Грузію. Аднак варта памятаць найперш пра наш сэктар інтарэсаў. Масавы беларускі абываталь на працягу абедзьвюх чачэнскіх войнаў 90-х гадоў быў на баку палкоўніка Буданава, а зусім ня ў лягеры Джахара Дудаева”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Спрэчныя высновы, спадар Марціновіч. Падчас расейска-чачэнскага збройнага канфлікту большасьць беларусаў цешылася з таго, што ўпершыню за два стагодзьдзі на гэтую чужую вайну, якую вяла Расея, не давядзецца пасылаць сваіх дзяцей і ўнукаў. І тым больш мала хто сымпатызаваў такім, як расейскі афіцэр Буданаў, асуджаны за забойства чачэнскай дзяўчыны.

Зусім не адназначнае стаўленьне ў беларускім грамадзтве і да расейска-грузінскай вайны. Гэта відаць нават па тым, як гэты крызіс асьвятляецца ў беларускіх мэдыях (у тым ліку дзяржаўных) і як на яго рэагуе беларуская ўлада.

Міхаіл Мялешка зь вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” выказвае ўласнае разуменьне сутнасьці беларускіх выбараў, а таксама прычынаў і наступстваў вайны на Каўказе. Слухач піша:

“Многія калгасы ў раёне разваленыя, раскрадзеныя, а начальнікі, тым ня менш, прэтэндуюць на тое, каб іх абралі ў Палату прадстаўнікоў. І пралезуць жа... Гэтаксама, як пралазілі ў мінулыя гады.

...Людзі цяпер шмат гавораць пра падзеі на Каўказе. Я тут нядаўна трапіў у шпіталь. Разгаварыліся пра гэта з суседам па ложку, расейцам. Ён мне актыўна даводзіў, што Абхазія ды Асэтыя — ледзь не спрадвечныя расейскія землі, адышлі да Расеі яшчэ ў 18-м стагодзьдзі. А Грузія, маўляў, і абхазаў, і асэтынаў, і расейцаў крыўдзіць. Я яму кажу: “А вось калі я, беларус, гаспадар гэтай зямлі, накастыляю табе зараз, каб не наводзіў свае парадкі — дык ты што, будзеш клікаць на дапамогу расейскія войскі?” На гэта ён прамаўчаў.

Я так разумею: калі жывеш на чужой зямлі, дык павінен шанаваць чужыя законы і звычаі, мову. Вось у Нарвэгіі мой знаёмы ў лягеры для ўцекачоў зь іншых дзяржаў. Большасьць людзей стараюцца ўладкавацца на працу, вучаць нарвэскую мову, паводзяць сябе ціха. А ёсьць адна кампанія прыежджых з Расеі, дык яны працаваць ня хочуць, крадуць у такіх жа, як самі, уцекачоў, п’юць і нават схітрыліся ва ўмовах лягеру гнаць самагон. Каму з гаспадароў такое спадабаецца?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Мялешка зь вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёну.

Усё ж, спадар Мялешка, ня варта акцэнтаваць увагу на нацыянальнай прыналежнасьці хуліганаў, дэбашыраў ды злодзеяў. Што атрымліваецца, калі асуджаюць і перасьледуюць не за канкрэтную віну, не за ўчынкі, а за колер скуры, веравызнаньне ці мову, чалавецтва ўжо шмат разоў бачыла і жахалася ўласнага досьведу. Незалежна ад таго, дзе і калі гэта адбывалася: ці ў Беларусі падчас фашысцкай акупацыі, ці ў Босьніі ў 90-я гады, ці на Каўказе зусім нядаўна.

Пра новую палітычную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі пасьля вызваленьня палітвязьняў, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Лойка зь Менску. Слухач піша:

“Тое, што Аляксандар Казулін ды іншыя палітзьняволеныя зноў на свабодзе — знакавая і радасная падзея ў жыцьці нашай краіны. Гэта нараджае надзею на зьмены ў лепшы бок. Але ўсё ж адначасова ў душы застаецца і трывога. Ці ня здарыцца з толькі што вызваленымі палітыкамі тое ж, што здарылася з Генадзем Карпенкам, Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром, Зьмітром Завадзкім? Вядома, ня дай Бог, каб так адбылося. Генадзя Карпенку і Юрыя Захаранку я ведаў асабіста і добра ўсьведамляю, якая вялікая гэта страта для Беларусі.

Таму заклікаю ўсіх палітвязьняў быць гранічна пільнымі. Думайце і аналізуйце, з кім сустракацца, з кім можна выпіць кавы, а каму нельга давяраць. Цяпер такое жыцьцё, што ўсё можа здарыцца. Больш чым упэўнены, што ў апазыцыйным асяродзьдзі мноства асобаў, якія ўкараніліся сюды зусім ня дзеля таго, каб рабіць добрую справу”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Лойка зь Менску.

Калі б пасьля шэрагу палітычных зьнікненьняў канца 90-х гадоў не было такога вялікага грамадзкага розгаласу, калі б дэмакратычная апазыцыя не нагадвала ўвесь час — з году ў год і зь месяца ў месяц — пра гэтую праблему, калі б яна не трапляла ў парадак дня перамоў паміж беларускай уладай і Захадам — хто ведае, ці не працягвалася б тая паласа зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму і да сёньняшняга дня.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Фэлікс Шкірманкоў са Слаўгарада — свой ліст таксама напісаў пасьля таго, як даведаўся пра вызваленьне палітвязьняў. Слухач піша:

“Для мяне, як і для многіх іншых патрыётаў нашай Бацькаўшчыны, гэта была вялікая радасьць — вестка пра тое, што Аляксандар Казулін на свабодзе. Але адначасова вельмі засмуціла сытуацыя, якая склалася ў казулінскай партыі — Сацыял-дэмакратычнай Грамадзе. Пакуль Казулін пакутаваў у няволі, яго пераабралі, забралі пасаду кіраўніка партыі. Якая непрыстойнасьць!”

Далей у лісьце Фэлікса Шкірманкова ёсьць такія вершаваныя радкі, адрасаваныя тым, хто, на думку слухача, замінае зьяўленьню ў апазыцыі сьвежых маладых сілаў:

“Сыдзіце з дарогі для новае хвалі,
Гатовай бяз страху наперад ісьці.
Каб тое, што вы ў сваіх гульнях гублялі,
Падняць і да простых людзей данясьці...” — гэта была цытата зь верша ў лісьце Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада.

На заканчэньне —ліст ад Тацяны Барэль з Асіповічаў, якая паведамляе пра свае ўражаньні ад наведваньня адной са славутасьцяў Беларусі — возера Сьвіцязь. Слухачка піша:

“Вельмі хацелася паглядзець на гэты адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі. І вось 23 жніўня я ля Сьвіцязі. Сапраўды, вада ў ёй вельмі празрыстая, усё дно — як на далоні.

Але прыемныя ўражаньні адразу ж былі азмрочаныя засьмечаным узьбярэжжам, зламанымі масткамі. У вадзе бачныя мёртвыя рыбкі. Мне патлумачылі, што некаторыя ловяць рыбу так званымі “павукамі”, а злоўленую драбязу выкідаюць назад у ваду.

Ля возера нямала людзей нападпітку. Машыны на ўзьбярэжжы часьцей зь менскімі ды берасьцейскімі нумарамі. Бачыла, як хацелі тут адпачыць бацькі зь немаўляткам, але вымушаны былі паехаць шукаць іншае месца. Нідзе ніякай адміністрацыі, аховы. Прыбіральні ў ніякім стане.

Праблема — уладкавацца тут на начлег. Расчараваныя, хутка пакінулі возера і мы.

Баліць сэрца. Хочацца крычаць: “Беражыце нашу Зямлю, бо іншага месца для чалавека ў бліжэйшым Сусьвеце няма!”
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Тацяна Барэль з Асіповічаў.

Звычайна ў адказ на такія папрокі мясцовыя ўлады наракаюць на бедны бюджэт і на свае сьціплыя магчымасьці. Хоць якія грошы патрэбны дзеля таго, каб абсталяваць на беразе папулярнага сярод турыстаў возера месца для аўтамабільнага кемпінгу? Выдаткі акупіліся б за некалькі сэзонаў. Сям’я, прыехаўшы сюды на аўтамабілі, за невялікую плату атрымлівала б месца для намёта, доступ у душ і прыбіральню. Пры вялікім наплыве турыстаў праект гэты ў камэрцыйным сэнсе вельмі прывабны: у суседніх краінах — сотні падобных прыкладаў. Чыноўнікі ня здольныя арганізаваць гэта самі? Тады дастаткова даць на гэта дазвол прыватным прадпрымальнікам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG