Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 2 верасьня

У панядзелак у Брусэлі адбыўся саміт Эўразьвязу па пытаньні палітыкі Расеі на Каўказе. Як можна ацаніць рашэньні саміту? Ці стварае канфлікт паміж Расеяй і Захадам новыя пэрспэктывы для ўсходняй палітыкі Эўразьвязу? Як каўкаскі крызіс паўплывае на міжнароднае становішча Беларусі?

Удзельнікі: дактарант Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Богдан з Бону і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі зь Менску.

Як ацаніць рашэньне саміту ЭЗ па Расеі?

Валер Карбалевіч: “Ад саміту Эўразьвязу, які адбыўся ў панядзелак, чакалі важных рашэньняў. Шмат казалі пра санкцыі супраць Расеі за дзеяньні Масквы на Каўказе, пачатак новай “халоднай вайны”. Аднак падобна, што вынікі выявіліся сьціплымі. Адзіным практычным плёнам антырасейскіх настрояў у Эўропе стала рашэньне замарозіць перамовы наконт пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж ЭЗ і Расеяй. Як можна ацаніць рашэньне саміту ЭЗ па Расеі?”

Сяргей Богдан
Сяргей Богдан: “Хачу заўважыць, што такія перамовы замарожваліся ўжо двойчы, бо Польшча і Літва накладалі вэта. Таму сам гэты крок выглядае ня надта пераканаўчым. Прычым, як паведамляюць мэдыі, гэтае пагадненьне больш патрэбна ЭЗ, чым Расеі.

Дасюль сярод палітычнай эліты Захаду існавала недаацэнка гатоўнасьці Расеі да рашучага, нават гвалтоўнага вырашэньня пытаньняў. І саміт ЭЗ паказаў, як ён можа перафармулёўваць сваю палітыку. Створана агульная плятформа ЭЗ для фармаваньня новай палітыкі датычна Расеі і Ўсходу”.

На саміце было аформлена цывілізацыйнае разьмежаваньне

Віталь Сіліцкі: “Рашэньні саміту былі даволі прадказальныя. Бо нават у часы СССР эканамічнае супрацоўніцтва з Эўропай разьвівалася найперш у энэргетычнай сфэры. Гэты чыньнік вырас за прамінулыя 28 гадоў. Бо цяпер Расея — асноўны пастаўшчык нафты і газу ў Эўропу.

З аднаго боку, паміж Расеяй і ЭЗ існуе вялікая ўзаемазалежнасьць. Акрамя пытаньняў нафты, газу, інвэстыцыяў, існуюць і іншыя пытаньні. Напрыклад, дзе расейская эліта захоўвае свае капіталы, дзе вучацца іхнія дзеці? Таму рэзкага абмежаваньня сувязяў ніхто не чакаў. Прыпыненьне сяброўства Расеі ў Радзе Эўропы прывяло б да таго, што “недабітыя” расейскія праваабаронцы ўжо не змаглі б нікуды пісаць свае “кляўзы”.

Але зь іншага боку, на гэтым саміце было аформлена цывілізацыйнае разьмежаваньне паміж Расеяй і Эўропай. Дасюль палітыка ЭЗ у дачыненьні да Расеі будавалася на той пасылцы, што Расея будзе часткай эўрапейскай цывілізацыйнай супольнасьці. Цяпер стала ясна, што гэтага не адбудзецца. Расея вярнулася да войска і танкаў як інструмэнту замежнай палітыкі. А нафта і газ толькі дадаюцца да гэтага.

Усё гэта азначае, што супрацоўніцтва будзе іншым. Будзе менш супрацоўніцтва ў галіне трансфэру, тэхналёгій, інвэстыцый. Больш асьцярожнай стане энэргетычная палітыка. Пад пытаньнем праект “Паўднёвая плынь” і іншыя пытаньні”.

Новыя пэрспэктывы ўсходняй палітыкі ЭЗ

Карбалевіч: “Магчыма, адным зь непрагназавальных наступстваў каўкаскага крызісу стала большая ўвага аб’яднанай Эўропы да ўсходніх суседзяў. Эўропа зразумела, што значныя пагрозы і выклікі стабільнасьці на кантынэнце ідуць з усходу. Магчыма, гэты крызіс актуалізуе пытаньне пашырэньня на ўсход эўраатлянтычных арганізацый, напрыклад, уступленьня ў НАТО Грузіі і Украіны, уступленьня ў ЭЗ яго ўсходніх суседзяў.

У заяве саміту Эўразьвязу адзначаецца, што ЭЗ лічыць як ніколі раней неабходным падтрымаць рэгіянальнае супрацоўніцтва і ўмацаваць дачыненьні з усходнімі суседзямі ў рамках розных праграм. У прыватнасьці — у рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Ці надае гэты міжнародны крызіс новыя пэрспэктывы ўсходняй палітыцы ЭЗ?”

Богдан: “Гэты крызыс надасьць новыя імпульсы ўсходняй палітыцы ЭЗ. Дасюль у замежнай палітыцы ЭЗ дамінавалі такія краіны, як Італія, Францыя, Нямеччына, Іспанія, арыентаваныя больш на міжземнаморскую прастору. Прыярытэты замежнай палітыкі ЭЗ ляжалі не ва Ўсходняй Эўропе. Калі гаварылі пра Ўсход, то найперш гаворка ішла пра нафтагазавую праблему.

Цяпер, магчыма, занепакоенасьць новых сябраў ЭЗ з Усходняй Эўропы будзе лепш зразуметая краінамі Заходняй Эўропы. І гэта прывядзе да большай увагі да ўсходняй палітыкі ЭЗ”.

Акно магчымасьцяў

Віталь Сіліцкі
Сіліцкі: “У мяне ёсьць сумненьні наконт гэтага. Бо, па-першае, агрэсіўная палітыка Расеі (апошні раз такія дзеяньні ў рэгіёне адбываліся ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе) прымусіць да большай асьцярожнасьці як Заходнюю, так і Ўсходнюю Эўропу. Па-другое, для Заходняй Эўропы па-ранейшаму ключавымі будуць адносіны з Расеяй.

Цяпер ЭЗ будзе імкнуцца прадухіліць “эфэкт даміно” ад грузінскай вайны. Бо на парадку дня стаіць Прыднястроў’е, Крым. Зьявілася інфармацыя, што ў Крыме пачалася выдача расейскіх пашпартоў паводле асэтынскага варыянту.

Суседзі Расеі — ня самыя лепшыя мадэратары ў гэтым канфлікце. Краіны “старой Эўропы” могуць западозрыць, напрыклад, Польшчу, што яна з гістарычных прычын можа ўцягнуць ЭЗ у канфліктныя адносіны з Расеяй.

Магчыма, праз паўгода мы ўбачым рух і Расеі, і ЭЗ да нармалізацыі адносінаў, бо гэта непазьбежна. Таму што ёсьць узаемазалежнасьць.

А вось цяпер ёсьць акно магчымасьцей для разьвіцьця і пашырэньня ўсходняй палітыкі ЭЗ. І краіны, якія зацікаўленыя ў гэтым, павінны такі момант выкарыстоўваць. Трэба ствараць парадак дня, уплываць на грамадзкую думку, даводзіць, што актыўная палітыка “Ўсходняга партнэрства” ЭЗ неабходная для стабілізацыі рэгіёна”.

Беларусь і ЭЗ

Карбалевіч: “А як у гэтым новым раскладзе выглядае Беларусь? Цяпер афіцыйны Менск і ЭЗ робяць крокі насустрач адзін да аднаго. Магчыма, ніколі раней з 1996 году не было такога спрыяльнага моманту, каб палепшыць стасункі. Ці будзе ён скарыстаны? Як каўкаскі крызіс паўплывае на гэтыя дачыненьні — паскорыць іх ці затармозіць?

Магчыма, у зьвязку з абвастрэньнем дачыненьняў паміж Захадам і Расеяй ЭЗ больш ня будзе вылучаць на першы плян праблему дэмакратыі і правоў чалавека, а з геапалітычных меркаваньняў, каб адцягнуць Беларусь ад Масквы, пойдзе на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі?”

Богдан: “Гэты крызіс прывядзе да пераацэнкі палітыкі Расеі беларускай кіроўнай элітай. Думаю, ёй стане зразумелая ступень рашучасьці Расеі ў адстойваньні сваіх інтарэсаў. Могуць быць два варыянты разьвіцьця падзеяў.

Першы варыянт. Рэжым Лукашэнкі стане больш прарасейскім. Бо расейскія рэсурсы зьяўляюцца для яго жыцьцёва важнымі. Масква ня можа дапусьціць страты Беларусі і пойдзе дзеля гэтага на самыя рэзкія меры.

Другі варыянт. Лукашэнка прыме рашэньне пазбаўляцца ізаляцыі ад Захаду і паспрабуе зблізіцца з ЭЗ. Тады Масква можа зрабіць жорсткія захады. Перад Беларусьсю ўзьнікае момант ісьціны, пункт біфуркацыі, калі трэба прымаць рашэньне, у які бок рухацца.

Але для ЭЗ Беларусь трохі менш важная, чым для Расеі. Для расейскай палітычнай эліты Беларусь важная ня столькі ў ваенна-стратэгічным сэнсе, колькі ў эмацыйна-міталягічным.

Сіліцкі: “І на заходнім, і на расейскім фронце пачаўся нейкі рух. Але няма якаснай зьмены парамэтраў. Першай рэакцыяй афіцыйнага Менску на канфлікт паміж Расеяй і Захадам было імкненьне паставіць сваю геапалітычную ляяльнасьць на торг. І ў гэтым торгу, хутчэй за ўсё, пераможа Расея. Бо яна можа больш прапанаваць.

Новая сытуацыя выяўляецца ў тым, што магчымасьці для шантажу зьменшыліся. Раней афіцыйны Менск пужаў, што калі вы нам ня будзеце плаціць, то мы перабяжым на Захад. А цяпер Масква можа ўзяць гвалтам тое, за што раней плаціла.

Расеі цісьне на Беларусь дзеля прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Калі Лукашэнка гэта зробіць, то апынецца ў вачах міжнароднай супольнасьці ў статусе прэзыдэнтаў гэтых рэспублік Багапша і Какойты.

Каб не апынуцца ў такім статусе, Лукашэнку трэба неяк легітымізаваць сябе на міжнароднай арэне. І трэба шукаць нейкія іншыя варыянты, калі газ пойдзе па цане 250 даляраў. Трэба будзе шукаць нейкія інвэстыцыі, крэдыты, мяняць міжнародны імідж, рабіць лібэралізацыйныя крокі.

Расейская замежная палітыка будуецца на двух цыклах. Першы цыкл: “Трэба камусьці ўмазаць”. Другі цыкл: “Чаму нас ніхто ня любіць?” Цяпер мы знаходзімся ў першым цыкле. А вось калі пачнецца другі цыкл, то “маладому кракадзілу спатрэбяцца сябры”. І ў Лукашэнкі зьявіцца зноў акно магчымасьцяў, каб вярнуцца на старыя рэйкі”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG