Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьціслаў Лапіцкі – герой будучай Беларусі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя. Эфір 31 жніўня

1 верасьня споўнілася 80 гадоў зь дня народзінаў Расьціслава Лапіцкага – кіраўніка ды ідэоляга антыкамуністычнага падпольля на Мядзельшчыне й Смаргоншчыне (1948–1950). Засуджаны савецкім судом да найвышэйшай меры пакараньня, ён адмовіўся прыняць памілаваньне ад Вярхоўнага Савету БССР і быў расстраляны ва ўрочышчы Красны Беражок пад Вялейкай. Працяг тэмы – у гутарцы з гісторыкам Міхасём Чарняўскім.

Міхась Скобла: “Спадар Міхась, ваша першая публікацыя на гэтую тэму пад назвай “Расьціслаў Лапіцкі – з кагорты невядомых герояў” зьявілася яшчэ ў 1997 годзе ў газэце “Беларуская маладзёжная”. А калі вы ўвогуле ўпершыню пачулі гэтае прозьвішча?”

Міхась Чарняўскі
Міхась Чарняўскі: “Гэта было вельмі даўно, яшчэ ў 1951 годзе, калі я пайшоў у пятую клясу Мядзельскай школы. Аднойчы нам на ўрок батанікі прынесьлі цудоўныя малюнкі, намаляваныя на тыльным баку шпалеры каляровымі алоўкамі. Я трошкі захапляўся маляваньнем, і мне гэтыя малюнкі спадабаліся. А хто маляваў? І тут старшаклясьнікі, людзі больш спрактыкаваныя, патлумачылі, што аўтар малюнкаў – “наш Славік Лапіцкі, якога расстралялі за тое, што ён быў за Беларусь”. Гэтае паведамленьне, што нашага вучня “расстралялі за Беларусь”, мяне вельмі ўразіла.

Арганізацыя Лапіцкага была створаная на Мядзельшчынеў, у Мядзельскай школе, дастваралася яна ў Смаргоньскай школе. Яе ўдзельнікаў аб’ядноўваў антыкамунізм. Падкрэсьлю, што арганізатарам, ідэолягам і натхняльнікам падпольля быў Расціслаў Лапіцкі – асоба надзвычай моцная, нават геніяльная. Вакол яго гуртавалася пераважна школьная моладзь. Калі арганізацыю выкрылі, было асуджана ўсяго дзевятнаццаць чалавек. Двое, Расьціслаў Лапіцкі і Факунда Несьцяровіч, былі прыгавораныя да расстрэлу. Зянон, Аўгусьцін і Ганна Ахрамовічы, Восіп Блізьнюк, Анатоль Карней, Юзаф Качэрга, Эдуард Сташкевіч, Тадэвуш Хацілоўскі, Леакадзія і Часлаў Цыбоўскія, Тамара Юшкевіч – да дваццаці пяці гадоў зьняволеньня. Тацьцяна Юшкевіч, Канстанцін Іваноўскі, Зьбігнеў Пашкевіч, Марыя Барташэвіч былі асуджаныя да дзесяці гадоў няволі, Часлава Ашукоўская – да васьмі. Адзін з падпольшчыкаў, Генадзь Нафрановіч, падчас затрыманьня застрэліўся”.

Скобла: “Расьціслаў Лапіцкі – сын сьвятара, прытым сьвятара Расейскай праваслаўнай царквы. Звычайна, у такіх сем’ях цураюцца беларускасьці. Адкуль жа ў Расьціслава ўзяўся беларускі патрыятызм?”

Расьціслаў Лапіцкі

Чарняўскі: “Гэта загадка, хаця сьвятары, і ня толькі каталіцкія, працавалі ў міжваенны час на беларускай ніве. Я ня ведаю, ці мелі нешта патрыятычнае ў душы бацька і маці Расьціслава – матушка і айцец Аляксандар. Сястра Расьціслава Вольга расказвала мне, што яна аднойчы сказала бацькам, што трэба весьці царкоўную службу па-беларуску. Дык маці нават паўшчувала яе, маўляў, ты памыляесься, трэба весьці па-расейску... Як так атрымалася, я ня ведаю, але ўсе дзеці Лапіцкіх, на дзіва, вырасьлі нацыянальна сьвядомымі”.

Скобла: “А колькі ўсяго дзяцей было ў святара Лапіцкага?”

Чарняўскі: “Тры сыны і дачка”.

Скобла: “Камуністычная ўлада зачыняла цэрквы і касьцёлы. Расьціслаў Лапіцкі гэта бачыў, як бачыў і тое, якімі немагчымымі падаткамі савецкая ўлада абкладала сялянаў. Зразумела, адкуль паходзіць ягоны антыкамуністычны настрой. Але адкуль у душы дваццацігадовага хлопца, сына праваслаўнага сьвятара, такая антырасейская скіраванасьць і выказваньні накшталт: “Калі ты ведаеш, што хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю – спалі ніву”?”

Чарняўскі: “Відаць, “маскаль” – гэта панятак зборны. Словам гэтым магло абазначацца ўсё, што ішло з усходу, і з усходняй Беларусі, і з Расеі, усё, што несла ў Заходнюю Беларусь камунізм. Я ня думаю, што Расьціслаў Лапіцкі меў нейкія антырасейскія перакананьні. Ён, дарэчы, цудоўна валодаў расейскай мовай, ён нават пісаў вершы – і па-беларуску, і па-расейску. Добра валодаў ён і польскай мовай. Лапіцкі быў патрыётам Беларусі, але ў той жа час ня меў аніякіх фобіяў.

Хачу адзначыць, што ў адрозьненьне ад чальцоў Саюзу беларускіх патрыётаў, што дзейнічаў на Пастаўшчыне, ад чальцоў “Чайкі”, што існавала ў баранавіцка-слонімскім рэгіёне, арганізацыя Лапіцкага не была цалкам прабеларускай або прапольскай, хаця там былі і беларускія, і польскія патрыёты. Колішнія падпольшчыкі мне расказвалі, што яны абыходзілі нацыянальнае пытаньне. Яны былі антыкамуністамі, антысталінцамі, але не задаваліся пытаньнямі: “А што тут будзе – Беларусь ці Польшча пасьля перамогі над камунізмам?”. Яны мне падкрэсьлівалі, што нацыянальнае пытаньне магло іх разьяднаць. І яшчэ адзін момант. Калі я знаёміўся з былымі ўдзельнікамі беларускага нацыянальнага руху, то бачыў, што яны засталіся перакананымі беларускімі патрыётамі і сёньня, што яны паміж сабой вельмі цесна гуртуюцца і цяпер. А прыхільнікі антыкамуністычных рухаў трошкі адрозьніваюцца. Калі камунізм, як кажуць, ляснуў, то зьнікла нешта, што іх лучыла. Для іх іхняе падпольле – гэта проста падзея маладосьці, яны нават не падтрымоўваюць сувязі паміж сабой”.

Скобла: “Камунізм ці антыкамунізм – зьява часовая, а нацыянальная ідэя – вечная?”

Чарняўскі: “Так. Асабліва калі яна яшчэ ня вырашаная да канца”.

Скобла: “Поруч з Расьціславам Лапіцкім мне хочацца паставіць Янку Філістовіча й Цімоха Вострыкава, якія былі дэсантаваныя ў Беларусь з Заходняй Нямеччыны ў 1952 годзе. Яны верылі, яны ведалі, што неўзабаве халодная вайна перарасьце ў вайну сапраўдную, і яны проста рыхтуюць глебу для гэтага збройнага змаганьня з камунізмам. А на што спадзяваліся Лапіцкі з паплечнікамі?”

Чарняўскі: “Спадзяваліся на тое ж самае. Калі б не было халоднай вайны, палітычнага абвастрэньня, Бэрлінскага крызысу, калі б не чакалася трэцяя ўсясьветная, то і падпольле ня ўзьнікла б. Падчас Другой усясьветнай быў зьнішчаны фашызм, думалася, што ў выніку трэцяй будзе зьнішчаны і камунізм – вось што натхняла падпольшчыкаў, давала ім сілу, яны да гэтага рыхтаваліся. Удзельнікі мядзельска-смаргонскага падпольля ня толькі ўлёткі друкавалі і распаўсюджвалі. Яны зьбіралі ваенныя карты, зьбіралі зброю, плянавалі, як толькі пачнецца вайна, стварыць партызанскі атрад і пайсьці ў лес”.

Расьціслаў Лапіцкі (крайні зьлева ў трэцім шэрагу, у белай кашулі) з аднаклясьнікамі, настаўнікамі і бацькамі пасьля заканчэньня 7 клясы. Кабыльнік, 1947 год

Скобла: “Дык гэта не былі юначыя забаўкі, гульня ў кансьпірацыю, яны пры спрыяльных абставінах арганізавана маглі ўзяць у рукі зброю?”

Чарняўскі: “Менавіта. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты выйшлі з ваеннага часу, яны ўсе нюхалі порах, яны ўсе ўмелі страляць, маглі ўзарваць міну, кінуць гранату. Яны маральна і фізычна былі гатовыя да ўзброенай барацьбы”.

Скобла: “Расьціслава Лапіцкага і ягонага намесьніка па арганізацыі Факунду Несьцяровіча ваенны трыбунал Беларускай вайсковай акругі прыгаварыў да найвышэйшай меры пакараньня. “Самае дарагое ў чалавека – гэта жыцьцё”, –міжволі прыгадваюцца вядомыя словы аднаго савецкага клясыка. Чаму ўсё ж Лапіцкі катэгарычна адмовіўся ад памілаваньня?”

Чарняўскі: “Усе, хто яго ведаў, у адзін голас падкрэсьліваюць нянавісьць Лапіцкага да камунізму. Напэўна, ён настолькі ненавідзеў камуністаў, што папрасіць ў іх памілаваньня было ніжэй яго чалавечай годнасьці. І нават на судзе, калі яму далі апошняе слова, ён сказаў, што калі застанецца жыць, то будзе працягваць змагацца супраць камунізму ў любой кропцы зямнога шару. І калі Прэзыдыум Вярхоўнага Савету БССР памілаваў яго (бяз просьбы асуджанага), ён адмовіўся ад памілаваньня. Лапіцкага не хацелі і расстрэльваць, хоць і прысудзілі да растрэлу. Карным органам трэба было яго зламаць, каб ён папрасіў прабачэньня, пакаяўся. Зломлены герой – гэта ўжо не герой, ён ужо растаптаны. І таму двойчы з Масквы прыходзілі запыты: ці згадзіўся Лапіцкі на памілаваньне? Ім не патрэбны быў мёртвы герой, які застанецца ў беларускай сьвядомасьці на стагодзьдзі. І Лапіцкі, напэўна, сам гэта разумеў, і ён не пайшоў на гэтую зьдзелку коштам свайго жыцьця. І быў расстраляны ў ноч з 27 на 28 кастрычніка 1950 году ў лесе пад Вялейкай. Ён застаўся сапраўдным героем. Прызнаюся, я ня ведаю яму роўных у пасьляваенным антыкамуністычным супраціве на тэрыторыі Беларусі”.

Скобла: “Вы сталі дасьведчаным летапісцам мядзельска-смаргоньскага антыкамуністычнага падпольля. Вы апыталі і запісалі дзясяткі сьведак і ўдзельнікаў гэтага падпольля. Я заўважыў, што ў цяперашняй Беларусі старэйшыя людзі асьцерагаюцца гаварыць пра тое, пра што маўчалі ўсё жыцьцё. Як вам удалося ўвайсьці ў давер і столькі выпытаць – цэлы зборнік атрымаўся”.

Чарняўскі: “Давер быў дасягнуты не адразу. Я пачаў зьбіраць гэтыя ўспаміны недзе з 1992 году. Вядома ж, здараліся розныя сытуацыі. Некаторыя не хацелі гаварыць зусім, некаторыя казалі, што нічога не памятаюць, зь некаторымі даводзілася сустракацца па тры-чатыры, а то і па пяць разоў. Бывала, чалавек пачынае расказваць, я дастаю мікрафон – і ён адразу замаўкае. Паводле ўспамінаў, і на допытах у пяцідзесятыя гады яны дакладна так сябе паводзілі. Хачу тут зазначыць, што тыя колішнія падпольшчыкі, якія жылі і жывуць у Польшчы, у Літве, у Расеі, яны паводзіліся больш сьмела і расказвалі намнога больш, чым зь іх выбілі на допытах. І таго, што яны мне расказалі, няма ні ў пратаколах, ні ў шматтомавых судовых справах”.

З успамінаў Юзафа Качэргі (запісаных у чэрвені 2006 году ў Шчэціне):

“Пазнаёміўся я з Лапіцкім праз калегаў. Ён быў на адну клясу старэйшы. Гэта быў цікавы хлопец. Вельмі актыўны быў. Я быў у хоры, а ён у школе кіраваў хорам. Ён прыяжджаў на драўляным ровары, зробленым з калаўротаў. Слухаў радыё, перадачы Бі-Бі-Сі. Фатаграфаваў. Вельмі быў файны хлопец. Ён быў заўсёды супраць гэтай улады, супраць улады камуністаў. У камсамол заахвочвалі, а ён не ўступаў. Насіў значок з галавой сабакі. Казаў, што той пільнуе яго ад камуністычных сабачак.

Першы раз улёткі друкаваліся і распаўсюджваліся вясной 1948 году. Тэксты пісаў Расьціслаў Лапіцкі. Яны ўсе былі на беларускай мове. Мая цётка, калі была на працах у Францыі, выйграла там на лятарэю друкавальную машынку. Потым, як вярталася на Мядзельшчыну, прывезла і машынку. Спачатку Лапіцкі забраў машынку ў вёску Мікасецк і там друкаваў першыя ўлёткі. Тры разы. Але там небясьпечна было – суседзі маглі
пачуць стук машынкі. Таму рашылі гэтую працу прадоўжыць у Качаргох, на сядзібе маіх бацькоў. Тут ужо друкаваў я сам – дзьве сэрыі ўлётак, але кожная зь іншым тэкстам, складзеным Расьціславам. У Мікасецку Лапіцкі надрукаваў недзе з паўсотні ўлётак. I я ў Качаргох два разы прыкладна па 50 асобнікаў. Улёткі клеілі і раскідвалі – у Мядзелі і па вёсках. Распаўсюджвалі ўсе сябры нашай арганізацыі.


Юзаф Качэрга

I вось недзе ў лютым месяцы, позьнім вечарам, калі было ўжо цёмна, пастукаўся ў нашу хату Расьціслаў Лапіцкі. Быў вельмі замерзлы і змучаны. Расказаў мне, што яго шукаюць эмгэбісты, а ён ад іх хаваецца. Ад яго я даведаўся, што апошнюю партыю ўлётак яны распаўсюдзілі ў Смаргоні і ў навакольных вёсках напярэдадні Дня канстытуцыі, які прыпадаў на 5 сьнежня. Лапіцкі перахоўваўся ў нашым доме ўвесь наступны дзень. А як сьцямнела, зноў выбраўся ў дарогу. Сказаў, што пойдзе ў Кабыльнік, а да мяне яшчэ зойдзе. Але папярэдзіў таксама, каб быў гатовы і да таго, што нас могуць усіх выкрыць і арыштаваць.

А 10 лютага 1950 году на ўроку, было яшчэ да абеду, у нашую клясу прыйшоў міліцыянт і сказаў, што павінен даставіць мяне ў раённае аддзяленьне міліцыі (там было і МГБ). I павёў. Я ведаў ужо, што мяне арыштуюць. Потым перавезьлі ў Вялейскую турму, а тады ў Маладзечна, у турму каля вакзала. Везьлі ў "чорным воране", завязаўшы вочы і скруціўшы шнурком рукі за сьпіной. Назаўтра нанач, таксама з завязанымі вачмі і скручанымі рукамі, павезьлі ў турму ў Галянова. Там дапытвалі ў пакоі на другім паверсе. I гэтак амаль кожную ноч пяць месяцаў!

Калі ўбачылі, што ўпіраюся, перайшлі на лаянку, зьдзекі, біцьцё. Мне зламалі дзьве рабрыны, выбілі некалькі зубоў, білі пад рэбры, пад дых, па печані і нырках. Любілі катаваць буйнымі кроплямі халоднай вады на цемя. Прыціснуць цябе ў кут, а зьверху капае. У сьледчым пакоі было задушна, таму ад першых кропель ішоў прыемны халадок. Але пазьней адчуваньне было такое, як па галаве цяжкім молатам.

Аднаго разу прывялі на вочную стаўку Лапіцкага. Расьціслаў выглядаў зусім змарнелым, быў зьбіты, хворы, адмарожаныя блуканьнямі па зімовай Мядзельшчыне ногі былі закручаныя нейкімі анучамі. Мяне пасадзілі каля адной сьцяны, Лапіцкага – каля сьцяны насупраць. “Лапицкий тебе давал листовки? – Не. – А ты, Лапицкий, давал Качерге листовки? – Не.” Нічога той вочнай стаўкай ад нас не дабіліся.

I вось 20 ліпеня пачаўся суд, у Галянове, у нейкім вялікім будынку. Судзіла нас тройка афіцэраў. Не было ні пракурора, ні адвакатаў. Калі судзьдзі зачытвалі тэксты ўлётак, такія выразы, як "Сьмерць Сталіну", або "Сьмерць сталінскім шакалам" яны нават баяліся вымаўляць.

У апошні дзень падсудным далі магчымасьць выступіць. Апошнім гаварыў Расьціслаў Лапіцкі. Гаварыў доўга. Яго словы былі абвінавачаньнем камуністам і камунізму.
Адразу пасьля суду Лапіцкаму і Несьцяровічу, як прыгавораным да сьмяротнага пакараньня, зьвязалі рукі і вывелі з залы. Рэшце асуджаных рукі ўжо не зьвязвалі і вочы не завязвалі таксама. Затым амаль усіх пагрузілі ў "чорны воран" і завезьлі ў вялейскую турму. I неўзабаве павезьлі на ўсход, у канцлягеры.

I вось неяк восеньскай ноччу Расьціслава Лапіцкага і Факунду Несьцяровіча павезьлі ў падвялейскі лес. Падвялі да выкапанай ямы, паставілі побач. Зачыталі прысуд да расстрэлу Факусю. А затым тут жа абвясьцілі пастанову Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета СССР аб памілаваньні. Зачыталі такі ж прысуд да расстрэлу Расьціславу. Аднак рашэньне аб памілаваньні не абвяшчалі. А яно ж было і на Лапіцкага. Аднак той катэгарычна, яшчэ ў турме, адмовіўся ад няпрошанай ласкі. Грымнуў стрэл, і юнак упаў. Салдаты хутка закапалі яму...

Пра апошнія хвіліны жыцьця Расьціслава Лапіцкага мне расказаў сам Факунда Несьцяровіч, калі вярнуўся зь сыбірскіх канцлягераў”.


Скобла: “Спадар Міхась, ёсьць кніга Аляксандра Лукашука “Вяртаньне нацыяналіста” – пра Янку Філістовіча. Ёсьць кніга Сяргея Ярша і Алеся Горбача “Беларускі супраціў”, дзе ёсьць разьдзелы пра Міхала Вітушку. Сёлета зьявілася ваша кніга “Як пошуг маланкі” – пра Расьціслава Лапіцкага. Хто гэтыя людзі – змагары адзіночкі, фанатыкі беларускай нацыянальнай ідэі?”

Чарняўскі: “Гэта нам падаецца, што яны былі адзіночкамі, а насамрэч антыкамуністычны рух быў даволі масавым. Мы шмат чаго ня ведаем, дакумэнты схаваныя ў архівах. І як толькі як пачынаеш там капацца, вывуджваць нейкую інфармацыю, то аказваецца, што гэты рух быў намнога шырэйшым. Вось глядзіце: падчас калектывізацыі ў канцы 40-пачатку50-ых гадоў у Беларусі было адзінаццаць абласьцей. І штогод толькі абласныя суды праводзілі па сорак-пяцьдзесят палітычных працэсаў. Па рэспубліцы атрымліваецца каля паўтысячы працэсаў. Памножце на пяць гадоў – атрымаецца вельмі ўнушальная лічба. Проста мы пра гэта пакуль мала ведаем, гэтай гісторыяй амаль ніхто не займаецца. А калі архівы будуць адкрытыя, калі над гэтай тэмай будуць працаваць не адзіночкі – за кошт свайго часу і сваіх сродкаў, а дзяржаўная інстытуцыя чалавек на сотню, то адразу ўвідочніцца, які гэта быў масавы, глыбокі, ідэйны рух”.


Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG